Выбрать главу

І ўсё цікавяцца заходняй стараною,

Як быццам цуду выглядаючы якога.

На птушкі з выраю глядзяць усе з трывогай.

Вярнуўся бусел на гняздо і на світанні

Раскінуў крыллі белыя - вясны сцяг ранні.

За ім крыклівым статкам, дружнай грамадою

Ляцелі ластаўкі, кружылі над вадою

І мерзлае балота на дамкі насілі.

Вальдшнэпаў вечарам шуршэлі ў лесе крыллі,

І статкі дзікіх гусак неба пакідалі

І зморана і гулка на папас сядалі,

І дзесьці ў хмарах чуўся покліч жураўліны.

Начныя старажы ў такія вось хвіліны

Пытаюць здзіўлена: што птушак так трывожыць

І што іх гэткі ранні пералёт варожыць?

А вось і статкі новыя; як гурт сінічак,

Шпакоў і снегіроў, заззялі маляўніча

На стройньк шапках кутасы, сцяжкі на піках.

Вось коннікі! Здзіўляе зброя, форма, лік іх!

Палкі, як талы снег вясною, нечакана

Плывуць дарогамі няспынна, нестрымана.

З лясоў чарнеюць шапкі, штык ільсніцца важкі,

Паўзуць пяхоты незлічонае мурашкі.

Усе на поўнач! Быццам вырай пакідалі

За птушкамі і людзі, паляцеўшы ў далі,

Нібы іх гнаў інстынкт у гэты край нязнаны

Гарматы, людзі, коні цераз змрок, туманы

Плывуць, а неба палымнее ад пажараў,

Дрыжыць зямля ад перуноў і ад цяжараў.

Вайна! вайна! Літва кутка таго не мела,

Дзе б гул яе не трапіў. Там, дзе зелянела

Густэча пушчаў, дзе мужык амаль ніколі

Граніц лясоў не парушаў, не быў на полі;

Не знаў другіх, апроч віхуры, ў небе зыкаў,

А на зямлі, апроч звярыны рыкаў,

Гасцей не бачыў, акрамя ваўкоў і дзікаў,

Заўважыў полымя на небе, дым кудлаты.

У пушчы грукат - там ядро з якойсь гарматы,

Зблудзіўшы, ў лес апала. І зубр барадаты,

Стрывожаны сукоў і пнёў трашчаннем жудкім,

Сарваўся з моху, ўздыбіў грыву рухам хуткім

І на пярэднія прыўзняўся мігам ногі,

Ўстрасае барадой ад дзіву і трывогі

І пазірае ў лом на бляскі папялішча.

А там граната круціцца, гудзе і свішча,

І з гукам рвецца, як пярун. І зубр баіцца

Ў жыцці мо першы раз і ў глуш бяжыць забіцца.

"Дзе бітва? у якім баку?"- хлапцы пытаюць

І зброю рвуць, жанчыны рукі узнімаюць.

Усе у перамогу вераць, са слязамі

Крычаць: "З Напалеонам Бог, а Напалеон з намі!"

О ты, вясна! так памятная ў нашым краю,

Вядомая вясна вайны! Вясна ўраджаю!

Якой жа ты была чароўнай і кіпучай,

Травою, збожжам, кветкамі, людзьмі бліскучай,

Багатаю здарэннямі, надзеяў поўнай!

Цябе я помню марай соннаю цудоўнай!

Народжаны ў няволі, скуты з год дзіцячых,

Адну вясну ў жыцці я гэтакую бачыў.

Двор Сапліцаў быў каля самае дарогі,

Якой вялі свае палкі да перамогі

Князь Юзаф і Вестфаліі кароль Геронім.

Занята ўжо Літва ад Гродна аж па Слонім,

І вось кароль даў войску тры дні адпачынку.

Ды польскія салдаты нават на хвілінку

Спыніцца не хацелі, ўголас наракалі,

Што з войскам царскім іх схапіцца не пускалі

Непадалёк раскінуў князь свой штаб асноўны,

А ў Сапліцове войска з сорак тысяч поўных,

I са штабамі сталі генерал Дамброўскі,

Князевіч, Малахоўскі, Гедрайць і Грабоўскі.

Было не рана, як прыйшлі, дык дзе папала,

У замку, у двары, кватэрай войска стала.

Расстаўлены ўжо варты, выданы загады,

Дык кожны, маршам стомлены, прылегчы рады

Ўначы заціхла ў замку, на двары, на полі,

І толькі цені патрулёў снуюць паволі.

Часамі ўзблісне вогнішча там-сям у змроку

І пільнай варты поклічы чуваць здалёку.

Спаў гаспадар і камандзіры, і салдаты.

І толькі Войскі сном салодкім не абняты,

Бо Войскі думае бяседу заўтра справіць,

Якой жадае дом Сапліцы ўвек праславіць,

Бяседу, вартую гасцей даўно чаканых

І сэрцу мілых, так здалёку пазбіраных,

Якая вінна і сямейным святам стацца,

Бо заўтра аж тры пары будуць заручацца.

А генерал Дамброўскі праявіў жаданне

Абед мець польскі.

Хоць і час ужо не ранні,

Ды з Войскім жвава аж пяць кухараў кухмарыць

З двароў суседніх. Вось у кухні гаспадарыць

Сягоння ён, і ён адказны за ўсе стравы,

На ім каўпак, фартух. Стары рухавы

Трымае бітку, каб гнаць бруд ёй усялякі,

Які так хціва налятае на прысмакі,

Другой рукою акуляры ускладае

I, з-пад палы дастаўшы кнігу, раскладае.

Завецца кніга тая "Кухар дасканалы",

А ў ёй дакладна спісаны ўсе спецыялы

Сталоў у Польшчы. Раз у Рыме граф з Тэнчына

Па ёй гасцей прымаў такім раскошным чынам,

Што гэта нават папу Урбана здзівіла.

Пасля па ёй таксама ў князя Радзівіла

Прымалі ў Несвіжы манарха Станіслава.

Там гэтакі быў баль, якога слава

Ў Літве паўсюль й цяпер жыве ў сялянскай казцы.