Выбрать главу

Што вы намыліце, то Брытва зголіць чыста".

Я з вамі,- Конаўка прамовіў урачыста.-

Калі яны ніяк не выберуць маршалка,

Нашто мне галасы ці галкі? Во дзе галка

(Тут выняў з кішані са звонам куляў жменю).

Вось галкі! Ўсе аддам Сапліцаў пакаленню!"

"I мы,- Скалуба крыкнуў,- пойдзем разам з вамі!"

"I мы ўсе!- шляхта крыкнула.- мы з братамі!

Рубайла хай жыве! Гайда граміць Сапліцу!"

І ўсіх пераканаў Гервазы ў мове гладкі,

Бо кожны меў з Суддзём якіясь непаладкі,

Як часта у суседстве: то за шкоду ў полі,

То за парубку, то за межы, а найболей

Іх зайздрасць, што Суддзя багаты, падбівала.

Так пачуццё нянавісці ўсіх аб'яднала.

Вакол Гервазага падняўся гоман бурны,

Ўзняліся шаблі, палкі...

Мацек моўчкі хмурны

Падняўся з лавы і, зрабіўшы два-тры крокі

К сярэдзіне святліцы, рукі ўзяў у бокі.

Тут, глянуўшы вакол з дакорам і сурова,

Паволі вымаўляць пачаў за словам слова,

З прыпынкамі, з прыціскам: "Дурні вы, дурніцы!

Дык дурні ж вы! Мука камусьці, вам - кастрыца!

Пакуль вялася аб радзіме тут нарада

І аб агульных справах, дык вам, дурні,- звада,

Што нельга ні падумаць, ні дагаварыцца.

Замест парадку, ладу, дурні, вы - сварыцца!..

А хай за дробязь помсты здарыцца нагода

Вам, дурні, дык адразу лад у вас і згода!

Вон з хаты! Бо я, Мацек, вас... да міліёнаў

І тысяч тысячаў фур, бочак і фургонаў

Чарцей!!!.."

Заціхлі ўсе, як ляснутыя громам.

Ды раптам гоман, крык падняўся дзесь за домам:

"Ура! пан Граф!" Ён ўз'язджаў на двор Мацееў

Узброены і збройных дзесяць з ім жакеяў.

Пад Графам добры конь, і выгляд Графа панскі:

На ім плашч колеру гарэха, італьянскі,

Шырокі, без рукаў, як быццам пакрывала,

Што цераз плечы стройна долу ападала.

Пяро на капялюшыку тырчэла ззаду.

Крутнуўся Граф і шпагай прывітаў нараду.

"Ура! пан Граф!- ускрыкнулі,- з ім жыць, змагацца!"

Тут з хаты сталі ўсе праз вокны прыглядацца

І ўслед за Ключнікам на выхад прабірацца.

Гервазы выйшаў, сход за ім услед таўпіўся.

А Мацек, выгнаўшы апошніх, зашчапіўся

I, глянуўшы ў акно, сказаў: "Дурніцы!"

Тым часам шляхта каля Графа мітусіцца,

І ўсе ў карчму ідуць. Гервазага наказу

Тры вяжуць паясы ад кунтушаў і зразу

На іх са склепа цягнуць бочкі для народу:

Гарэлкі бочку, бочку піва, бочку мёда.

Вымаюць шпунты, з шумам рвуцца тры крыніцы:

Адна гарыць агнём, другая серабрыцца,

Жаўцее трэцяя - вясёлкаю іграюць

І звонка ў розных сто начынняў ападаюць.

І шляхта з Графам п'е, балюе, весяліцца,

Ўзнімае тосты і крычыць: "Граміць Сапліцаў!"

А Янкель вышмыгнуў цішком. Таксама

Хацеў зрабіць і Прус, ён быў ужо за брамай,

Ды шляхта згледзела і - ў крык, што здрадзіў.

Міцкевіч аддзяліўся, не крычаў, не радзіў,

Але відаць па міне, што задумаў штосьці,

Дык з шаблямі - к яму! Ён ад усіх у злосці

Бароніцца, ўжо ранены, прыпёрты к плоту,

Ды за яго ўступіўся Зан і тры Чачоты.

Разнялі хутка ўсіх, ды ў часе той разрухі

Двух ранілі ў руку, адзін дастаў па вуху.

Сядаць на коней пачалі.

Граф і Гервазы

Наводзяць лад, узбройваюць, даюць наказы.

Нарэшце хваляй, што не ў сілах запыніцца,

Ўсе скачуць з крыкамі: "Гайда граміць Сапліцаў!"

Кніга восьмая. Наезд

Змест : Астраномія Войскага. Заўвагі Падкаморага пра каметы. Таямнічая сцэна ў пакоі Суддзі. Тадэвуш, жадаючы спрытна выблытацца, трапляе ў вялікія клопаты. Новая Дыдона. Наезд. Апошні пратэст Вознага. Граф заваёўвае Сапліцова. Штурм і разня. Віначэрп Гервазы. Баль пасля наезду.

Маўклівы, ціхі час бывае перад бурай,

Калі на небе хмара ўздыбіцца панура,

На месцы стане, змусіць ветры запыніцца

І свет пачне абводзіць вокам бліскавіцаў,

Каб вызначыць, куды прарвацца можна з громам,-

Зацішак гэткі быў над Сапліцоўскім домам.

Як быццам прадчуванняў жудасных цяжары

Самкнулі вусны ўсім, цягнулі ўсіх на мары.

Пасля вячэры сам Суддзя і госці са святліцаў

На двор выходзяць пагуляць, ахаладзіцца.

Расселіся па прызбах, высланых травою,

Але ўсе сумныя сягоння, без настрою

Глядзяць на неба, што як быццам прыбліжацца,

Цясніцца стала, да зямлі збліжацца

І разам з ёю пад заслонай змроку цёмнай,

Як закаханыя, ўжо шэпчуцца таёмна,

Свае пачуцці выражаючы ва ўздыхах,

У шэптах, шумах, словах здушаных і ціхіх,

Якія твораць вечара канцэрт вялікі.

Вось з-пад страхі пранесліся начніцы крыкі,

Шапнулі лёгкім крыллем кажаны ў палёце