Корвус на імгненне прымружыў вочы, як ад сляпучага сонца, але працягваў сваё лячэнне.
– Як часта вы гэта ўспаміналі?
Жэнька адвярнулася:
– Часам… Звычайна ў сне… І не трэба пытацца, ці не перашкодзіла мне гэта ў зносінах з Рыгорам.
Корвус прамовіў вельмі асцярожна:
– Але ў вас была падобная да сённяшняй рэакцыя на дотык мужа, ці калі ён… замахваўся на вас?
Яўгенія за імгненне захінула твар тонкімі рукамі.
– Я не хачу пра гэта гаварыць. Пакіньце мне хаця б лапік самапавагі. У нас з ім усё было проста цудоўна. Пакуль ягоная хвароба ўсё не сапсавала…
– Але каб не траўма той начы ў сорак трэцім, калі ў вас замацавалася роля ахвяры, – магчыма, вы б адразу не далі сябе збіваць! Не баяліся б даць адпор, папрасіць дапамогі… – Магістр усё гэтак жа стаяў на каленях. – Праўда, ва ўсіх нас, беларусаў, сядзіць гэтая клятая згода на роль ахвяры. І рана ці позна гэта абрыдае. І тады… Беларусы ўмеюць быць жорсткімі. Калі я апрытомнеў у Прытулку, першае, што пабачыў, – вас і бляск ляза брытвы… А вочы вашы былі… Быццам з водбліскам таго ляза.
Жэнька адмахнулася ад тлустай звяглівай мухі, у якой, напэўна ж, не было праблем з некантраляванымі прыступамі панікі.
– Я вас падманула. Пятро Сымонавіч не прасіў мяне дагаліць вас. Яму б у галаву не прыйшло такое. Але калі я пабачыла пакінутую ім брытву, я… Думаю, спрабавала пазбавіцца ад пачуццяў, якія лічыла няправільнымі. Гляджу на вас, непрытомнага, бездапаможнага, і дзесьці ў глыбіні душы хочацца змусіць вас расплаціцца. За памяць пра дотык халодных пальцаў… За сцягнутыя панчохі… Мне ж па-ранейшаму было гідка дакранацца да вас. Рабіць перавязкі. І я саромелася гэтага – недапушчальнае для ўрача. А трымаць лязо ля вашага горла… Гэта было так… прыемна. Варта трохі мацней націснуць… Так яскрава ўяўлялася… Я змушала сябе проста акуратна галіць вас – і тым пераадольвала цемру ў сабе.
– Вам няма чым сябе папракнуць, – Магістр трохі запалымі светлымі вачыма пазіраў знізу ўверх на былую вучаніцу. – Я заўважаў, што вы стараліся трымаць між намі фізічную адлегласць. Але вы заўсёды карэктна сябе паводзілі. А траўматычныя наступствы для псіхікі можна падкарэктаваць. Зараз я ўстану…
Люцыян нетаропка ўзняўся з каленяў, ягоны медыцынскі халат быў выпацканы расчаўленымі чарніцамі, быццам пасля аперыравання істоты з юлёвай крывёй.
– Пакуль не прайшло эмацыйнае ўзрушэнне, правядзем эксперымент. Я падыду і зноў паспрабую да вас дакрануцца. А вы не дайце мне гэтага зрабіць.
Загадчыца шпіталя трохі разгубілася.
– Ну, Яўгенія, вы зможаце!
Ад адчайнага штуршка Корвус паваліўся спінай на траву.
– Вы… як, Люцыян Станіслававіч? Я моцна вас?..
Жэнька перастала дрыжэць, толькі часта дыхала і расчырванелася.
– Выдатна! – усміхнуўся Магістр, прыўзнімаючыся на локцях, але не робячы спробы ўстаць. – Цяпер, спадзяюся, у вас пачне замацоўвацца іншая сітуацыйная мадэль.
– І калі да мяне хтось груба датыкнецца, той жа Рыгор, я не запанікую, а развярнуся і добра ўрэжу? – нявесела пасміхнулася Жэнька.
– Ну, можна сфармуляваць і так.
Равіновіч скінула сцябліну, што зачапілася за гузік.
– Гэта як малое дзіцё паб’ецца аб зэдлік, і бабуля, каб супакоіць малечу, пачынае стукаць па зэдліку-крыўдзіцелю: атата, злыдзень, Піліпку нашага пабіў… Не думаю, што вашу методыку дазволяць шырока ўжываць. Для такіх эксперыментаў трэба быць замарожаным унутры, як вы.
– Замарожаным, каб зэдліку не было балюча? – удакладніў Корвус, сеў на траве, абняўшы калені, нібыта грэўся ля вогнішча. – Дык вы лічыце мяне… чэрствым?
Дзесьці далёка загарлаў самотны певень, тубылец шпітальнай гаспадаркі. Яму адказаў не такі ж сонечны вястун, а хрыпатая насмешка крумкача.
– Ну не тое што чэрствым… – Яўгенія прыкусіла губу, падумала. – Мы проста ніколі не маглі вас зразумець да канца. Нібыта і захапляліся вамі – легенды, раскопкі, размовы ля вогнішча, Ордэн Захавальнікаў… Гэтакі засланец у наш правінцыйны гарадок з іншага, вялікага свету. Мы ж з Малгосяй і ў медыцыну пайшлі з-за вас. Але вы як у панцыры. Малюск. Незразумела, што адчуваеце. Не, калі тычыцца навукі, медыцыны – адкуль толькі тэмперамент бярэцца. Полымем пыхкаеце, як доменная печ. А ў зносінах з людзьмі… У вас хоць адзін блізкі сябар ёсць? Па кілішку выпіць, на бабскія капрызы паскардзіцца? Дарэчы, а жанчыны вас увогуле цікавяць? І ўстаньце, нарэшце, па вас мурашкі поўзаюць…
Мужчына толькі пасунуўся ўбок на траве, не ўстаючы.
– І праўда, мурашкі… Нават у кішэню запаўзлі, хоць у мяне там заўсёды бутэлечка нашатыру валяецца. Малюск… Што ж, Яўгенія, я заслужыў гэткую мянушку. Даўно не… прыадчыняў створкі ракавіны. Я таксама не магу назваць сябе цалкам псіхічна здаровым.