Выбрать главу

Дык порах, кроўю змочаны, не запаліўся,

А сам сяржант ля ног Хрысціцеля зваліўся.

Хрысціцель гнецца, карабін бярэ за дула

І круціць, аж паветра загуло, раўнула.

Млынкуе, валіць двух салдат, ды гэтых мала -

За імі ўраз трапляе ў галаву капрала.

Друтія адступаюць ад яго са страхам.

Вось так жывым Крапіцель прыкрываўся дахам.

Развязаны ўжо рукі, збіты ўсім калоды,

І шляхта на ксяндзоўскія бяжыць падводы,

З іх дастае рапіры, шаблі, стрэльбы, косы,

А Конаўка знайшоў два штурмакі. Калёсы

Умяшчалі і шмат куль. Узрадваўся ваяка,

Бярэ штурмак сабе, другі дзяржыць для Сака.

А еграў прыбывае, збіліся, таўкуцца,

І шляхце ўжо няма як шабляй размахнуцца.

Страляць не могуць егры, б'юцца гурмай зблізку:

Па сталі звоніць сталь, мігцяць іскрыста ўзбліскі,

Б'е шаблю штык, каса сячэ эфес, скуголіць,

Кулак таўчэ кулак, плячо плячо няволіць.

Дык Рыкаў кінуўся ў напрамку, дзе стадола

Сышлася з плотам; кліча еграў, каб наўкола

Спынялі бой такі дурны і бесталковы,

Дзе ўсе без выстрала паскладваюць галовы.

Злы быў, што сам страляць не можа, бо ў таўчэчы

Свайму, замест чужога, ўсадзіш кулю ў плечы,

Дык: "Стройся! Гэй ка мне!"- выкрыкваў Рыкаў,

Але яго каманда нікне сярод крыкаў.

Мацей, да рукапашнай бітвы ўжо не здольны,

Памалу адступаў і шлях праторваў вольны

Направа і налева: то канцом Рузэчкі

Сцірае штык з ствала, як быццам кнот са свечкі

То зноў наводля замахнецца, рэжа, коле.

Так Мацек асцярожна адступаў у поле.

Але з найбольшым цісне на яго напорам

Гефрэйтар пажылы з інструктарскім задорам,

Мастак баёў штыковых. Ён, сабраўшы сілы,

Схапіў аберуч карабін, ідзе пахілы,

Адной рукой затвор, другою ствол сціскае,

Падскаквае і круціцца; то штык спускае,

То сам прысядзе, то зноў выцягнецца дужа

І штык папхне наперад, як джыгала вужа,

То ўзад рване і на калене апірае,

I так штораз мацней на Мацька насядае.

Стары Мацей пазнаў майстэрскія удары,

Уздзеў сабе на нос ляўшою акуляры,

А пры грудзях трымаў Рузэчкі рукаятку.

Здае назад, глядзіць, ды не ўступае ў схватку,

Сланяецца крыху, як быццам трохі п'яны.

Гефрэйтар цісне больш - Мацей ледзь не спайманы.

Дык каб лягчэй дагнаць, прабіць штыком старога,

Узняўся ды адну руку падаў замнога.

На карабін, папхнуўшы, гэтак наваліўся,

Што ад вагі той зброі значна нахіліўся,

А Мацек шаблі рукаятку ў тую ж пору

На стык ствала з штыком падставіў, б'е угору

І апускае Розгу на далонь салдата,

А потым рассякае твар яго вусаты.

Так паў фехтмайстар знатны з прымаскоўскіх даляў,

Крыжоў трох кавалер і чатырох медаляў.

Тым часам ля калодаў шляхта рускіх біла

І скрозь перамагала. Там граміў Крапіла,

Здалёку бачны, Брытва з ім - у самай гушчы;

Той рэжа напалам, а той галовы трушчыць.

Так, як машына, што германцы збудавалі,

А потым малатарняю яе назвалі,

Якая адначасна сечку рэзаць можа -

Сячкарняй быць і малаціць цапамі збожжа,

Так Брыгвачка з Крапілам у варожым стане,

Той знізу, той згары, рабілі замяшанне.

Крапіцель раптам пакідае перамогу,

Бяжыць направа, бо ў душы адчуў трывогу

За Мацька. Там адпомсціць прапаршчык жадае

За смерць гефрэйтара, шпантонам насядае.

(Шпантон - сякеру з пікай рэдка хто ўжывае

Цяпер, але яшчэ бытуе ён у флоце,

А ў той час сустракаўся часта і ў пяхоце.)

Дык прапаршчык-юнак вёў наступленне ўмела:

Ледзь зброя ад удару ўтору падляцела,

Ён адступаў, бо бачыў - Мацек не дагоніць,

Што ён, не ранячы, адно сябе бароніць.

Ужо бердыш узняты быў на ўдар вялікі,

Ужо чапіў Мацея злёгку кончык пікі,

Хрысціцель не паспее - стаў сярод дарогі,

Крутнуў даўбню і кінуў ворагу пад ногі.

Скрышыў нагу, дык прапаршчык шпантон з рук кінуў,

Хістаецца. Тут шляхты гурт уміг нахлынуў,

За шляхтай гурма маскалёў услед валіла,

І тут нанова бой пачаўся ля Крапіла.

Хрысціцель, страціўшы сваю праз Мацька зброю,

З уласнай ледзь не развітаўся галавою,

Бо ззаду на яго напалі два салдаты,

Рукамі чатырма за валасы заўзята,

Упёршыся нагамі, цягнуць, быццам ліны,

Прывязаныя к мачце нёманскай віціны.

Дарма назад удары шле ён раз за разам,

Хістацца стаў, аж бачыць: б'ецца вось Гервазы,

Дык крыкнуў: "Божа мой! Сцізорык, на падмогу!"

Пачуўшы ў голасе Хрысціцеля трывогу,

Гервазы апусціў Сцізорык свой узняты

Ля галавы Хрысціцеля, на рукі тых салдатаў.

Адскочылі, падаўшы разам страшны голас,

Але адна рука, заблытаная ў волас,