Выбрать главу

Тадэвуш і суседка пасярод размовы

Падскочылі, рвануўшы ўраз свае галовы

У два бакі, нібы вяршаліны двух хвояў

Пад націскам вятроў, і з-пад стала абое

Рванулі рукі, што ляжалі ўжо бок з бокам,

А твары чырванню набеглі ў момант вока.

Тадэвуш, каб збянтэжаным не паказацца,

Прамовіў: "Праўда, пане Рэент, мне, прызнацца,

Ваш Кусы спадабаўся, а калі ён хопкі..."

"Ці хопкі?- крыкнуў Рэент,- Гэтакі таропкі

Сабака ды каб быў не хопкі!" Дык нанова

Яму прыхільнае Тадэвуш мовіў слова

І шкадаваў, што бачыў гончага выпадкам

І часу мала меў, каб ацаніць парадкам.

Тут задрыжэў Асэсар, выпусціў кілішак

І ўбіў зрок у Тадэвуша, як базылішак.

Асэсар менш крыклівы, не такі рухавы

І шмат драбнейшае за Рэента паставы,

Быў страшны на шляхоцкіх зборышчах, бывала.

Казалі ўсе, што ў языку ён мае джгала,-

Такія ён прыдумваў анекдоты, жарты,

Што кожны з іх у каляндар быў трапіць варты,

А вострыя ж усе! Даўней ён жыў багата,

Ды спадчыну бацькоў і ўсю маёмасць брата

Пусціў, разгульваючы па вялікім свеце.

Цяпер служыў, каб быць хоць нечым у павеце.

Любіў ён паляванні ці то для забавы,

Ці мо таму, што голас труб і час аблавы

Яму прыносілі ўспамінаў шмат з былога,

Калі стральцоў прыдворных меў і гончых многа.

З той псярні толькі два сабакі засталіся,

А тут з іх аднаго прыніжваць узяліся.

Дык падышоў, твар, бакенбардамі пакрыты,

Пагладзіў і сказаў з усмешкай ядавітай:

"Бясхвосты хорт - як шляхціц, службай не заняты

А пан сцвярджае, быццам лепшы хорт куртаты?

Па-мойму, хорт з хвастом заўсёды болей ходкі,

Лепш мо на суд здамося вашай, пане, цёткі.

Хоць пані Талімэна век жыла ў сталіцы

І к нам нядаўна толькі рачыла з'явіцца,

Ды знае паляванне лепш, чым хто між намі,-

Навука ж бо прыходзіць і сама з гадамі".

Тадэвуш, на якога з боку інтрыгана

Зваліўся гром, падняўся з месца ўсхвалявана

І моўчкі стаў глядзець саперніку у вочы...

На шчасце, Падкаморы чхнуў магутна двойчы.

"Віват!" - сказалі ўсе. Ён дзякаваў ад сэрца

І пальцамі пачаў званіць па табакерцы,

Што з золата была, з брыльянтавай аправай,

З партрэтам унутры манарха Станіслава -

Ад караля падарак бацьку ўласнаручны.

Яе ён даставаў у кожны момант зручны

І звонам знак даваў, што хоча адазвацца.

Дык вось замоўклі ўсе, не смелі больш спрачацца

А ён сказаў: "Браты і шляхта дарагая!

Таму, што форум паляўнічых - поле з гаем,

Дык гэтых спраў у хаце я не вырашаю,

А пасяджэнне на наступны дзень склікаю,

Бо рэплік на сягоння ўжо даволі.

Гэй, Возны! Адклікай на заўтра справу ў поле.

А заўтра Граф і паляўнічых больш прыедзе.

І пан Суддзя падасца з намі. Так, суседзе?

І пані Талімэна, ўсе паненкі, пані

Захочуць, думаю, пабыць на паляванні,

І Войскі, спадзяюся, рушыць з намі з дому".

Пры гэтым табакерку падаваў старому.

А Войскі, седзечы ў канцы стала далёкім,

Сачыў за ўсім прыжмураным разумным вокам.

І хоць яму пытанні моладзь задавала,

Бо знаўцаў гэтакіх, як ён, было ўжо мала,

Сядзеў зусім без слоў і без ніякіх рухаў,

Табаку ў шчопцях важыў, а пасля панюхаў

І чхнуў, аж памяшканне загудзела рэхам.

Тады прамовіў з лёгкім, гаркаватым смехам:

"О, як жа сумна мне старому! Я ў здзіўленні!

Бо што ж сказалі б у мінулым пакаленні,

Каб у кампаніі такой, як тут мы бачым,

Пачаў мірыць хто спрэчку аб хвасце сабачым!

І што сказаў бы Рэйтан, каб цяпер прачнуўся?

Напэўна б у свой ляхавіцкі склеп вярнуўся!

Што б Несялоўскі нам сказаў, які трымае

І зараз мо найлепшыя на свеце зграі

І мае сотні дзве стралкоў, звычаем панскім,

І сецяў сто вазоў у замку Варанчанскім,

А столькі год, як той манах, сядзіць удому,

І нельга упрасіць яго ўжо ў лес нікому -

Белапятровічу і то паслаў адмову!

Чаго ж яму чакаць ад сённяпшяга лову?

Было б прыгожа, каб ён, пан старога роду,

Ганяць па полі шаракоў, як вы, ўзяў моду!

У мой час, пане, згодна мовы паляўнічых,

Дзік, лось, мядзведзь ды воўк шляхоцкай быў здабычай

А вось без рог, клыкоў ці кіпцюроў звярына

Была здабычаю слугі ды селяніна.

Ніхто з паноў не ўзяў бы стрэльбы ў рукі потым,

Калі б яе спаганіў нехта дробным шротам!

Трымалі і хартоў, ды толькі для забавы.

Калі з-пад ног шмыгне шарак пасля аблавы,

Тады за ім сабак, бывала, выпускалі,

А следам панічы на коніках скакалі

Пад вокам у бацькоў, што ў той бок ледзь глядзелі,

Ні то што каб пасля сварыліся, гудзелі.

Дык хай яснавяльможны Падкаморы рачыць