Корвус крануў кончыкамі доўгіх пальцаў радзінны рушнік.
– Калі нараджала ўлюбёная жонка караля Генрыха Восьмага Джэйн Сэймур, кароль парушыў усе звычаі і даслаў да парадзіхі двух сваіх лепшых дактароў. Мужчыны дагэтуль не дапускаліся ў пакой, дзе адбываліся роды, усё рабілі павітухі. І Джэйн Сэймур памерла. Таму што дасведчаныя дактары пачалі камандаваць цёмнымі кабетамі. Напэўна, і не апрабаваныя імі самімі травы не далі ўжыць. І не дазволілі дастаць рэшткі плацэнты з маткі… Назапашаная стагоддзямі практыка, нават калі на нейкім этапе абвяргаецца навукай, з развіццём тае навукі можа быць пацверджаная і тэорыяй.
Ну вось, паехаў Магістр лекцыі далдоніць… Расліны-рэлаксанты Цвічка цікавілі не больш, чым назва птушкі, што сумна ценькала дзесь непадалёк.
На шчасце, паказалася Жэнька. Яна трохі пакульгвала, значыць, канкрэтна замарылася. Корвусу, які лёгка падхапіўся з лаўкі пры яе набліжэнні, суха кіўнула – маўляў, усё ладам з пацыенткай.
– У горадзе сходы пачалі праводзіць, прысвечаныя ўрачам-шкоднікам… – спяшаючыся, Ромка выкладваў навіны. – Шкоднікі паўсюль, і іх трэба выяўляць. Там адзін дзядок ёсць… з Малгосяй працуе. Ну, нібыта яго і выявілі. Малгося кажа, памылкова, папрасіла тэрмінова сюды адвезці. Кажа, калі арыштуюць, памрэ. Ён хворы, сардэчнік. Восіп Мацеевіч Візін… Візінтанк, здаецца.
– Прафесар Візенталь? Восіп Мацеевіч? – перапытала Жэнька, і Ромка заківаў галавою. Жэнька і Люцыян агаломшана перазірнуліся.
– Мы па ягоных падручніках вучыліся, – скрушна ўзгадала загадчыца шпіталя.
– Не адно пакаленне ўрачоў падрыхтаваў. А колькі пацыентаў выратаваў… – з горыччу мармытаў Корвус, скручваючы чарадзейны рушнік. – Жывая легенда.
– Ну, здаецца, была нядаўна жывая… – з няёмкасцю перхануў Цвічок. – Прафесару вашаму ў дарозе кепска стала. Твар пасінеў, што ў нябожчыка. Як прыехалі, яго ў той корпус забралі, што адразу ля варотаў. Чакайце, яшчэ не ўсё…
Корвус і загадчыца, гатовыя бегчы да яшчэ магчыма жывой легенды, трывожна ўтаропіліся ў госця.
– Тут у лясах банда аб’явілася, фашысцкія недабіткі. Спецыяльны атрад паслалі іх лавіць. Ну, і сюды могуць атрадаўцы хутка завітаць. Трэба ж праверыць, ці няма ў каго сувязі з бандытамі, ці не чулі чаго. А ў вас тут немаведама што за тыпы… – Ромка раздражнёна цыркнуў скрозь зубы. – На вашым КПП да мяне бандзюк нейкі прычапіўся, усе рукі ў татуіроўках… Прафесара «бацыльным» называў, мяне – то «гаўрыкам», то «ваньком». А я ведаю, што гэта значыць. У нашай роце быў адзін крымінальнік. Ён казаў, што «ванькамі» блатныя называюць звычайных людзей, якія не ведаюць, што маюць справу са злодзеямі. Так што на месцы ястрабкоў я б гэтага тыпуса з КПП добра патрос, ён жа з вінтоўкай ходзіць.
Гэта была кепская навіна… Спецатрадаўцы-«ястрабкі» – не медкамісія. Могуць не пабаяцца заразы…
– На КПП – гэта двое былых штрафбатаўцаў, Гаўрылкін і Дрыжка, сябры санітара Сымона Пятровіча. Яны надзейныя хлопцы… – патлумачыла няўважна Жэнька і змрочна дадала: – Трэба дакументы на ўсіх нашых да ладу прывесці.
Сапраўды, дакументы – важней за людзей. У гэтай краіне паперка губіць, паперка ратуе.
Размову перарвалі крыкі. У Прытулку разгаралася нежартоўная баталія: лямантавалі, як на Старавежскім кірмашы, калі сярод цыганскіх коней хтось заўважыць свайго, скрадзенага. Пазнаваўся нізкі голас Пятра Сымонавіча, вісклівы – санітаркі…
– Што ж такое…
Загадчыца Прытулка і суразмоўцы кінуліся туды, куды падцягваліся, хто цішком на мыліцах, хто бегма на адносна здаровых нагах, і іншыя насельнікі. На лаўцы застаўся ляжаць скручаны чароўны рушнік.
Віры віравалі ў шэрым аднапавярховым будынку, узведзеным ужо за савецкім часам, тым самым, куды адправілі хворага прафесара. І прафесар, сухенькі старэча, як выразаны з пергаменту, быў тут жа, сядзеў ля вакна на пашарпаным венскім крэсле. Блакітныя, трохі выцвілыя вочы разгублена паглядалі праз старамоднае пенснэ на гармідар. Рэшткі сівых кучаравых валасоў – быццам дым над загасаючым вогнішчам, а вусны аж пасінелі, медыкам не трэба быць, каб зразумець, што сардэчнік.