Гісторыю народаў і спасцерагаю,
Што дзікі род людскі яшчэ ў глыбінях лесу
Злучаўся для супольных спраў і інтарэсу
І радзіўся. Так перш паўсталі рады.
Тады ўжо кожны для агульнае улады
Сваёй свабоды частку аддаваў памалу,
І так статут і права паўставала.
Дык бачым, што законы не прыйшлі ад Бога,
А ад саміх людзей залежыць вельмі многа.
Дык на кантракце абапёршыся народным,
Падзел улады стаў з'яўляцца неабходным..."
"Няхай кантракт народны! Кіеўскі ці Мінскі,-
Сказаў стары Мацей,- няхай урад бабінскі!
Пан Бухман, Бог нам царскую ўдружыў уладу
Ці чорт, не дойдзем зараз з вамі мы да ладу.
Вось лепей, як цара пазбыцца, дайце раду".
"Вось загваздка,- сказаў Крапіцель,- каб так скокнуць
Крапілам да прастола і цара раз "кокнуць",
То ўжо ні Кіеўскім ён не вярнуўся б трактам,
Ні Мінскім, і ніякім Бухманскім кантрактам,
І ўваскрасіць яго ўжо сілы б не хапіла
Ні ў чорта, ні ў папоў. Дык хай жыве Крапіла!
Гаворыш ты, пан Бухман, гладка, безумоўна,
Ды гэта ўсё шум-друм. Крапіць трэ', пан шаноўны!"
"Во, во!- ускрыкнуў задаволены Брытэўка,
К Хрысціцелю ад Мацька скачучы, як цэўка,
У кросны закіданая - той самай сцежкай,-
Адно ты, Мацек, з Розгай, ты, Мацей, з даўбешкай,
Адно згадзіцеся, дальбог наробім сечкі
З маскалёў. Брытва пад каманду йдзе Рузэчкі!"
"Каманда,- зноў сказаў Хрысціцель,- на парадзе
Патрэбная, а ў нашай Ковенскай брыгадзе
Была кароткая: палохай, сам не бойся,
Бі, не давайся, наступай, сячы прыстройся:
Шах-мах!" "Во, во!- зноў Брытва піснуў,- во, як міла!
Нашто тут акты нам складаць, псаваць чарніла?
Канфедэрацыі нам трэ'? За гэта спрэчка?
Дык вось - маршалак! Наш Мацей з жазлом Рузэчкай!"
"Няхай жыве Мацей!" - крычаў Хрысціцель,
А шляхта крыкнула: "Няхай жыве Крапіцель!"
Ды па кутах пачуўся шум нездавальнення,
Відаць, што ў радзе пачалося раздваенне.
Тут Бухман крыкнуў: "Згоды я не пахваляю
Ніяк!" А хтосьці закрычаў: "Не дазваляю!"
Другія ім падтакваюць. У той час груба
Басіць пачаў прыбыўшы толькі што Скалуба:
"Што ж вы, паны Дабрынскія? У чым тут справа?
Ці вы не ўздумалі нас вылучыць з-пад права?
Калі наказ нам далі сённяшняга ранку,
А прыязджаў у наш засценак сам Мапанку,
Рубайла Ключнік, то казалі, што ўсю гэту
Нараду склікалі для цэлага павету,
Што справа не адных Дабрынскіх закранае.
Прагаварыўся ж Робак, бо ён болей знае,
Чым кажа, але, зводзячы канцы з канцамі,
Мы - тут, суседзяў павядоміўшы ганцамі.
Вы не адны, паны Дабрынскія, нарэшце,
З другіх засценкаў многа - чалавек мо дзвесце,
Дык радзьма ўсе. Калі маршалка выбіраем,
Дык галасуйма. Ўсе аднакі голас маем!
І роўнасць хай жыве!"
I тут два Тараевічы,
Чатыры Стыпулкоўскіх і тры Міцкевічы
Ускрыкнулі: "Няхай жыве!" А за Скалубам
Крычаць пачаў зноў Бухман: "Згода будзе згубай!"
Крапіцель надрываўся: "Выберам і самі!
Няхай жыве маршалак - Мацек над Мацькамі!"
Дабрынскія крычалі: "Мацька запрашаем!"
А ўсе прыезджыя крычаць: "Не дазваляем!"
І гэтак раздзяліўся збор на дзве паловы,
Крычыць усхвалявана натаўп шматгаловы:
"Не дазваляем!" тут і "Просім!" там візгліва.
Адзін стары Мацей сядзеў яіпчэ маўкліва,
І ён адзін не рухаўся, не хваляваўся.
Хрысціцель перад ім на доўбні успіраўся
І галавой паверх яе круціў, нібыта
Вялікім гарбузом, на доўгі кій узбітым,
Папераменна ўперад, то назад ківаўся:
"Крапіць! Крапіць!"- крычаў і ажно надрываўся
Тым часам Брьггва штораз падбягаў рухавы
То да Хрысціцеля, то да Мацея лавы,
А Конаўка змірыць усіх шукаў нагоды:
Хадзіў між групамі і заклікаў да згоды.
У памяшканні ўсё "Крапіць!", "Галіць!" гудзела.
Мацей маўчаў, ды ўжо, відаць, яму дадзела.
І вось паверх галоў у зборышчы кіпучым
Пад бэльку шугануў слуп светлы і бліскучы.
Быў гэта меч, узняты моцнай даланёю,
Двухсечны, ў пядзь шырокі, ў сажань даўжынёю,
Відаць, яшчэ тэўтонскі з нюранбергскай сталі.
Заціхлі ўсе, на зброю моўчкі пазіралі.
Хто ўзняў яе, не ўбачыш, ды згадалі зразу:
"Сцізорык! - закрычалі, быццам бы з наказу.-
Няхай жыве Сцізорык!" "Хай жыве Мапанку!
Рубайла! Шчэрбец!" - нёсся крык без перастанку.
Гервазы (ён быў гэта) ўміг натоўп расціснуў,
К сярэдзіне пралез, Сцізорыкам зноў бліснуў
I, вастрыё схіліўшы ўніз, сказаў: "Мой пане,
Сцізорык Розачцы прыносіць прывітанне!
Браты Дабрынскія! Прыбыў я не спрачацца,
А расказаць, чаму прымусіў вас сабрацца,
А што і як рабіць, рашайце ўжо вы самі.