Выбрать главу

Вайна ж, калі і будзе, хіба аж вясною.

Ну я скажу: чакайце! Двор Суддзі Сапліцы -

Не будка крамніка, што можа ў воз змясціцца

І з'ехаць. Двор стаяў, стаяць і далей будзе.

Суддзя не арандатар, і ўсе знаюць людзі,

Што не ўцячэ, яго вы знойдзеце й налета,

Дьж кіньце лепш, і хай заціхне справа гэта,

І аб гавораным тут раджу ўсім забыцца.

I, калі ласка, ўсіх прашу паклапаціцца

Зайсці ў карчму. Сынка мне Сора нарадзіла,

Я ўсіх частую, будзе музыка на дзіва,-

Заграем на басэтлі, скрыпках і на дудзе.

І мёд стары, які пан Мацек любіць, будзе,

Ну і мазуркі; маю новыя мазуркі

І файн спяваць свае я вывучыў бахуркі".

Прамова Янкеля, якога ўсе любілі,

У сэрцы трапіла сабраным той жа хвілі,

І шум вясёлы на двары на'т разгарнуўся.

Ды тут Гервазы к Янкелю з мячом рвануўся,

Той скокнуў з лавы. Ключнік крыкнуў: "Вон, жыдзішча!

Не сунь у дзверы пальцаў! Тут табе не йгрышча!

Пан Прусак! Калі пан Суддзёваю гандлюеш

Віцінаў паркай, дык яго вось як малюеш!

Ты помніш добра і павінен нам прызнацца,

Што бацька твой сплаўляў Гарэшкавых аж дваццаць

І што нажыўся ён з усімі сваякамі.

Стуль нажываліся Дабрынскія вякамі.

Старыя могуць голасам пацвердзіць згодным,

Што Стольнік быў для шляхты проста бацькам родным.

Хто камісарыў у яго маёнтках пінскіх?

Дабрынскі! Пісарамі браў каго? Дабрынскіх!

Буфета ў замку не даверыў ён нікому

Апроч Дабрынскіх. Меў Дабрынскіх поўна ўдому!

Ён падтрымоўваў вашы ў трыбуналах справы,

У караля выпрошваў хлеб для вас ласкавы

І копам вашай дзетвары даваў асвету

Ва ўсіх піярскіх школах нашага павету.

Дарослым памагаў у людзі, ў свет прабіцца.

Пра гэткага суседа грэх, браты, забыцца!

А сёння ваш сусед Сапліца робіць многа

Для вашага дабра? Скажыце мне!"

"Нічога!-

Падтакнуў Конаўка.- Я помню тую пору,

Як ён быў гол, а зараз нос дзярэ ўжо ўгору

І дзьмецца: пху, пху, пху! Паклікаў на вяселле,

Паю, а ён не п'е. "Я не магу,- мне меле,-

Так многа піць, як вы, без меры і граніцы".

Вось далікацік з марымонцкае мучыцы!

Не піў, мы ў горла ліць, ён зазлаваўся дужа.

Чакай, я з Конаўкі налью табе, мой дружа!"

"О ёсць,- сказаў Хрысціцель,- і ў мяне прычына

Яго крапіць. Мой сын разумны быў хлапчына,

А зараз, па віне Суддзі, мой небарака

Так адурэў, што ўсе яго зваць сталі Сакам.

Казаў яму: "Чаго ты прэшся ў Сапліцова?

Калі заловяць, лазня будзе там гатова!"

А ён ізноў - да Зосі цераз луг, каноплі.

Злавіў яго, давай драць вушы, сыпаць кроплі;

Ён плача і крычыць: "Як, тата, ты б не біўся,

Туды ісці я мушу". Тут я разгубіўся:

"Ды што з табой?" "Я,- кажа,- ў Зосю улюбіўся!"

Ён хоча глянуць на яе! Вось небарака!

Кажу Суддзі: "Аддай, пан, Зосю нам за Сака!"

Ён кажа: "Замалая, пачакай тры годы,

І як сама захоча!" Лотра! Жджэ нагоды

Аддаць другому. Вось як скокну на вяселле

Ды крапяну сваім Крапілам па пасцелі!.."

"I гэты лотра,- ўскрыкнуў Ключнік,- тут пануе

І вось паноў даўнейшых грабіць і руйнуе!

Ці ж так Гарэшкаў памяць і імя ўжо згіне?

А дзе ж удзячнасць? Мо няма яе ў Дабрыне!

Браты! Вы ж з царскай сілай думалі змагацца,

А тут Сапліцы раптам пачалі баяцца!

Страх вам турмы? Браты! Ды я ж стаю пры праве!

Я вас не клічу на разбой! У гэтай справе

Ужо выйграў Граф, дэкрэтаў мае ён нямала,

Адно іх выканаць! Заўсёды так бывала -

Дэкрэты трыбуналаў шляхта спаганяла,

А перш за ўсіх Дабрынскія, дык вось і стала

Расці ў вас слава. Бо, Дабрынскія, вы ж самі

Ў наездзе Мыскім ваявалі з маскалямі.

Прывёў іх генерал расейскі Вайніловіч

І лотра, друг яго, Воўк з вёскі Лугамовіч,

Вы ж помніце, як Воўка мы ў палон узялі

І як на бэльцы ў пуні вешаць ужо сталі

За тое, што сялян душыў, Маскве прадаўся.

Жывым тады праз літасць мужыкоў застаўся

(З маім Сцізорыкам аднак не размінецца).

Наездаў гэтулькі ўжо мне не давядзецца

Адбыць, з якіх выходзілі мы са здабычай

І славай, як шляхоцкі патрабуе звычай!

Ды што пра тое ўспамінаць! Пан Граф дэкрэты

Ўсё вырабляе, судзіцца за замак гэты,

А з вас ніхто не спачувае адзіноце

Яго і, з ласкі ворага, яго згрызоце.

Няма ў яго сяброў, апроч мяне, нікога

І вернага майго Сцізорыка старога!"

"Ну і Крапіла,- тут Хрысціцель адазваўся,-

Дзе ты, там я - плясь, плясь! Адзін ты не застаўся,

Што два, то два. Дальбог, ты маеш меч, Гервазы,

А я Крапіла. Будзем чысціць ад заразы

Вакол: шах-шах, плясь-плясь! Яны няхай гамоняць".

"Браты ж мо Бартка,- ўткнуўся Брытва,- не прагоняць;