Выбрать главу

Аж вось заціхла ўсё, і толькі дрэвы

Шумяць ля дому разам з хлюпатам залевы.

І добра, што ў дзень гэты не было зацішша,

Бо навальніца, цемрай бою пляц акрыўшы,

Дарогі заліла, масты сарвала з рэчак

І аддзяліла двор ад вёсак і мястэчак.

Дык пра здарэнні грозныя ў двары Сапліцы

Адразу вестка не магла яшчэ прабіцца,

А шляхты лёс залежны быў ад таямніцы.

У Суддзі ў пакоі - важныя перагаворы.

Там ксёндз ляжаў у ложку стомлены і хворы,

І акрываўлены, ды ў памяці быў поўнай.

Загад яго Суадзя спаўняе безадмоўна:

Перш Падкаморага і Ключніка паклікаў,

І дзверы зачыняюць, як прыйшоў і Рыкаў.

Гадзіну ўжо трывала тайная размова,

Урэшце Рыкаў тут сказаў такое слова,

Адкінуўшы капшук, дукатамі напханы:

"Панове Ляхі, ёсць між вамі сказ, мне знаны,

Што кожны рускі - злодзей, хабарнік прапіты.

Дык знайце ж, што маскаль, якога зваць Мікіта

Мікітыч Рыкаў, ротны капітан, меў восем

Медаляў, тры крыжы, і гэта помніць просім!

Медалі за Ачакаў і за Ізмаілаў,

Вось за бітву пад Нові, вось за Прэйсіш-Ілаў,

А гэты вось ад Карсакова. За адвагу,

Апроч таго, я атрымаў таксама шпагу

І ад фельдмаршала аж тры пахвал ступені

Ды царскіх грамат дзве, чатыры адзначэнні -

Ўсе на пісьме".

"Але, але, мой капітане,-

Азваўся Робак,- дык на чым жа справа стане,

Калі не згодзішся? Бо ты ж даваў нам слова

Уладзіць справу".

"Слова даў і дам нанова,-

Сказаў зноў Рыкаў,- мне не трэба вашай згубы,

Я чэсны чалавек, а вы, паны, мне любы,

Што вы вясёлыя, ахвочы да напіткаў

І людзі смелыя, і здатныя да біткі.

У нас ёсць прыказка: той, хто на возе едзе,

Бывае і пад возам; той, хто папярэдзіў,

Назаўтра - ззаду. Б'еш сягоння, заўтра - біты.

Злаваць за гэта? Заўтра, можа, будзем квіты.

Адкуль бы чалавек набраў злабы такоўскай,

Каб гневацца за ўсё? У бітве Ачакоўскай

Злягло ў нас шмат, пад Цюрыхам змялі пяхоту,

Пад Аўстарліцам жа маю скрышылі роту,

А перш Касцюшка ваш пасек ля Рацлавіцаў -

Я быў сяржантам - косамі мой ўзвод. Адбіцца

Я змог ля Мацеёвіц. У той бітве страшнай

Двух важных шляхціцаў забіў я ў рукапаіпнай.

Адзін быў Макраноўскі, ён за нашым валам

Касою кананіру ссек руку з падпалам.

Ой, ляхі вы! Айчызна! Я ўсё гэта знаю,

Я, Рыкаў. Тут загад цара, я праў не маю.

Нашто нам ляхі? І Маскоўшчыны нам годзе!

Хай Польшча будзе ляху! Што ж, як цар не згодзен".

Суддзя сказаў на гэта: "Пане капітане,

За чэснасць вашу вас мы маем у пашане,

І ўсе вакол сапраўднага ў вас бачаць мужа.

Не злуй на нас за падарунак, добры дружа,

Цябе мы скрыўдзіць не хацелі, а дукаты

Пасмелі даць, бо чалавек ты ж небагаты".

"Ах, егры!- ўскрыкнуў Рыкаў,- гэткія салдаты!

Мая ўся рота! І ўсё Плут тут вінаваты!

Ён камандзір, перад царом адкажа строга.

Вы ж гэтыя грашы схавайце, дзеля Бога.

Я маю грош мой сціплы царскага служакі,

І хопіць мне на пунш і люлечку табакі.

А вас люблю, вось з вамі вып'ю, пагуляю.

Паем, пагутару і гэтак пражываю.

Я вас абараню, як следства распачнецца,

Даю вам слова - справа на ваш бок схінецца.

Мы скажам, што прыйшлі сюды дзеля візіту,

Што тут сабе гульнулі, кожны быў падпіты,

А Плут "агонь" каманду крыкнуў выпадкова -

Бітва! І батальён разбілі, і гатова.

Вы ж следства мажце золатам, дзе толькі можна,

Круціцца будзе. Але толькі асцярожна:

Казаў я шляхціцу таму з даўгой рапірай,

Што першы Плут, бо ён жа быў тут камандзірам.

А Плут жывы, ён можа так загнуць кручочак,

Што згінеце, бо гэта хітранькі паночак.

Яму заткніце горла банкавым білетам.

Дык што ж вы, пан з мячом, падумалі аб гэтым?

Былі ўжо ў Плута? Што і як ён вам парадзіў?"

Гервазы аглянуўся, лысіну пагладзіў,

Кіўнуў рукой нядбала, гэтым знак падаўшы,

Што справу скончыў. Капітан аднак, устаўшы,

Дапытваўся: "Што ж кажа Плут? Маўчаць захоча?"

А Ключнік злы, што Рыкаў гэтак лезе ў вочы,

Нагнуў вялікі палец да падлогі змрочна,

Пасля махнуў рукою. Гэтым відавочна

Хацеў пытанні скончыць і сказаў: "Вось слова,

Што змоўчыць Плут! Закончана яго размова!"

І хруснуў пальцамі, пасля спусціў далоні,

Як бы ўсю таямніцу збіў з іх у разгоне.

Той змрочны жэст усе ў пакоі зразумелі,

Глядзелі навакол, прагаварыць не смелі,

І доўгі час трывала гэткае бязмоўе.

Азваўся Рыкаў: "Воўк цягаў на безгалоўе!"

"Requeskat in pace",- мовіў Падкаморы.

"Відаць,- Суддзя сказаў,- па Божым прыгаворы,

Ды я не вінен, я не ведаў гэтай справы".

Ўзарваўся ксёндз з падушак бледны, але жвавы