І віцца вужам, і крычаць: "Вярні з дарогі,
Як з солі слуп, стаў весці ветліва, нягодны,
Гаворку, ды пра што? Пра доччына вяселле!
У гэткай хвілі! Гервазы, ты ж у целе
Душу людскую маеш!
Кажа: "Пан Сапліца,
Якраз ка мне прыехаў сват Кашталяніцаў.
Ты сябра мой, што скажаш мне аб гэтых сватах?
Дачка ж мая прыгожая, з сям'і багатай,
Каштэлян Віцебскі, як знаеш, у сенаце
Пачэснае займае крэсла! Дык як, браце?"
Зусім не памятаю я свайго адказу,
Здаецца, моўчкі выбег, на каня сеў зразу!"
* * *
"Ты, Яцак,- мовіў Ключнік,- мудрыя прычыны
Знаходзіш, ды твае не зменшацца тым віны!
Здаралася ж ужо, і то не раз на свеце,
Што дочку караля ці пана на прыкмеце
Хто меў, дык думаў, як схапіць яе, украсці,
Адкрыта помсціць. Але хітра так напасці
І пана польскага ў адно забіць з Масквою! "
"Не быў я ў змове!- ксёндз пярэчыў галавою.-
Браць гвалтам? Мог бы я яе з-за крат, з-за клямак
Забраць, разбіць бы мог у пыл яго той замак!
Я Добрынь меў з сабой і іншыя засценкі.
Ах, каб яна была, як іншыя паненкі,
Здаровая! Калі б уцёкаў і пагоні
Цяжары вынесці магла, каб зброя, коні
Яе не страшылі, не ждаў бы я й хвіліны!
Але ж яна была, як чэрвік матыліны -
Такая кволая, пястушачка! Дык сіла
Тут не падходзіла - яна б яе забіла.
Не мог я! Не!
Адкрыта помсціць, замак разваліць у грузы
Стыдаўся, бо сказалі б - помшчу за канфузы!
Ах, Ключнік! Сэрца простае тваё не знае,
Якое пекла ў сэрцы ўніжаны хавае!
А сатана штораз то мне падсоўваў планы:
Крывава помсціць, а прычына каб нязнанай
Была нікому, і пра Еву каб забыцца,
У замку не бываць, з другою ажаніцца,
А там як-небудзь пашукаць якой зачэпкі,
Адпомсціць.
І мне здалося: зжыў я з сэрца дарагую,
Быў рады з выдумкі, і ўзяў сабе другую,
Якая трапілася, дзеўчыну-нябогу!
Нядобра я зрабіў, і кара ж была строгай,
Я не любіў яе. Тадэвушава маці
Мяне кахала, бедная, але, мой браце,
Сваім каханнем першым я быў з толку збіты,
Дык быў, нібы шалёны, заўсягды сярдзіты.
Дарма шукаў сабе заняткаў, інтарэсаў.
Надарма ўсё! Ды ж апантаны помсты бесам,
Не мог знайсці сабе ні месца, ні спакою
Нідзе на свеце. Стомлен доляю такою,
Я піць пачаў.
У хуткім часе жонка з той бяды памёрла,
Пакінуўшы дзіця. Мне сэрца роспач жорла!
* * *
Ах, як бясконца быў яе мне вобраз мілы!
Год столькі! Дзе не быў я! а не маю сілы
Аб ёй забыцца. Вечна твар яе каханы
Стаіць перада мной, нібы намаляваны!
Я піў, але не мог пазбыцца ўсё ўспамінаў
Аб ёй. Не мог, хоць гэтулькі прайшоў краінаў!
Вось зараз я манах, скрываўлены і хворы,
А гавару аб ёй праз час ужо каторы -
Пра гэта гаварыць цяпер? Хай Бог прабачыць
Хачу свае пачуцці тыя растлумачыць,
Якія змусілі...
Было якраз пасля яе заручын, помню,
Усе толькі пра заручыны гудзелі, помню.
Расказвалі, што Ева, як пярсцёнак брала
Ад жаніха, прытомнасць страціла і ўпала,
Што хворая яна, што плача, засыхае,
Угадвалі, што некага тайком кахае.
А Стольнік рад быў і спакойны. Як заўсёды,
Збіраў сяброў і баляваў з тае нагоды.
Мяне не запрашаў - нашто ж я быў патрэбны?
І бедната мая, і ход жыцця ганебны
Пасмешышчам мяне зрабілі перад светам,
Мяне, які калісьці трос усім паветам,
Мяне, якога на'т Радзівіл зваў: Каханку!
Мяне, які як бег на бойку ці гулянку,
То большая чым князя акружала світа.
Калі я шаблю выняў, то вакол сярдзіта
Блішчэлі сотні іх для страху замкаў панскіх!
І вось я стаў пасмешышчам дзяцей сялянскіх!
Такой зрабіўся я ў людскіх вачах драбніцай!
Калісьці важны, слаўны Яцак, пан Сапліца!"
Тут бернардын аслаб і зноў апаў на ложак,
А Ключнік мовіў схваляваны: "Мой ты Божа!
І праўда, праўда! І няўжо ты гэта, Яцку?
Сапліца і манах? І жыў так па-жабрацку?
Ты той, якога помню, як здароў, румяны,
Прыгожы шляхціц быў панамі разрываны
І за якім шалелі ўсе жанчыны! Вусе!
Не так даўно! Ты так зблажэў! Я не зміруся,
Што не пазнаў цябе па стрэле тым удалым,
Такім цудоўным у мядзведзя, дасканалым!
Бо над цябе стралка Літва не знала наша,
I шабляй біўся не горш Мацька ты, манаша!
Сапраўды! пра цябе пяялі ў нас паненкі:
"Як Яцак круціць вус, трасуцца ўсе засценкі,
Калі завяжа вус супроць тых, хто нямілы,
Дык хай дрыжаць, хоць бы і нават Радзівілы".
Вось гэткі вузел завязаў майму ты пану!
Няшчасны! Гэта ты? І ты надзеў сутану?
Вус-Яцак - ён манах! Мой вялікі Божа!
І зараз! га! Ды так табе прайсці не можа,
Я даў прысягу: хто Гарэшкаў акрывавіў..."