Выбрать главу

А грошай мала ў Княстве, едзь, благаслаўляем".

Дык Талімэна Графу ў вочы паглядае

І кажа: "Бачу, што ніхто вас не стрымае,

Мой рыцар! Апынуўшыся ж на ратным полі,

Зірні на гэты вось тваёй каханкі колер!

(I тут зняла ад сукні стужку, ўміг зрабіла

Какарду і на грудзі Графу прышпіліла.)

Хай гэты знак вядзе цябе на стрэлы, пікі

І на агонь гармат - на подзвіг твой вялікі.

Калі ж сябе ваеннай славай упрыгожыш

І лаўрамі бяссмертнымі абсыпаць зможаш

І акрываўлены свой шлем, і рэшту зброі,

Зірні на гэту вось какарду той парою,

Руку успомні, што яе прымацавала".

Тут падала руку. І Граф, як выпадала,

Прыкленчвае, цалуе, а яна ля вока

Дзяржыць хусціну, а другім глядзіць звысока

На Графа: ці ўсё гэта праўда? ці магчыма?

I, уздыхаючы, пацепвала плячыма.

Ды тут Суддзя сказаў: "Ідзі, Граф, бо ўжо позна".

А ксёндз: "Даволі, ўжо!- прамовіў з мінай грознай.-

Спяшайцеся!" Вось гэтак ксёндз з Суддзём Сапліцам

Іх праганяюць і змушаюць разлучыцца.

Тадэвуш у слязах, на доўгую разлуку

Абняўся з дзядзькам і ксяндза цалуе ў руку.

А Робак да грудзей прыціснуў яго скроні,

Злажыў на галаве накрыж свае далоні,

На неба глянуў і сказаў: "Сынок мой! Богам!"

І плакаць стаў... Тадэвуш скрыўся за парогам.

"Як так?- спытаў Суддзя.-І ты яму нічога

Не скажаш зараз, нават і перад дарогай?"

"Не,- ксёндз сказаў,- не дам яму ніякіх знакаў

(I тут, закрыўшыся рукамі, доўга плакаў).

Няхай ад беднага лепш будзе гэта скрыта,

Што бацька змушан быў шмат год, накшталт бандыта.

Хавацца ад людзей. Сказаць я марыў,

Ды Богу за грахі зраблю яшчэ ахвяру".

"Тады пара,- сказаў Суодзя,- падумаць штосьці

І аб сабе, бо хвораму ў тваім узросце

Няма як з іншымі збірацца у вандроўку.

Ты ж мне казаў, што ўжо даўно нагледзеў схоўку,

Скажы мне, дзе яна? Вунь брычка ўжо гатова,

Някепскім сховам будзе хатка леснікова".

А Робак галавой крутнуў: "Да заўтра рана

Ёсць час,- сказаў,- пашлі, мой браце, па плябана,

Каб як мага хутчэй прыбыў сюды з прычасцем,

Адпраў усіх, астанься з Ключнікам - на шчасце,

Ён тут. І дзверы зачыні".

Яго наказы

Суддзя ўсе споўніў, сеў на ложак, а Гервазы

Стаіць, апёршы локці на мячы, а скроні,

Прыгнуўшыся, заціснуў у свае далоні.

А Робак, перш чым мовіць, Ключніка аблічча

Праверыў пільным вокам моўчкі, таямніча.

І як хірург перш мяккую руку ўскладае

На цела ў месцы, дзе яго прабіць жадае,

Так Робак быстрыню сваіх вачэй злагодзіў

І імі па Гервазага вачах праводзіў,

Ўканцы, як бы рашыўшыся, ўваткнуць нож зразу,

Прыкрыў рукою вочы і пачаў ад сказа:

"Я - Яцак Сапліца..."

І Ключнік, гэта слова

Пачуўшы, згорбіўся і, корпуса паловай

Нахілены наперад, звіс, прыгнуўшы ногі,

Як камень, спынены ў палёце ў паўдарогі,

Тапырыў вусы, вусны расчыняў шырока,

Гразіў зубоў аскалам, страшным блескам вока,

Рапіру выпусціў, пасля каленьмі сціснуў

Каля зямлі, рукой хапаў, і меч павіснуў

Ля ног, з'язджаў назад, што раз распрасціраўся

І ў розныя бакі канцом сваім ківаўся.

Гервазы быў, як рысь паранены, што хоча

З густэчы дрэва кінуцца стральцу у вочы:

Ўздымаецца клубком, мармыча, зрок крывавы

Іскрыцца, вусы ходзяць, б'ецца хвост рухавы.

"Нішто мяне ўжо ўстрашыць,- ксёндз сказаў,- не можа,

Бо ўжо я, пан Рэмбайла, пад рукою Божай,

Але ў імя таго, які свет грэшны збавіў,

Благаслаўляў сваіх забойцаў і адправіў

Бандыта ў рай, прашу цябе, апамятайся

І выслухаць расказ мой гэты пастарайся.

Сам прызнаюся: я для сэрца аблягчэння

Прасіць хачу, хоць мо й не будзе, прабачэння.

Паслухай споведзі маёй, пасля са мною

Рабі што хочаш". Рукі склаў перад сабою,

Як пры малітве. Ключнік адступаў з вачыма

Адкрыгымі, рукой біў лоб, сціскаў плячыма.

А ксёндз тут распачаў сваё апавяданне,

Як жыў з Гарэшкам, пра вялікае каханне

З яго дачкой і ад таго ўсе непаладкі.

Ды гаварыў бязладна, і былі выпадкі,

Што скаргі і папрокі споведзь абрывалі,

І быццам ён канчаў, ды зноў працягваў далей.

А Ключнік, знаючы падзеі ўсе дакладна,

Усю аповесць, што вялася так бязладна,

Парадкаваў, забытае ішло на памяць.

Але Суддзя ўсяго не мог дакладна ўцяміць.

Абодва слухалі, спусціўшы ўніз галовы,

А ў Яцка ўсё цяжэй зляталі з вуснаў словы,

І часта запыняўся.

* * *

"Ты ж ведаеш, Гервазанька, як Стольнік проста

I часта заклікаў мяне, узносіў тосты,

Крычаў не раз пры ўсіх - таго мне не забыцца,