Выбрать главу

Цвічок хмыкнуў, ні ў чым не перакананы.

– Дарэчы, пра прытулак. Я ж не проста так прыпёрся, у кабінет ламіўся… Мяне Малгося прыслала. Такія справы робяцца…

– Раман, не варта расказваць тут… Давайце выйдзем на вуліцу, дачакаемся Яўгеніі.

Мяркуючы па ўсім, Магістру цяпер паўсюль мсціліся віжы.

На вуліцы было ціха, як у зачараваным царстве. Быццам тут спыняліся ўсе гадзіннікі, люстэркі нічога не люстравалі, а словы ў кнігах пераварочваліся, як вусені, і распаўзаліся па старонках. Лес гайдаў на вершалінах неба, а можа, спрабаваў яго прабіць сваімі вострымі дзідамі… Пахла хлоркай і печанай бульбай. Вакол павольна паміралі людзі – бо чалавек памірае заўсёды, ад моманту нараджэння.

Цвічок праводзіў вачыма таўсматую кабету ў белай хустцы, якая па асфальтавай дарожцы нетаропка несла вядро з чырвоным надпісам «Кампот». Палову твару кабеты хаваў агідны юлёвы нараст. Быццам прыліпла луста сырога мяса.

Магістр і Ромка прыселі на лаўку з негабляваных шэрых дошак пад кустом адцвілага бэзу. Люцыян беражліва, быццам снарад, паклаў побач з сабой тканевы скрутак.

– А што гэта ў вас за палатно? – няўважна папытаўся Ромка, намацваючы ў кішэні папяросы. Пакуль урачыха не прыйшла, трэба паспець пакурыць. Жэнька шкодная, адбярэ цыгарэту, палохаючы сухотамі.

– Гэта рытуальны рушнік, – сур’ёзна прамовіў Магістр. – Лічыцца, што дапамагае парадзіхам. Ганна Саколка з сабой прынесла.

– І вы дазваляеце такое цемрашальства? – пагардліва пыхнуў дымам «беламорыны» Ромка.

– А чаму не? – Люцыян падставіў худы твар сонцу і стамлёна прымружыў вочы. – Падчас фізічных пакут чалавеку можа дапамагчы вера хоць бы і ў чароўны гузік… Калі прабабчын рушнік заменіць лыжку брому – хай будзе.

– Вера… – пакрывіўся Цвічок. – Як поп гаворыце…

Люцыян скасавурыўся на былога вучня.

– А памятаеце, Раман, як я ў партызанскім лагеры вам рану зашываў? Цяжка было выцерпець боль?

Цвічок ганарыста выпрастаў спіну:

– Камсамольцы болю не баяцца! Падумаеш, асколак са сцягна дасталі… Вы ж тады і абязбольваючае мне ўкалолі, так што я амаль нічога і не адчуваў, так, быццам пчала ўкусіла.

– І што, вы памятаеце ўсе падрабязнасці аперацыі? Як я, напрыклад, вам тое абязбольваючае даваў? – працягваў допыт Корвус.

– Памятаю, канечне, я ж без прытомнасці валіцца не збіраўся! – дым ад Ромкавай пралетарскай «беламорыны» звіваўся ў арыстакратычныя вензелі. – Вы доўга пыталіся, ці адчуваю, як нямее ступак, пасля галёнка, пасля сцягно, ды яшчэ патрабавалі, каб, адказваючы, глядзеў вам у вочы. Спадзяваліся на мане падлавіць, ці што?

– Ну і лякарства добра зняло боль?

Ромка раздражнёна паціснуў плячыма.

– Я ж сказаў…

– Справа ў тым, Раман, – гэтак жа роўна працягваў Люцыян, – што тады ніякага абязбольваючага ў мяне не было. Медыкаментаў амаль не засталося, параненых шмат… Так што я проста змусіў вас, як змушаў іншых пацыентаў, паверыць, што боль знік.

Цвічок ажно забыўся на цыгарэту.

– Ну як жа… У мяне ж праўда тады нага знямела, як аднялася, хоць рэж… Гіпноз, ці што? Як у Вольфа Месінга? Мне загадчык склада нашага расказваў, бачыў хлапчуком яшчэ да рэвалюцыі, як малады Месінг выступаў у Гомлі і пратыкаў сабе спіцай шыю.

– Скажам так, у мяне навуковая методыка ўнушэння… – ухіліста адказаў Корвус. – І прыдумана яна не сёння. Каб ты, Цвічок, любіў Шэкспіра, я б працытаваў: «Ёсць шмат на свеце, дружа мой Гарацыа…» Але штось мне падказвае, што з Вільямам і ягоным дацкім прынцам ты знаёмы не блізка, таму паўтару ўлюбёнае выслоўе майго бацькі: «Цуд – гэта тая рэальнасць, якая адкрываецца нам хутчэй альбо ў большым аб’ёме, чым мы здольныя зразумець і прымірыць са сваімі ведамі».

Корвус асцярожна разгарнуў рушнік – вузкі, у дзве далані, і даўжэзны, як зімовая песня:

– Бачыш, тут, акрамя вышыўкі, сухія кветкі прымацаваныя?

Ромка, раздражнёны нечаканай лекцыяй з антысавецкімі дацкімі прынцамі, недаверліва крануў пальцам шорсткае сцябло незразумелай расліны.

– Якаясь цудоўная папараць-кветка альбо разрыў-трава?

Корвус хмыкнуў, успамінаючы, відаць, уласныя квяцістыя расповеды Ордэну захавальнікаў пра спамянутыя зёлкі.

– Не чароўная, а дужа рэдкая. Тутэйшы гаспадар, Жыгімонт Корвус-Дзякловіч, учыніў у маёнтку дэндрарый і сад лекавых раслін. Цікавы персанаж, дарэчы… Такі… прагрэсіст і дысідэнт свайго часу. Гэта – адна з зёлак, здабытых ім у вядомага батаніка Станіслава Юндзіла. Яна расце толькі на Далёкім Усходзе. У шпіталі ёсць медбрат, ён былы ксёндз. Не крывіся, таварыш ваяўнічы атэіст, ён добры чалавек, фашысты яго за адмову супрацоўнічаць у лагер смерці кінулі… Дык вось, ён распавёў, што на рушніку вышыты жыццяпіс святой Маргарыты, апякункі парадзіх. А кветачка называецца чырвоны дракон: святая Маргарыта перамагла цмока, які яе праглынуў, таму вось такая кветка ёй адпавядае. Расліна – моцны рэлаксант. Корвус-Дзякловіч і ягоная жонка-лекарка гэта добра ведалі і ўжывалі ў лячэнні. А я ў адной старой кнізе – тут захаваліся рэшткі бібліятэкі Дзякловічаў – знайшоў звесткі, што гэты чырвоны дракон дадаваўся нат у лекі ад праказы. А наконт навукі і цемрашальства…