Выбрать главу

Што ўлады новую работу разгарнулі,

Агульны сейм збярэцца хутка ўжо ў сталіцы.

Я толькі коратка хацеў бы запыніцца

На справе, што датычыцца сям'і Сапліцаў,

Паноў тутэйшых.

Мы не будзем адракацца,

Вядома ўсім, што некалі рабіў пан Яцак

Калі яго грахі ўся ведае акруга,

То трэба расказаць і пра яго заслугі:

Прысутныя тут нашых войскаў генералы

Прывезлі ў адрас Яцка многія пахвалы.

Пан Яцак не памёр (як гаварылі) ў Рыме,

Але змяніў жыццё сваё і стан, і імя,

І акупіў усе свае старыя віны

Жыццём святым і працай на карысць Айчыны.

Пад Гогэнліндэн, калі Рышпанс паўразбіты

Збіраўся адступаць за радаю ўсёй світы,

Не ведаючы, што надходзіць дапамога,

Ён, Яцак-Робак, небяспечнаю дарогай

Прынёс пісьмо Князевіча да генерала,

Што наша войска тыл варожы акружала.

Пасля ў Іспаніі, дзе польскія уланы

Гор Самасеры бралі пункт умацаваны,

Пры Казетульскім, ён быў ранены два разы!

А потым пераносіў тайныя наказы

У розныя краіны. Выпаўняў заданні

У тайных таварыствах, уздымаў паўстанні.

А потым дома зноў, дзе працы той не кінуў,

Рыхтуючы паўстанне, у наездзе згінуў.

Калі дайшла пра гэта звестка да Варшавы,

Было ўжо там вядома, што для Яцка славы

Ад кесара яму прыслалі ўзнагароду:

Адзнаку Легіі за працу для народу.

Вось гэта беручы цяпер на ўвагу,

Я тут, рэпрэзентуючы сабой павагу

Улады ваяводскай, гэтым аб'яўляю,

Што ласкай кесара і службаю для краю

Пан Яцак пляму змыў. Зноў будзе і ў пашане

Яго імя, і побач слаўных, чэсных стане.

Дык хто цяпер кране нябожчыка папрокам

За віны даўнія, пакрыгыя ўжо змрокам,

Той панясе належную яму пакуту -

Gravis notae maculae, што па Статуту

Прадбачыцца на ўсіх, нягледзячы на станы.

І кожны можа быць за гэта пакараны,

Бо зараз маем роўнасць, і параграф трэці

Усіх датычыць, што прашу мець на прыкмеце.

І гэтыя, цяпер прыведзеныя факты

Запішуцца, і возны прачытае акты.

А што прыйшла запозна к Яцку ўзнагарода,

Дык гэта чэсці Яцкавай не перашкода.

Калі грудзей яго ўпрыгожыць мы не можам,

Дык ордэн гэты зараз на магілу ўзложым.

Тры дні вісець тут будзе, а пасля ў капліцы,

Як дар для Маці Божай, будзе залаціцца".

Сказаўшы гэта, выняў ордэн з пакрывала,

І вось на надмагільным крыжыку заззяла

Кукарда, сшытая са стужачкі чырвонай,

І белы зорны крыж пад залатой каронай.

А зоркі супроць сонца так зазіхацелі,

Нібы героя славу несці ў свет хацелі.

Народ тым часам на калені станавіцца,

Каб за ўпакой душы героя памаліцца.

Суддзя чаргой сялян і шляхту - ўсіх дазвання

У Сапліцова запрашае на гулянне.

А два старыя ўселіся на прызбе дома

З паўгарцамі мядку ліповага, вядома,

І ў сад глядзяць, туды, дзе паміж кветак маку

Стаяў улан прыгожы у бліскучым чаку,

Прыбраным бляхай залацістаю і пер'ем;

А побач вочкі сінія к яму з давер'ем

Дзяўчына прыўзняла ў зялёнай, быццам з руты,

Сукенцы. Над травой паненак гурт самкнуты -

Збіраюць кветкі, адварочваюць галовы

Ад маладых, каб ім не перабіць размовы.

Старыя мёд п'юць, табакеркаю ліповай

Частуюцца і забаўляюцца размовай.

"Так, так, Пратазаньку ты мой", - сказаў Гервазы

"Так, так, Гервазаньку ты мой", - сказаў Пратазы

"Ды так, так", - згодна паўтарылі са тры разы

З кіўкамі галавы. Урэшце мовіў Возны:

"Што спрэчка наша скончана ўжо, бачыць кожны.

Я помню прыкладаў такіх з жыцця не мала,

Дзе часта горшых на'т эксцэсаў шмат бывала,

А інтэрцыза ўвесь закончыла той клопат.

Вось так з Барздабагатымі згадзіўся Лопат,

Крапштулі з Купсцямі і Путрамэнт з Піктурнам,

З Адынцамі Міцкевіч, а з Квілецкім Турна.

Што тут казаць! У Польшчы горшыя замешкі

З Былі з Літвой, чым у Сапліцаў і Гарэшкі,

А мудра каралева ўладзіла Ядвіга,

Што без судоў закончылася ўся інтрыга.

Някепска, калі ёсць паненкі або ўдовы

Для замужжа, дык кампраміс раз-два гатовы.

Найгоршая цяжба з духоўнымі бывае

Каталікамі, ці радство перашкаджае

І загародкі для жаніцьбы утварае.

Таму вось ляхі з русамі здаўна нязгодны,

Што продкаў мелі Леха з Русам - браццяў родных.

Адтуль у нас працэсаў столькі месца мела

З тэўтонцамі, пакуль не выйграў наш Ягелла.

Так справа доўгімі цягнулася гадамі

Між Рымшам і дамініканскімі ксяндзамі,

Пакуль не выйграў syndyk манастырскі Дымша,

Адтуль і прыказка: Бог большы, чым пан Рымша,

А я дабаўлю: мёд шмат лепшы за Сцізорык".

І піў да Ключніка паўгарцам раз каторы.

"I праўда, праўда! - Ключнік адказаў з пачуццем