Выбрать главу

Паны Дабрынскія! Дык вось як вас прыпёрла!

(I гледзечы ў акно, смяяўся ва ўсё горла.)

А гэта той Дабрынскі! Вунь ён у сурдуце -

Гэй, зняць яму сурдут! Аднойчы на радуце

Пачаў ка мне чапіцца без ніякай меры.

Я ў танец, ён крычыць: "Вон злодзея, за дзверы!"

Што ў той час за ваеннай абкраданне касы

Вялося следства, ну і меў я амбарасы,

Дык што яму за справа? Я пайшоў мазурку,

А ён крычыць услед мне: "Злодзей!" Вось шляхцюрку

Я ўзяў і з тымі, што падтаквалі прыдурку.

Казаў я: "Эй, Дабрынскі, помні, прыйдуць козы

Да воза. Га, Дабрынскі, бачыш?- будуць лозы!"

Пасля, схіліўшыся, шапнуў Суддзі на вуха:

"Калі жадаеце, каб выйшлі ўсе насуха,

Ад кожнай галавы - па тысячы ў гатоўцы,

Па тысячы, не менш - апошняе вам слоўца".

Суддзя стаў таргавацца, ды Маёр не слухаў,

Зноў бегаў па пакоі, дьмам густа дзьмухаў,

Падобны да ракеты з гэтае прычыны.

За ім хадзілі з плачам, просячы, жанчыны.

"Маёр,- сказаў Судцзя,- ў суд пойдзеш з гэтай справай,

Што выйграеш? Тут не было бітвы крывавай,

А што прапалі гусі, куры, парасяты,

Дык згодна Статута, мне вернуць тыя страты,

І з Графам без суда мы зробім прымірэнне -

Суседскае, не больш тут, непаразуменне".

"А з Жоўтай Кнігай вы знаёмы, пан Сапліца?-

Спытаў Маёр. "З якою кнігай?" - "Ды з крыніцай

Законаў лепшых за ўсе вашыя статуты,

Бо ў ёй, што слова: кнут, пятля, Сібір ды путы -

Правоў ваенных кніга, што запанавала

Замест статутаў вашых, вашых трыбуналаў.

За гэткую распусту, на аснове ўказу,

Найменей у Сібір вы пойдзеце ўсе зразу".

"Пастой,- сказаў Суддзя,- у нас ёсць губернатар!"

"Тут рады,- Плут сказаў,- не дасць і імператар,

Бо ведама, што цар, падпісваючы ўказы,

Ласкава кару павялічвае ў два разы.

Дык апеліруй, пан Суддзя, але, быць можа,

Ў патрэбе знойдзем і на вас кручок прыгожы.

Вось Янкель ваш - шпіён, за ім улада сочыць,

А ён у вас карчму дзяржыць, людзей марочыць.

Магу ўсіх вас, як ёсць, арыштаваць адразу".

"Мяне?- спытаў Суддзя.- А па якому ўказу?"

І ўсё што раз жывейшую вялі гаворку

У час, як новы госць з'явіўся ў панадворку.

Ўязджаў дзіўны натоўп. Сярэдзінай дарогі,

Нібы ляўфар, баран таўсты чатырохрогі

Бег й ўзмахваў галавой. Рагі два абадкамі

Віліся ля вушэй. Абвешаны званкамі,

Два іншыя рагі тырчэлі з ілба вонкі,

Пры руху галавы давалі голас звонкі.

Баран вёў коз, валоў, авечак, а за статкам

Чатыры грузныя вазы ішлі парадкам.

Усе згадалі, што над'ехаў ксёндз па зборы,

Дык і Суддзя, пакінуўшы перагаворы,

Пайшоў сустрэць гасця. Ён ехаў на падводзе

Пярэдняй, твар схаваўшы у каптур, па модзе

Манашай, ды яго пазналі. У спакоі,

Мінуўшы вязняў, глянуў, знак зрабіў рукою.

І хто другі фурман, пазнаць было не цяжка:

Мацей, хоць на плячах мужыцкая сярмяжка.

Убачыўшы яго, крычаць усе пачалі,

А ён сказаў ім: "Дурні!" Знак даў, каб маўчалі.

Прусак - на трэцім возе ў каптане пацёртым.

А Зан з Міцкевічам сядзелі на чацвёртым.

А Ісаевічы, Падгайскія, Бяргелі,

Бірбашы, Вільбікі ды Котвічы глядзелі

На здзек, які няслі Дабрынскія ў няволі,

І астывалі з гневаў даўнішніх міжволі.

Бо шляхта ў нас, хоць звады, бойкі вельмі любіць,

Ды помстай супраціўнікаў сваіх не губіць,

Дык да Мацея падаліся ўсе на раду.

А той парасстаўляў іх за вазамі ззаду,

Сказаў чакаць.

Ксёндз злез, падаўся ў бок пакояў.

Там ледзь яго пазналі - ў гэткім быў настроі

І новай форме. Сумны у любую пору,

Панурысты, ўзняў сёння галаву угору

І з мінай яснаю і рук шырокім махам,

Перш чым загаварыў, смяяўся:"Ха-ха, ха-ха!

Вітаю, ха-ха-ха! вітаю! вось прыгожа,

Панове афіцэры! Хто ўдзень толькі можа

Хадзіць на ўлоў, а вы і ўночы! А звярыну

Я бачыў. Скубці шляхту! драць з яе лупіну!

Кілзайце брыкуноў, вучыце іх парадку!

Віншую, пан Маёр, што ты схапіў Графятка.

О, гэта тлусцячок, багач, з арыстакратаў,

Не выпускай яго без сотняў трох дукатаў,

А ўзяўшы, дай хоць грош манастыру ў падмогу,

Бо й за тваё збаўленне я малюся Богу!

На сан мой! мне не абыякі вашы душы!

І штабс-афіцароў хапае смерць за вушы!

Праўдзіва Бака піша - ў смерці многа працы:

Бярэ ў палацы і ў палотны б'е ахвотна,

І па сукне не раз шчаўкне, ды і ў мундзіры,

Так, як у каптуры, ахвотна робіць дзіры.

Матуля-смерць, казаў наш Бака, як цыбуля,

Слязою блісне, калі сцісне, і у люлі

Дзіця бярэ, і малайчыну ў часе гуляў!

Ах, ах! жывём, а заўтра, можа, загніёмся.

Ўсяго ў нас, пан Маёр, што пад'ямо, нап'ёмся!