Што друг яго найлепшы - гэта я, Сапліца.
А як ён абдымаў! Здавалася, са мною
Гатоў ён падзяліцца нават быў душою.
Прыяцель ён? Ён знаў, як там усё гарэла
Ў душы маёй...
* * *
Тым часам шэпты сталі навакол кружыцца,
Такі-сякі казаў мне: "Эй ты, пан Сапліца,
Дарма стараешся, саноўніка парогі,
Не йначай, завысокія на Яцка ногі!"
Смяяўся я, нібыта я ў нішто магнатаў
Стаўляў, а з імі дочкі ўсіх арыстакратаў,
Што быццам к ім хаджу па дружбе на гулянкі,
А ў жоны не вазьму другой, апроч шляхцянкі
Але ў душу калолі гэтакія жарты.
Я малады быў, ведаў, колькі быў я варты
У нас, дзе шляхціц побач мог з арыстакратам
Стаць каралеўскае кароны кандыдатам!
Тэнчынскі ж некалі і ў каралеўскім родзе
Прасіў рукі і атрымаў яе па згодзе.
Імя Сапліцы горшае, скажы адкрыта,
Крывёю, службай для Рэч Паспалітай?
* * *
Як лёгка можна шчасце знішчыць чалавеку
За раз, а не паправіш на працягу веку!
Хапіла б толькі Стольніка на тое згоды,
І мы былі б шчаслівымі даўгія годы!
Мо жыў бы сёння ён тут пры сваім дзіцяці,
Пры Еве дарагой, і пры удзячным зяцю
І ўнукаў калыхаў бы з поўным супакоем,
А так, вось бачыш што? Загублены мы двое,
І сам - забойства гэта - і ўсіх бед прычыны,
І ўсе мае пазнейшыя грахі і віны...
Я абвіняць не ў праве, я свой гнеў пакінуў,
Я абвіняць не ў праве - праз мяне ён згінуў,
Але і ён...
* * *
Каб раз ужо адказ мне пэўны даў адкрыта,
Бо знаў пачуцці нашы, каб маіх візітаў
Больш не прымаў, хто знае, мо б я пасварыўся,
Пагневаўся, паехаў, болей не з'явіўся.
Але ён тут прыдумаў хітры план і новы:
Аб тым, як быццам, не магло быць мовы,
Каб я пасмеў пра сувязь вымавіць два словы.
А я яму патрэбны быў, бо у пашане
Быў я і ў шляхты, і ў магнатаў пры спатканні.
Дык ён, нібы маіх пачуццяў не заўважваў,
Прымаў мяне, як і даўней, са мной расхаджваў,
Прасіў часцей наведваць. А як толькі ў залі
Мы заставаліся удвух, уміг вязалі
Мае пачуцці, просьбы, план ужо гатовы
Яго сумысля абыякавыя словы
Пра сеймікі, суды, пра паляванні...
* * *
Не раз за чаркамі, пачуццям даўшы волю,
Ён кляўся ў дружбе, абдымаў мяне да болю,
Бо я патрэбны быў са зброяю ці ў сойме.
Калі я мусіў абдымаць яго, хто ж пойме,
Якая злосць ва мне кіпела! Ў вуснах сліну
Трымаў, рука сціскала шаблю. Думаў, кіну
Ўсё гэта, плюнуўшы на дружбу ваяўніча,
Ды Ева, бачачы мой зрок, маё аблічча,
Угадвала, не знаю як, што ўсё кіпела
Ва мне. Глядзела з просьбай на мяне, бляднела.
А гэта ж галубочак быў такі лагодны,
І зрок яе быў гэткі ветлівы, пагодны!
Такі анёльскі, што спыняў я пыл імклівы,
Не меў адвагі гневацца, сядзеў маўклівы.
І я, ва ўсёй Літве задзіра ўсім вядомы,
Перад якім дрыжалі панскія харомы,
Які не толькі Стольніка б не пабаяўся,
А нават каралю у крыўду б мо не даўся,
Што ў шал мяне прыводзіла любая спрэчка,
Я ў той час злы, п'яны маўчаў, нібы авечка!
Як бы Santissimum угледзеў!
* * *
Ці раз збіраўся сэрцам я яму адкрыцца,
Унізіцца да просьбаў перад ім, скарыцца,
Ды, глянуўшы у вочы, сустракаў пагляды
Халодныя, як лёд. Дык сам зноў быў не рады
Сваім пачуццям і стараўся зноў упарта
Аб іншых справах гаварыць ці строіць жарты.
Сапліцаў прозвішча, каб толькі не прыблізіць
Сябе да пана і не атрымаць адмовы,
Бо колькі ж паміж шляхтаю было б размовы,
Каб ведалі, што я, Яцак...
* * *
Гарэшкі за Сапліцу дзеўкі не аддалі!
Мне, Яцку, чорнай поліўкі на стол падалі!
Ўканцы, не ведаючы, што і як уладзіць,
Надумаў я са шляхты полк малы зграмадзіць
I, кінуўшы павет свой і свой край каханы,
Прабрацца ў бок Масквы ці дзе на басурманы,
І ваяваць. Паехаў я на развітанне
Да Стольніка з надзеяй, што калі ён гляне
На сябра даўняга, якога у пашане
Усё ж меў за вернасць і вялікія карысці,
Які вось зараз хоча выехаць кудысьці,
Дык можа ўзварухнецца ў ім пачуцце трошкі
І мо пакажа ён мне, як слімак той рожкі,
Крыху душы людской!
Ах, той, хто хоць крыху для сябра сэрца мае,
Хоць іскрачку пачуццяў у душы хавае,
Дабудзе тую іскрачку пры развітанні,
Як аганёк жыцця апошні пры скананні!
Калі апошні раз над сябрам схіліць скроні,
То вока найцвярдзейшае слязу аброніць.
* * *
Бядачка, чуючы, што еду, пабялела,
Як труп, звалілася без памяці - самлела.
Прамовіць не магла і колькі мела сілы,
Душыла страшны плач - такі я быў ёй мілы!
* * *
Я помню, першы раз тады слязьмі заліўся
Ад радасці і роспачы. Пра ўсё забыўся
I думаў кінуцца старому проста ў ногі