Як, пан Суддзя, ці не пара падмацавацца?
Сядаю сам і ўсіх прашу не адмаўляцца.
Як, пан Маёр, пан Капітан? Закажам зразы?
Як думаеце? Мо і пуншыку з паўвазы?"
"Чаму ж,- абодва мовілі,- мы рады чэсці
І выпіць за Суддзю здароўе і паесці!"
Дзівіліся ўсе хатнія з ксяндза Рабака:
Чаму зрабіўся раптам ён такім гулякам?
Суддзя даў кухару патрэбныя наказы:
Уміг бутэлькі ўнеслі, вазу, цукар, зразы.
Плут з Рыкавым так спрытна пачалі ўвіхацца,
Піць часта і старанна ежай мацавацца,
Што ў паўгадзіны з'елі дваццаць і тры зразы
І пуншу выхілілі не малой паўвазы.
Дык Плут вясёлы, сыты разваліўся, потым
Дастаў тытун і люльку, прыкурыў банкнотам
I, вусны чыста выцершы канцом сурвэты,
Звярнуў на дам свой твар, напіткам разагрэты;
"Люблю я дам,- сказаў,- ды гэта ж не сакрэты!
Клянуся чэсцю, мне пасля падмацавання
Закускай лешпаю бывае размаўлянне
З такімі прыгажунямі, як вы тут, пані!
Вось што, паграйма ў карты! ў вэльба-цвэльба? ў віста?
Або хадзем мазурку! Га! Чарцякаў трыста!
Ды ў егерскім палку я ж першы з мазурыстаў".
Пры гэтым штораз бліжай к дамам нагінаўся
І з дымам кампліменты ім пускаць стараўся.
"У танцы!- крыкнуў Робак.- Дык не трацьма часу!
І я, хоць ксёндз, падпіўшы, падхіляю расу
І йду мазурку. Але ведаеш, Маёрку?
Мы тутка п'ём, а егры мерзнуць на падворку,
Гуляць, то ўсім гуляць! Суддзя, дай ім сівухі,
Маёр дазволіць еграм выпіць весялухі!"
"Прасіў бы,- Плут сказаў,- ды тут не мус, а проста..."
"Дай бочку,- ксёндз шапнуў Суддзі,- на... дзевяноста".
І так, калі ў двары піло, гуляла панства,
У войску каля дому пачалося п'янства.
Маўкліва Рыкаў толькі чаркай забаўляўся,
А вось Маёр і піў, і к дамам прыхіляўся,
І ўсё да танцаў узрастала ў ім натхненне.
(Пакінуў люльку, стаў чапляцца к Талімэне,
Цягнуў гуляць, але ўцякла, тады да Зосі
Пайшоў з хістаннем, кланяецца - ў танец просіць.
"Гэй, Рыкаў, люльку кінь, смактаць яе ўжо годзе,
Ты ж балалаечнік праслаўлены ў народзе.
Гітару бачыш вунь? Ідзі вазьмі гітару,
Мазурку грай! У першую пайду я пару".
Дык Капітан, гітару ўзяўшы, круціць, строіць,
А Плут зноў Талімэну просьбай непакоіць.
"Маёра слова! Мне не быць расіянінам,
Калі я лгу! Няхай я буду сукінсынам,
Калі я лгу! Спытай, пацвердзяць афіцэры
Усе, як ёсць, калі не хочаш даць мне веры,
Што ў арміі другой, у корпусе дзевятым
Дывіз'і першай, у палку пяцідзесятым
Егерскім, Плута лічаць першым мазурыстам.
Хадзі, паненка! Што ты гэтак наравіста!
Бо я па-афіцэрску пакараю злюку..."
Тут скокнуў і, схапіўшы Талімэны рукі,
Шырокім пацалункам у плячо ёй пляснуў.
І тут яму Тадэвуш ёмка ў шчоку ляснуў.
Цалунак з аплявухай так адначасова
Азваліся ў пакоі, як за словам слова.
Маёр стаў слупам, пабялеў і на знявагу
Ускрыкнуў: "Бунт! Бунтар!" - і, выхапіўшы шпагу,
Хацеў прабіць, ды ксёндз к Тадэвушу падскочыў,
Даў пісталет. "Смалі!- ускрыкнуў,- проста ў вочы!"
Схапіў, прыцеліўся Тадэвуш, пальнуў скора,
Ды толькі асмаліў і аглушыў маёра.
З гітарай скокнуў Рыкаў. "Бунт!- крычыць,-як можна!"
Бяжыць к Тадэвушу; тут Войскі бестрывожна
Махнуў рукой наводля, нож аж толькі свіснуў
Паміж галоў і перш ударыў, чым узбліснуў,
Трапляе ў дно гітары, б'е яго на чвэрці.
Схінуўся трохі Рыкаў і ўцёк так ад смерці.
Тады трывожна крыкнуў: "Егры! бунт! Ей Богу!"
I, шпагу вырваўшы, прасоўваўся к парогу.
А тут з другога боку, як паўстала спрэчка,
Праз вокны шляхта рвецца, камандзір - Рузэчка
Вось Плут у сенях, Рыкаў з ім, крычаць трывогу,
І тры салдаты ім спяшаюцца ў падмогу.
Уміг праз дзверы ўлазяць тры штыкі, мушкеты,
А ззаду чорныя прыгнутыя кашкеты.
Мацей, падняўшы Розгу, стаў за вушакамі,
Сачыў цішком, як быццам кот за пацукамі,
Аж рубануў; усе мо збіў бы тры галовы,
Але стары не згледзеў, ці ўжо быў нярвовы,
Бо перш, чым шыі выткнулі, цяў па кашкетах,
Збіў іх, а Розга зазваніла па мушкетах -
Дык егры адступаюць, Мацек вон іх гоніць
На двор.
А там ужо бушуе ўсё, гамоніць.
Прыхільнікі Суддзі, не трацячы нагоды,
Бягуць Дабрынскіх ратаваць, знімаць калоды.
На гэта егры дай хапаць свае мушкеты,
Сяржант Падгайскага парнуў у часе гэтым,
Двух іншых раніў ля Хрысціцеля калоды,
Пасля даў стрэл. Хрысціцель блізкі быў свабоды,
Ужо меў рукі вольныя, дык без размовы
Падняў высока ўгору свой кулак пудовы
І гэтак стукнуў у хрыбет расіяніна,
Што ўплюшчыў твар яго ў жалеза карабіна,