Выбрать главу

Крывёй сцякаючы, матлялася, вісела.

Так орлік, кіпцюры ўсадзіўшы зайцу ў цела,

Другою лапай на бягу ствол дрэва зловіць,

А заяц, скокнуўшы, арла перапаловіць,

І ў лесе застаецца частка з лапай правай,

А звер ляціць у поле з леваю крывавай.

Крапіцель вольны, дык вачыма вокал водзіць,

Шукае з крыкам зброю, але не знаходзіць,

Тым часам кулаком таўчэ, ідучы ў кроку

Гервазым, ля яго трымаючыся боку.

Ды раптам бачыць сына Сака недалёка.

Той праваю рукой дзяржыць штурмак, а левай

Валочыць за сабой даўгое ў сажань дрэва

З той крамянёвай, гузаватай булавою

(Хрысціцель толькі можа ўзняць такую зброю).

Крапіцель, згледзеўшы здалёк сваё Крапіла,

Падбег, схапіў, пацалаваў, настолькі міла

Было яно яму; крутнуў - паветра ўзвыла.

Што потым вытвараў ён і ў якім памеры,

Дарма пяяць, не будзе, знаю, музе веры,

Так як не верылі і ў Вільні той жанчыне,

Што, стоячы на Вострай Брамы лукавіне,

Убачыла, як Дэеў, генерал пяхоты,

Ішоў з палком казакаў, адчыняў вароты

І як тут мешчанін, што зваўся Чарнабацкі,

Збіў Дэева і знішчыў цэлы полк казацкі.

Даволі, што было так, як прадбачыў Рыкаў:

Хістацца сталі егры, вось чутно ўжо з крыкаў.

Аж дваццаць тры валяюцца на смерць забітых,

Больш трыццаці ўжо мучацца ад ран адкрытых,

Шмат іх пабегла ў сад, за рэчку, ў хмель ад здзекаў,

І колькі ў дом убегла пад жанчын апеку.

Дык шляхта з перамогі ўся у захапленні -

Той цягне ўжо трафей, там бочку ўжо абселі -

Абставін бою, як відаць, не разумелі.

Адзін ксёндз Робак справу знаў (яму каноны

Не дазваляюць біцца), ды, жыццём наўчоны,

Ён радзіў, як лепш біць, і пляц абходзіў бою,

Каманду падаваў і вокам, і рукою

І зараз заклікаў, каб у адно злучацца,

На Рыкава ударыць, з рэштай расквітацца.

А Рыкаву праз пасланца паведамляе,

Што той жыццё, хто кіне зброю, захавае.

Калі ж прадоўжыць далей капітан змаганне,

То ўміг атрад акружаць, высекуць да-звання.

А Рыкаў не намерваўся прасіць пардону.

Сабраўшы ля сябе палову батальёна:

"За зброю! " - крыкнуў. Па загаду каітана

Ўміг зброя хруснула, даўно панабівана.

Ён крыкнуў: "Цэль!" Ствалы заззялі шнурам цэлым.

Скамандаваў: "Агонь чаргой!"- б'е стрэл за стрэлам.

Страляе той, той набівае, той наводзіць,

Свіст куль, затвораў трэск з канца ў канец праходзіць,

Шарэнга выгінаецца, як звер паўзучы,

Які махае спрытна сотняй ног бліскучых.

Хоць кожны з еграў быў ад спірту моцна п'яны,

Цаляць не мог ніхто, ды ўсё ж наносяць раны,

А той-сёй і заб'е. Праз момант двух Мацеяў

Падбілі, і адзін забіты з Баўтрамеяў.

А шляхта б'е ў адказ ім з некалькіх рушніцаў,

На шаблі з еграмі жадаючы счапіцца,

Старэйшыя спыняюць, кулі ж свішчуць густа,

Трапляюць, гоняць. На двары ўміг будзе пуста,

Па шыбах дому звоняць часта, б'юць па рамах.

Тадэвуш, што павінен быў сядзець пры дамах

З загаду дзядзькі, чуючы, што справы горай

Пайшлі, дык выбег, з ім пабег і Падкаморы,

Якому шаблю ўжо Тамаш прынёс нарэшце.

Спяшаецца, камандуе, як бой правесці.

Бяжыць, падняўшы шаблю, шляхта - побач, радам,

А егры сыпанулі ў іх куль цэлым градам.

Паў Вільбік, Ісаевіч, Брытва злёг ад раны.

Тады напад той бесталковы быў стрыманы

Мацеем з Робакам. Дык шляхта халадзее,

Здае назад. Такая маскалям падзея

Узнімае дух, і Рыкаў меціць адным махам

Ачысціць двор і апынуцца ўміг пад дахам.

"Фармуйся!-крыкнуў.-На штыкі! Наперад! Жвава!"

І ўміг уся шарэнга са штыкамі лавай

Хінецца, рушыцца і прыбаўляе кроку.

Дарма страляе шляхта спераду і збоку,

Палову ўжо двара прайшоў атрад з адвагай,

А капітан, на дзверы паказаўшы шпагай,

Крычыць: "Суддзя! Здавайся! Двор спаліць прыкажам!"

"Палі!- крычыць Суддзя.- Цябе ў агні падсмажым!".

О, двор Сапліцаўскі! Калі цяпер ты цэлы

І свеціцца між ліпаў твой будынак белы,

Калі там шляхты грамада, суседзі

Сядаюць за сталы Суддзёвы пры абедзе,

То Конаўкі здароўе п'юць абавязкова,

Бо каб не ён, даўно б не стала Сапліцова!

Дагэтуль Конаўка не меў яшчэ нагоды

Адвагі доказ даць, хоць першы ўстаў з калоды,

Хоць конаўку знайшоў у возе дарагую -

Штурмак свой мілы, куляў торбачку-другую,

Ды біцца не хацеў, казаў, што мала варты

Бывае нашча, дык ішоў шукаць паўкварты.

Да бочкі спірту падышоў, зачэрпнуў жменяй,

І ўжо калі пачуў, што выпіў болей-меней,

Паправіў шапку, конаўку сваю пагладзіў,

Памацаў кулю шомпалам, затвор наладзіў