Хто з кіем, хто са стрэльбай, біцца ўсе гатовы.
А Войскі, стоячы паводдаль трохі збоку,
Меў нож у рукаве, а пана Графа ў воку.
Хацелі біцца, ды Суддзя тут перашкодзіў:
Дарма змагацца - новы вораг надыходзіў.
У вольхах бліснула, і стрэл раздаўся. Потым
Загрукаў мост ад конскіх ног за паваротам.
"Граміць Сапліцу!"- сотня галасоў раўнула.
"Гервазы там! "- у галаве Суддзі мільгнула.
"Нічога,- Граф сказаў,- нас будзе зараз болей,
Здавайцеся, Суддзя, лепш зразу мне ў няволю!"
Надбег Асэсар з крыкам: "Арышт за знявагу!
У імя імператара, аддай, Граф, шпагу,
А не - ваенную паклічу дапамогу!
Я арыштую вас! Бо хто зайшоў дарогу
Ці ўночы нападае, вінен, згодна ўказу
Ад..." Граф ударыў плазам цераз твар, і зразу
Асэсар моўчкі бухнуўся ў траву з ног збіты.
Ўсе думалі, што ранен быў ці мо забіты.
"Відаць,- сказаў Суддзя,- забойства пачалося!"
Завойкалі кругом, а больш за іншых Зося:
Яна дала, Суддзю абняўшы, крыкам волю,
Нібы яе жыды іголкамі паролі.
Тым часам Талімэна ўбегла паміж коней
І к Графу заламаныя ўзняла далоні.
"На гонар твой!- ускрыкнула ад слёз жалосна,
З распушчанай касою, выгнутая млосна,-
На ўсё святое, што ў душы і сэрцы носяць!
Ці ж нам адмовіце, пан Граф? Вас дамы просяць.
Бязлітасны, перш нас забі рукою ўласнай!"
І тут, самлеўшы, ўпала. Скочыў Граф к няшчаснай,
Задзіўлены, збянтэжаны такою сцэнай.
"Ах, панна Зося,- мовіў,- пані Талімэна!
Крывёй бяззбройных я не спляміў рук ніколі.
Сапліцы, слухайце! Вы ўсе ў мяне ў няволі.
Вось так зрабіў я і ў Італіі далёкай,
Між гор Сіцыліі ля скал Бірбанта-рокка:
Заняўшы лагер банды, збройных мы пабілі,
Бяззбройных жа ў палон адразу захапілі.
Яны трыумф мой упрыгожылі прыкметна,
Пасля павесілі мы іх ля спускаў з Этны".
Шчасліва здарылася для сям'і Сапліцаў,
Што Граф на лепшых конях змог паклапаціцца,
Каб першаму прыбыць, бо рэшта шляхты ў пыле
Цягнулася за ім не бліжай як за мілю.
Атрад жакеяў, што скакаў за ім па-парна,
Адзінкай быў у значнай меры рэгулярнай,
А шляхта рухалася так, як хто захоча,
Была яна натоўпам вешаць, біць ахвочым.
Граф часу меў даволі, каб абдумаць справы
І бой правесці так, каб быў ён бескрывавы,-
Загадвае у доме зачыніць Сапліцаў,
І ля дзвярэй з жакеяў варце размясціцца.
Аж "Гэй, граміць Сапліцаў!"- рвецца шляхта бурна,
Двор вокал акружае і займае штурмам,
Бо правадыр забраны, войска паўцякала,
Ды шляхта ўсё йшчэ ў злосці ворага шукала.
Не ўпушчаныя ў двор, бягуць на фаліварак,
У кухню. Толькі ўскочылі, а тут пах скварак,
Агонь прытушаны і стравы водар свежы
Ды від сабак, што дагрызалі рэшткі ежы,
Мяняе думкі ўсіх, бярэ за сэрцы дзесьці,
Гнеў студзіць і распальвае патрэбу есці.
Нарадай стомленыя, доўгаю яздою,
"Гэй, есці!"-згоднай закрычалі грамадою.
А там зноў "піць" пачуўся вокліч, і нарэшце
Крычаць два хоры: тыя - "піць!" а тыя - "есці!"
І голас рэхам рвецца, а куды даходзіць,
Аскому ў вуснах, голад нестрыманы родзіць.
На даны з кухні знак, забыта ўміг змаганне,
І армія ідзе на фуражыраванне.
У дзверы да Суддзі Гервазы рваўся ўпарты,
Ды мусіў адступіць, стрыманы графскай вартай.
А як адпомсціць зброяй стала немагчыма,
Успомніў пра нашэсця мэты і прычыны.
Як чалавек практычны, даў сабе заданне
Легальна і фармальна ўвесці ва ўладанне
Сягоння Графа. Вознага вакол шукае,
Ўканцы з дзіры якойсь яго вывалакае,
Схапіўшы за каўнер, і цягне ўміг на людзі.
Там, вастрыё Сцізорыка упёршы ў грудзі,
Гаворыць: "Граф вас просіць, паважаны пане,
Зрабіць аб'яву - хай усім вядомым стане,
Што Графу пераходзіць замак, двор Сапліцы
І ўся зямля яго па ўсе яе граніцы,
Як ёсць, cum gais,boris et graniciebus
К metonibus, skultetis et omnibus rebus
Et guibusdam aliis. Так брашы, як знаеш,
Не прапускай нічога!" "Пан жа розум маеш,
Пан Ключнік,- смела адазваўся ўжо Пратазы,-
Гатоў я выканаць усе бакоў наказы,
Аднак жа праўнай моцы мець не могуць акты,
Уночы вымушаны гвалтам - вось вам факты".
"Што тут за гвалт?- прамовіў Ключнік.- Далікатна
Я вас прашу, калі ж вам цёмна і няздатна,
Дык я Сцізорыкам так красану вашэці,
Што свет, нібы ў сямі касцёлах, вам засвеціць!"
"Гервазанька,- прамовіў Возны,- што злавацца?
Я возны, і не мне у справах разбірацца,
Бо возны толькі абавязак свой спраўляе,
Калі дыктованае свету аб'яўляе.
Пасол законаў я, паслоў жа не караюць.
Чаму ж мяне тады пад вартаю трымаюць?
Я мігам акт спішу - ліхтарык прынясіце.