Выбрать главу

Вось рыцары ўзнімаюць ногі, на калена

Прыкленчваюць і ўскакваюць папераменна.

А Плут Тадэвуша прыкмеціў перад фронтам,

Дык стаў шаптаць яфрэйтару, што зваўся Гонтам

І славіўся стралком найлепшым у той роце.

"Ты бачыш,- мовіў,- тога, што стаіць пры плоце?

Калі яму ты кулю ўткнеш пад скабай пятай,

Чацвёрка серабром за гэта будзе платай".

Дык Гонт рыхтуе карабін у той жа хвілі,

Таварышы яго шынелямі прыкрылі.

Не ў скабу, а на чэрап ён наводзіць мушку,

Папаў, але прабіў капялюша вярхушку.

Тадэвуш аж крутнуўся. Тут Крапіцель з рада

Рвануўся к Рыкаву, а шляхта ўзвыла: "Здрада! "

Тадэвуш капітана засланіў, дык Рыкаў

Ускочыў да сваіх сярод пагроз і крыкаў.

Зноў кінуліся ў бой дабрынцы і літвіны,

Забыўшыся пра звады для такой хвіліны.

Ваююць, як браты, таго той выручае:

Дабрынскім цяжка, дык Падгайскі прыкмячае,

Касой сячэ, у гушчу еграў убягае.

Дабрынскія крычаць: "Няхай жывуць Падгаі!

Гарой, Літва! Хвала літвінам, браццям нашым!"

Скалубы, Брытву згледзеўшы, што бег бясстрашна,

Хоць ранены, крычаць з глыбінь крывавай буры:

"Гарой, Мацеі, Барткі! Хай жывуць мазуры!"

Так заахвоціўшыся, рвуцца штораз далей,

Хоць іх Мацей і Робак, як маглі, спынялі.

Калі на роту еграў бег натоўп народу,

Задумаў Войскі скіравацца ў бок гароду.

З ім разам асцярожна сунуўся Пратазы,

А Войскі ціханька даваў яму наказы.

Стаяла там за плотам блізка, поруч з садам,

Дзе Рыкаў абапёрты быў сваім атрадам,

Старая сырніца, ў зруб складзеная рэдкі

З брусоў скрыжованых, падобная да клеткі.

У ёй свяцілі копы сыраў яснай беллю,

А навакол на ветры сохлі звязкі зелля:

Валошак, чабару, рамонку і шалфею -

Лячэбныя Вайшчанкі на зіму трафеі.

Уверсе меў будынак сажні тры з паловай,

А ўнізе на калодзе ўспёрты быў дубовай,

Як буслава гняздо. Той слуп ужо крышыўся,

Падгніў ад старасці і значна нахіліўся,

Збіраючыся ўпасці. Ўжо Суддзі калісьці

Казалі, што не будзе з сырніцы карысці,

Што лепш яе раскідаць. Дык Суддзя паправіць

Яе рашыў і ўжо збіраўся пераставіць,

Але рамонт адцягваўся час некаторы,

Тым часам пад той слуп уткнулі дзве падпоры.

Так падмацованая вельмі нетрывала

Будыніна на строй маскоўцаў пазірала.

Вось Возны з Войскім к сырніцы падходзяць ззаду,

А кожны захапіў, як піку, жэрдку з саду.

За імі ўслед каноплі ахмістрыня топча

І кухарчук, хоць і малы, ды дужы хлопчык.

Прыйшоўшы, тычкі ўпёрлі ў слупа верх пахілы

І пхнуць будынак знізу, колькі маюць сілы,

Так сплаўшчыкі, як стане на мялі, віціну

Каламі доўгімі спіхаюць на глыбіну.

Слуп трэснуў, крышыцца... Вось сырніца ў палёце,

Вось б'е цяжарам дрэва і сыроў па роце

І раніць, забівае войска й камандзіраў.

Так злеглі ў кучу: дрэва, трупы, груды сыраў.

Абліты мозгам і крывёй, трохкутнік рвецца,

І ўжо Крапіла ў ім гудзіць, і Брытва ўецца,

Сцябае Розга, падбягае шляхта звонку,

Жакеі гоняць еграў, б'юць наперагонкі.

Вось толькі восем еграў і сяржант з адвагай

Бароняцца. К ім Ключнік бег, яны з увагай

Аж дзевяць дулаў на яго накіравалі -

Ён бег пад променем Сцізорыкавай сталі.

Ксёндз, гэта згледзеўшы, забег яму дарогу,

Сам паваліўся і падбіў старому ногі.

Зваліліся якраз, як дружны залп раздаўся.

Як прасвістала волава, Гервазы ўзняўся,

Убягае ў дым, двум еграм голавы ссякае.

Бягуць другія, Ключнік гоніць, не чакае.

Яны бягуць дваром, Гервазы - іх слядамі,

Яны - ў гумно і нікнуць там, бы ў цёмнай яме,

І ён туды бяжыць, не думае спыніцца,

Прапаў у цемры, ды і там працягваў біцца,

Бо крык чуваць, на ўдар мяча чуваць адказы.

Урэшце сціхла ўсё. 'явіўся зноў Гервазы

З мячом крывавым.

Шляхта ўжо займае поле,

Разбеглых еграў гоніць, забівае, коле.

А Рыкаў б'ецца смела, на перагаворы

Не згодзен. Да яго падходзіць Падкаморы,

Узняўшы шаблю, і паважным кажа тонам:

"Пан капітан! Не зганьбіш чэсці ты пардонам,

Ты смелы рыцар, без ніякага сумнення,

Але пакінь дарэмнае супраціўленне,

Здай зброю нам, пакуль цябе не закалолі,

Жыццё і чэсць з табой, бо ты ў мяне ў няволі!"

І Рыкаў цэніць Падкаморага павагу:

Зрабіў паклон, аддаў яму у рукі шпагу,

Скрываўленую ўсю, і мовіў: "Эх, камраты!

Бяда мне, што не меў я хоць адной гарматы!

Сувораў праўду гаварыў мне: "Рыкаў, браце,

На ляхаў ідучы, пяршынства дай гармаце! "

Што ж, егры п'яныя былі! Плут піць дазволіў.

Ох, гэты Плут! Ён сёння вельмі пасваволіў!

Ён дасць цару адказ, яго былі загады,