Выбрать главу

Але скажу адкрыта: гэтае дзяўчыны

Пакуль што я не варт, на гэта ёсць прычыны...

Больш не пытайце. Зося ж, калі час назначыць

Чакаць, дык можа ўжо мяне другім убачыць,

Мо трохі лепшым буду, больш кахання вартым,

Даб'юся славы мо ў змаганні тым упартым.

Магчыма, хутка вернемся ўсе з вандравання,

Тады прыпомню, дзядзя, ваша абяцанне,

Тады, прыкленчыўшы, зноў Зосю прывітаю,

Застаўшы ж вольнаю, рукі ў яе спытаю.

А зараз жджэ мяне вялікая дарога,

І Зося можа палюбіць яшчэ другога.

Яе я звязваць не хачу, не маю права,

Не заслужыў я гэтага, і ўся тут справа".

Калі ён так з пачуццем гаварыў і з жарам,

Гарэлі шчокі юнака душы пажарам,

Як ягады, ў вачах дзве перлы зіхацелі

І ўніз з блакітных зрэнак хутка паляцелі.

Ды Зося, зацікаўлена, з глыбінь альковы

Сачыла за напрамкам гэтае размовы

І чула, як Тадэвуш проста, ясна, смела

Прызнаўся, што кахае. Сэрца задрыжэла

У яе, як слёзы ўбачыла ў вачах хлапчыны,

Ды зразумець была не ў сілах той прычыны,

З якой ён пакахаў і зараз пакідае.

Куды паедзе? Зося ж тога не жадае!

Вось сёння першы раз пачула нечакана

Вялікую навіну, што была каханай.

Пабегла к хатняму алтарыку святому,

Ўзяла іконку, ладанку - святыню дому.

На тым абразіку - святая Генавэфа,

А ў ладанцы рэліквія свяцейшага Юзэфа,

Апякуна ўсіх тых, хто хоча заручыцца,

І тыя святасці прыносіць у святліцу.

"Вы едзеце, так хутка? Я вам на дарогу

Дам дробны падарунак і перасцярогу:

Каб з гэтаю рэліквіяй не разлучаода,

Таксама і пра Зосю нельга забывацца!

Хай Бог вам у ва ўсім і ўсюды дапаможа

І хутка верне вас дадому з падарожжа".

Галоўку ўгнула, змоўкла і ледзь вачаняты

Самкнула, пырснуў з іх струменьчык слёз багаты.

І стоячы ля мілага ёй чалавека,

Брыльянты слёз губляла Зося з-пад павекаў.

Прыняў Тадэвуш дар, пацалаваў ёй рукі

І мовіў: "Пані! Час ужо настаў разлукі,

Бывай здарова, не забудзь, прашу маліцца

І за мяне!.." На болей слоў не мог здабыцца.

Ды Граф і Талімэна тут, над спадзяванне,

Угледзелі, ўвайшоўшы, гэта развітанне.

Граф быў узрушан, кінуў вокам к Талімэне

І мовіў: "Колькі ж прыгажосці ў гэтай сцэне,

Калі душа байца і маладой дзяўчыны,

Як лодка з караблём развітвацца павінны!

Ніколі сэрца так не можа разгарацца,

Як пад прымусам ад другога адрывацца.

Час, быццам вецер: ён малую свечку здзьмухне,

Але пажар вялікі з ветру не патухне.

Здалёку і ў мяне лепш сэрца разгарыцца.

Я вас сапернікам лічыў, мой пан Сапліца.

Памылка гэта сталася прычынай звады

І змусіла нас ажно ў шпаг шукаць парады.

Памылку бачу: ты ўздыхаў к пастушцы мілай,

А мне вось гэта німфа сэрца паланіла.

Ў крыві варожай хай патонуць гневы нашы,

Не будзем зброі на сябе ўзнімаць бясстрашна,

Няхай жа спрэчкі ў іншым скончацца змаганні:

Ваюйма за трываласць нашу у каханні!

І я, як вы, прадмет пакіну сэрцу мілы.

Спяшаймася на страшны бой і з поўнай сілы

Ваюйма між сабой цярплівасцю і ўвагай,

Ганяйма ворага рукою дужай і адвагай".

І тут жа скіраваў зрок чулы к Талімэне,

Яна ж не знала, што сказаць ад задзіўлення.

"Мой Граф,- сказаў Суддзя,- а вам дык не канечне

І выязджаць. Вы можаце сядзець бяспечна,

Бо ўрад са шляхтай беднай можа распраўляцца,

А вам, пан Граф, зусім няма чаго баяцца -

Знаёмствы маеце і досыць вы багаты,

Каб суд купіць і не папасціся за краты".

"Не, гэта ўсё з маім характарам не згодна.

Няма як быць каханкам, дык мне неабходна

Праславіцца, і я не пашкадую працы,

Каб мне, хоць сэрцам бедны я, героем стацца".

"Хто ж вам,- спытала Талімэна,- забароніць

Кахаць і быць шчаслівым?" "Лёс мяне мой гоніць,-

Прамовіў Граф,- прадчуццяў цемра рухам тайным

Вядзе мяне ў чужыну к справам надзвычайным.

Скажу, што сёння я збіраўся Талімэне

Развесці на Гімена алтары гарэнне,

Ды мне якраз навуку даў юнак вось гэты

Адмовай ад рукі каханае кабеты,

Каб бегчы сэрца правяраць у перашкодах

Нясталых лёсаў і ў вайны цяжкіх нягодах.

Маёй пачатак новай эры недалёка!

Грымела зброяю маёй Бірбанта-рокка,

Няхай жа і па Польшчы льецца тая слава!"

І па эфесе шпагі тут ударыў жвава.

"Што ж,- мовіў Робак,- нельга гэткую ахвоту

Спыняць, дык едзь, і можаш там узброіць роту,

Як той Патоцкі (што ўсю Францыю здзівіла),

Мільён дзяржаве даў, ці следам Радзівіла,

Які, прадаўшы шмат сваіх шэдэўраў панскіх,

Здаў грошы на ўзбраенне двух палкоў уланскіх.

Едзь, едзь з грашыма, бо людзей там досыць маем,