Што йшла, вышэйшая за лес, паходкай жвавай
І хусткаю размахвала вакол крывавай.
Цівун казаў пра гэта, стоячы пры плоце,
Прынёсшы справаздачы пану аб рабоце.
Шаптаў аб тым і пісар нешта аканому.
Ды Падкаморы, што сядзеў на прызбе дому,
Спыніў размовы, захацеў сам мовіць штосьці,
Бо табакеркі бляск заўважылі ўсе госці
(Яна ўся з золата, з брыльянтамі аправа,
Ўнутры яе партрэт манарха Станіслава),
Дык пазваніў па ёй, нюхнуў і мовіў: "Пане
Тадэвуш, ваша гэтае апавяданне
Пра зоркі, толькі рэха чутага у школе,
А прасцякі пра цуды ведаюць шмат болей.
І я вучыўся астраноміі ці мала
У Вільні, дзе Пузыніна ахвяравала
Даход з сяла свайго у дзвесце душ халопаў
На закуп розных шкел і тэлескопаў.
Ксёндз Пачабут быў астраномам там год колькі
І рэктарам у акадэміі, ды толькі
З той кафедрай чамусьці хутка разлучыўся
І зноў у келлі манастырскай зачыніўся,
Дзе і памёр. Знаёмы мне і пан Снядэцкі,
Разумны вельмі чалавек быў, хоць і свецкі.
Дык вось жа астраномы гэтак на камету
Глядзяць, як нашыя мяшчане на карэту;
Вядома ім, што скіравалася ў сталіцу
Ці выязджае з горада дзесь за граніцу,
А хто ў ёй ехаў і пра што там размаўлялі,
Ці пасланца з вайной, ці з мірам пасылалі,
Таго не знаюць. У мае, я помню часы,
Калі Бранецкі ехаў у карэце ў Яссы,
То ўслед цягнуўся за ганебнай той карэтай
Таргавічанаў хвост, як тут вось за каметай.
Народ, хоць не мяшаўся ў панскія нарады,\
Згадаў адразу, што той хвост быў знакам здрады.
Чуваць, мятлы імя ён гэтай даў камеце
І кажа, што мільён яна загорне ў смецце".
Тады сказаў з паклонам Войскі: "Праўда гэта,
Пан Падкаморы, мне напомніла камета,
Што ў нас расказвалі і, на астатак,
Што бачыў сам тады, як меў гадоў з дзесятак.
Панцэрнага палка паручнік, пан Сапега
Спыніўся, помню я, у нас дзеля начлега,
Той самы, што пасля быў маршалам дзяржаўным,
А потым канцлерам Літвы дагэтуль слаўным,
Ён жыў сто дзесяць год; пад Вену ў часы Яна
Хадзіў ён з войскам Ябланоўскага, гетмана.
Вось ён расказваў нам, што перад тою справай,
Якую Ян закончыў з гэтакаю славай,
Калі сам нунцый выпраўляў яго ў дарогу,
А пасланец аўстрыйскі цалаваў у ногу,
Як стрэмя падаваў (пасол граф Вільчэк зваўся):
"Што гэта робіцца?"- кароль спытаўся.
Глядзяць, аж над галовамі ляціць камета
Тым шляхам, дзе ступала войска Магамета,
З усходу ды на захад. І ксёндз Бартахоўскі
У панегірыку на той трыумф кракоўскі,
Пад назвай "Orientis Fulmen", піша многа
Аб той камеце. Ды чытаў я апроч тога
Ў "Яніне" - кніжцы, дзе разгледжана старанна
Кампанія уся - паход пад Вену Яна.
Там намалёваны і сцягі Магамета,
I гэткая ж, як бачым мы цяпер, камета".
"Амінь,- сказаў Судцзя,- я варажбу вашэці
Прымаю. Хай з зарой к нам з'явіцца Ян Трэці!
На захадзе вялікі ёсць герой, быць можа,
Ён за каметай прыйдзе к нам. Дай гэта, Божа!"
На гэта мовіў Войскі голасам спакойным:
"Камета часам спрэчкі значыць, часам войны.
Не добра, што стаіць яна над Сапліцовам,
Бо, можа, нашым пагражае што галовам.
Учора спрэчак, звад у нас бьгао даволі
Спярша на паляванні, потым у застоллі.
Пан Рэент паспрачаўся з Асасорам зрання,
А вечарам ізноў паўстала замяшанне:
Прыйшлося за мядзведзя скуру пасварыцца.
Я ведаю, што змусіў бы іх памірыцца,
Калі б не трэ' было з расказам запыніцца.
Хацеў я расказаць выпадак вам цікавы,
Падобны да падзеі з нашае аблавы,
Што здарыўся з людзьмі не так далёкіх часаў,
Райтанам і нямецкім князем фон Дынасаў.
Выпадак быў такі:
Пан генерал падольскіх
Зямель, праездам да сваіх маёнткаў польскіх
Ці, можа, едучы на сейм які ў Варшаву,
Дарогай к шляхце заязджаў, то на забаву,
То так - ддя папулярнасці. Прыбыў і к пану,
Цяпер ужо святое памяці, Райтану,
Які пазней паслом наваградскім з'яўляўся,
Той, у якога я з маленства гадаваўся.
З прычыны гасцявання князя генерала
Райтан зазваў гасцей. Іх прыбыло нямала.
Быў і тэатр (князь генерал любіў тэатры);
Дык феерверк даў Кашыц, што жыве у Ятры,
Танцораў Тызенгаўз прыслаў. Агінскі даў музыкаў,
А Солтан дзятлаўскі капэлію паклікаў.
Наладжаны былі шыкоўныя забавы
Ў двары, а па лясах вялікія аблавы.
Вядома кожнаму, не толькі самым блізкім,
Што хоць яны з крыві Ягайлаў, Чартарьгскім
З вякоў не вельмі да спадобы паляванне -
Не тое, каб з ляноты, а ад выхавання
I ад замежных густаў. Дык і генерала
Больш кніга, чым сабакі і лясы, займала,