Выбрать главу

– Ого! Наш гіпнатызёр Магістр прызнае сябе псіхам? – цяпер Яўгенія была такой жа, якой яе ведалі ў Прытулку, – трохі іранічнай, упэўненай.

– У мяне таксама хапае траўм рознага кшталту, – спакойна прызнаўся Магістр. – З тых часоў, як усе мае самыя блізкія загінулі, я свядома трымаю дыстанцыю. Тут і вывучка мачыхі сказваецца: я не такі, як усе, з заганам, дваранскі вырадак. Даведаюцца, хто насамрэч, – адвернуцца. І яшчэ… Пасля смерці Міраславы… – Корвус занадта лёгка вымавіў гэтае імя, толькі не змог стрымаць уздых, – я прысягнуў сабе, што больш ніколі ў жыцці не дакрануся да жанчыны… у пэўным сэнсе.

– І колькі прайшло ад тае прысягі часу?

Люцыян памаўчаў, шпурнуў шышку ў зарасці крапівы, быццам выкарыстаную бутэлечку з атрутай.

– Сямнаццаць год.

Жэнька стрымала непатрэбныя каментары. З ледзь заўважнай горкай насмешкай працытавала:

– С той поры, сгорев душою,Он на женщин не смотрелИ до гроба ни с одноюМолвить слова не хотел.С той поры стальной решеткиОн с лица не поднималИ себе на шею чёткиВместо шарфа привязал…

Корвус слаба ўсміхнуўся.

– Ну неяк так…

І нарэшце ўзняўся, канчаткова пазбаўляючы мурашоў магчымасці даследаванняў прапахлага лекамі і горам аб’екта.

– Ну што, пойдзем глядзець, ці не разнеслі нашы пацыенты шпіталь? А лячэнне пасля працягнем.

– Будзеце дазваляць мне лупіць сябе? – прыўзняла тонкія бровы Жэнька.

– Вось жа ў вас якія вычварныя фантазіі! – ва ўсмешцы Люцыяна нарэшце не было горычы. – Можна паспрабаваць гіпноз. Не хочаце? Ну і карысць медыкаментознага лячэння таксама ніхто не адмяняў… Дарэчы, вы зусім не выпадкова шпурнулі мяне на траўку менавіта тут…

Люцыян нахіліўся, рассунуў чарнічнік…

– Бачыце, тая самая таямнічая кветачка, з рушніка нашай Саколкі! Чырвоны дракон!

Яўгенія прыгледзелася:

– І праўда…

Корвус асцярожна рыхліў зямлю вакол чырвонага дракона завостранай палкай.

– Халера, я ж той рушнік на лаўцы пакінуў… Ну, тут ніхто не скрадзе, тут нават злодзеі свае. А першы рушнік з жыццяпісам святой Маргарыты, мяркую, прывезла жонка Жыгімонта Корвуса-Дзякловіча, пані Люцында. Наколькі Саламон Барысавіч змог разабрацца ў мемуарах, яна францужанка. І расліну невыпадкова гэтую замовілі ў Юндзіла. Якое абязбольваючае і супакойваючае можна на аснове чырвонага дракона паспрабаваць зрабіць!

– А гэта што? – Жэнька тыцнула наском чаравіка ў востры вугал каменя, што паказваўся з-пад моху.

– Надмагілле, – запэўніў Магістр, нахіліўся ўбок і некалькімі рухамі імправізаванай матыкі трохі расчысціў шэрую паверхню. – Тут поўна магіл. За жоўтым корпусам, і злева ад КПП, ля агароджы. У маёнтку здаўна шпіталь быў, хворыя мерлі. Вунь там, сярод хмызняку, рэшткі капліцы. Так што зямля была асвячоная. Могілкі.

Корвус выпрастаўся, урачыста трымаючы перад сабой у далонях выкапанага з кавалкам дзёрну чырвонага дракона. Някідкія цёмна-ружовыя кветачкі дракона пазіралі са змрочным падазрэннем, а чорная зямля з карэнняў, угноеная людскімі парэшткамі, абсыпала і без таго брудны халат здабытчыка.

– Паладын з Граалем па-беларуску… Есці вам больш трэба, Люцыян Станіслававіч, вы худы, як штыкеціна, – нечакана зазначыла Жэнька і, апусціўшы вочы, дадала:

– Дзякуй вам. Мне… сапраўды было з сабой не справіцца.

– Я не заслугоўваю вашай удзячнасці, – вельмі сур’ёзна адказаў Корвус. – Я проста вельмі хачу, каб у гэтым свеце стала меней болю і болей спакою.

Па вызваленым з-пад моху кавалку шэрай каменнай пліты поўз мураш. Яму было з-за чаго выказаць абурэнне дзвюм гіганцкім цеплакроўным істотам. І гадзіны не пабылі – а ўжо ўквэцалі зямлю сіняй крывёю чарніц, парвалі метры тры старанна сплеценай мясцовай Арахнай павуты, прытапталі ладны лапік травы разам з казюркамі. Парушылі зямную плоць, калі выкопвалі няшчасную кветачку. Адна карысць – пакармілі трох камароў.

Недарэчныя істоты і небяспечныя.

І руды мураш пабег сабе далей па шэрай надмагільнай пліце, на якой немагчыма было прачытаць ніводнай літары.

Раздзел сёмы

Авантуры збеглых нябожчыкаў

У паўднёвых славянаў ёсць звычай паўторнага пахавання.

Праз колькі гадоў магілу раскопваюць, дастаюць косткі, мыюць асвячонай вадой і віном, заносяць у гаршчку ў царкву, а затым хаваюць нанова, з належным адпяваннем…

Мо каб упэўніцца, што нябожчык не ператварыўся ў вупыра і асінавы кол не спатрэбіцца. Мо каб выказаць павагу памерламу сваяку…

Дарэчы, гэтак жа ўласнаручна ўчыніла з косткамі праваслаўнага выдаўца і фундатара Астрожскай акадэміі Канстанціна Астрожскага ягоная ўнучка Ганна Алаізія. Унучка была фанатычнай каталічкай і хацела загладзіць дзедаў грэх схізмацтва.