– Ідзіце прэч! Бачыць вас не хачу!
Жэньку зноў калаціла… Люцыян умольна падняў рукі, быццам здаючыся ў палон.
– Яўгенія, дазвольце пагаварыць з вамі! Не праганяйце мяне! Я цяпер бачу, што вінаваты перад вамі куды больш, чым мог падумаць…
– Адчапіцеся! Што вам трэба?
Жанчына дыхала цяжка, быццам прабегла цэлую вярсту. Па ілбе каціліся кроплі поту.
Корвус стаяў нерухома пад яе напружаным позіркам.
– У вас звычайная рэакцыя псіхікі на моцную траўму. Я з гэткім сустракаюся часта. Такое праяўляецца праз месяц, праз год і без лячэння не праходзіць. Свядомасць не можа прымірыцца з перажытым. Чалавек не хоча ўспамінаць страшны момант, заганяе ўспамін глыбей… Але калі трапляе ў падобную сітуацыю – пра яе можа нагадаць гук, дотык, пах, – прыступ панікі. Некантраляваны.
Люцыян падбіраў словы асцярожна, як друзачкі каляровага шкла для складанага вітража.
– Вы ўжо дыягназ мне паставілі. Ну так, я ж здуру прызналася вам, што Рыгор мяне біў.
Голас Жэнькі быў хрыпаты і перарывісты, быццам яна толькі што доўга крычала, зрываючы горла.
– І цяпер я, такая вось зацюканая, запалоханая кабета, шугаюся любога дотыку… Вартая жалю, ці не так?
– Мне ў галаву такое не прыходзіла! – Корвус гаварыў ціха і мякка. – Урэшце, тут у нас з вамі шмат агульнага – Рыгор і на мне кулакі выпрабоўваў, а я не супраціўляўся. Не будзем казаць пра ягоную хваробу. Пагаворым пра вашую. Сітуацыя з мужам – гэта працяг, а пачатак сапраўды ў сорак трэцім…
– Я не павінна была вас вінаваціць, прабачце, – прамармытала Жэнька. – Вы рабілі, што мусілі…
Але Корвус закруціў галавой.
– Гэта якраз і ёсць – адмаўляць сапраўдныя перажыванні… Вы – разумная, ураўнаважаная жанчына. Ведаеце, як належыць ацэньваць сітуацыю. Але ваша траўмаваная ўнутраная сутнаць гэтага не ведае. Уявіце – у вашай душы жыве дзіцё, яму балюча і страшна, для яго зноў і зноў паўтараецца жах… І пакуль вы, дарослая, не пражывеце тую жахлівую сітуацыю, не прымеце, не агучыце пачуцці ўнутранага дзіцяці – яны будуць раз’ядаць вас знутры…
Яўгенія сунула рукі ў кішэні і злосна пасміхнулася. Да ніжняга гузіка яе халата прычапілася зялёная травінка, быццам лясныя русалкі паслалі візітоўку будучай сяброўцы.
– Што вы ад мяне хочаце, калега? Споведзі? Маральнага распранання?
– Вось, вы адразу згадалі наконт распранання… – тужліва ўздыхнуў Люцыян. – Той жах, які вы перажылі па маёй віне. Выкажыце мне тое, што стрымліваеце. Вы павінны ўпэўніцца, што я бяспечны для вас, што вы можаце справіцца са мной!
Корвус гаварыў амаль умольна.
– З чаго гэта вы вырашылі, што я вас баюся? Пасля таго як састаўляла вашы паламаныя косці і месяц сузірала ваш амаль труп у ложку свайго шпіталя? Не шмат пра сябе думаеце?
Жэнька гаварыла скрозь зубы, з выклікам, мімаволі нагадаўшы Стахевіча. Корвус раптам зрабіў хуткі крок наперад, працягнуўшы руку, і жанчына інстынктыўна адхінулася, адступіла, ледзь не паваліўшыся на нейкай купінцы. І зараз жа раззлавалася за гэтую сваю слабасць.
– Бачыце, фобія мацней за вас… Вы ж доктар, Яўгенія! Павінны разумець, што нельга саромецца хваробы! І нельга яе замоўчваць.
Люцыян зноў адступіў назад, душачы чаравікамі пыльна-чорныя чарніцы, якім ужо не лёс быў патрапіць у бальнічны кампот.
– Вы хочаце, каб я зноў пражыла тую сітуацыю, калі мяне схапілі немцы, а вы мяне прывязвалі амаль голую да плота? – нават вусны Жэнькі дрыжэлі. – Вы адгадалі, самае страшнае для мяне было не пагроза смерці, не холад, а тое, як вы здзіралі з мяне адзежу. Кофту, сукенку… Абыякава, груба… Як быццам я прадмет, рэч. А потым… Потым вы сцягнулі з мяне панчохі…
Жэнька пачала задыхацца…
– Ціха, ціха… – Корвус раптам укленчыў, схаваўшы рукі за спіну. – Паглядзіце, вось ён я – цяпер вы маеце нада мной уладу. Вы моцная. Вы можаце ўсё выправіць.
– Балаган нейкі… – загадчыца шпіталя страсянула галавой у кароне каштанавых кос. – Я разумею, што, каб вы не выканалі загад нямецкага афіцэра, гэта ўсё са мной зрабіў бы іншы, і было б куды горш… Але… Я помню вашы рукі на сабе… Халодныя мужчынскія пальцы… А я ж нават не цалавалася да гэтага ні разу!
Яўгенію перасмыкнула.
– І вось цікава – да мяне дакраналіся іншыя… Фашысты, паліцаі… Штурхалі, білі… А ўрэзаліся ў памяць менавіта вы, які мяне пасля выратаваў.
– Таму і ўрэзаўся… Што нібыта свой, а раблю ганебнае… – з горыччу зазначыў Люцыян.
– А потым, калі ўсё скончылася, вы неслі мяне на руках у партызанскі лагер, расціралі, каб не абмарозілася… А мяне ванітавала ад агіды да вашых дотыкаў. Я дрыжэла не ад холаду, а ад вашай блізасці.