– Ты што вытвараеш? Я цябе пашкадаваў, пакінуў на працы, пад нагляд добрых хлопцаў прыстроіў… А ты мяне падставіла!
Доктар Зло разышоўся не на жарт. У мяне пад лыжачкай заварочаўся халодны слімак. Мы ж усе такія, напужаныя… Кожнаму бюджэтніку ўбілі ў галаву: вытураць з працы, і прападзеш, як рудая мыш. Здаецца, без гэтай працы, хоць ты яе ненавідзіш, жыццё закончыцца. А што можна іншую пашукаць, і, магчыма, лепшую – думка не заходзіць.
– А што такое, Вячаслаў Мацеевіч? Я ж нічога не зрабіла кепскага…
А галасок мой дрыжыць. І падумаць толькі, збіралася калісь маляваць карціны ў стылі Бэнксі, тусавацца на Елісейскіх палях і чхаць на філісцёраў усіх нацыянальнасцей.
– Што за гешэфты з правінцыйнымі бэнээфаўцамі? Сталічных мала? Што ты там наабяцала цётцы са Старавежска, як яе там, Арыядна Мартынаўна Падпека? Які музей раскрадаюць, якія пікеты?
Я з цяжкасцю сабрала думкі ў больш-менш завершаную ікебану. Ну бібліятэкарка, ваяўнічы верабей… Да майго рэдактара дабралася. З напамінам, што ягоная падначаленая абяцала падтрымку ў аднаўленні гістарычнай справядлівасці. Дык дзе ж тыя матэрыялы пра стварэнне музея слыннага доктара Корвуса? А калі іх не будзе, мясцовыя змагары за праўду пяройдуць на іншыя метады, а ўвесь свет дазнаецца наконт прадажнасці газеткі…
Давялося апраўдвацца. А што Ірына Корвус? Ірына ні пры чым… З цётачкай пазнаёмілася выпадкова, калі паехала глядзець дом, што застаўся ў спадчыну ад мужа. Спадарыня Падпека – мясцовая вар’ятка. Спадчынны дом належаў сваяку мужа, старому доктару-дзіваку, цётачка яго абагаўляла і хоча зладзіць музей у памяць куміра.
– Вячаслаў Мацеевіч, я абяцала толькі, што аддам для экспазіцыі непатрэбныя паперы і рэчы з дому Корвусаў. Ні пра якія артыкулы і пікеты гаворкі не йшло…
Не ведаю, ці паверыў мне Доктар Зло, магчыма, наступная размова вялася для прафілактыкі, але атрымала я поўную місу поліўкі. Да работы стаўлюся фармальна, ілюстрацыі ў час не здаю, цешуся ідэяй, што вялікая мастачка, а такімі мастакамі можна гаці гаціць. Ды яшчэ з усяго вартага пасміхаюся. Хвігу ў кішэні трымаю. Змагарка сраная. Цані, што дзяржава вывучыла, працу дала. Памятаем, як артыкул пра гэтых… малінавых даўганосікаў праілюстравала фота з форума маладых ідэолагаў. Мала што на першым плане была талерка з ягадамі. Каму трэба, пазналі, што там на заднім плане за мерапрыемства.
Пад канец Доктар Зло, відаць, змарыўся мяне выхоўваць, а я супакоілася, зразумеўшы, што не пачую сакраментальнае «Збірай манаткі».
– Думай, што робіш са сваім жыццём, – буркатнуў напрыканцы мой начальнік нейкім зусім іншым тонам, амаль спачувальным. – Не ведаю, у якія гульні ты патрапіла, але любая гульня выключае давер. А ты як кацяня. Патузай перад табой фанцік на нітачцы – і паскакала. Не ўсё такое, якім падаецца.
«Совы не тое, чым падаюцца», – прагучала ў галаве фраза з містычна-зануднага серыяла «Твін Пікс». Дзіва, але нехта піша і на яго фанфікі.
Тэлефон змоўк, а я нейкі час глядзела яшчэ на ягонае белае пластыкавае цела. У апошніх словах Доктара Зло прагучала штось трывожнае для мяне…
Але засяродзіцца на гэтым не атрымлівалася. Як і ўвогуле на чымсьці. Таму што… таму што я лічыла гадзіны і хвіліны да вечара пятніцы, калі нарэшце зноў выпраўлюся ў Старавежск. Дзе мяне знойдзе Віталь.
Гэта неверагодна – але нават ягоная куртка пахла дакладна так, як я запомніла, хаця гэта была, зразумела, зусім іншая куртка. І галава мая круцілася гэтак жа, і вусны гарэлі ў прадчуванні пацалункаў… Усё, што раздзяліла нас, што не дае цяпер быць разам, уяўлялася нейкай агромністай бязлітаснай глыбай… І хацелася гэтае, ненавіснае, неадкладна разбіць, узарваць, разнесці на малекулы – з чаго б ні складалася. Палітыка, грошы, людзі – пляваць. Я хачу быць з Віталём Корвусам. І дзіўна, але «выбуховым прыстасаваннем», інструментам для знішчэння перашкоды апынуўся чалавек самы непадыходзячы.
Я зноў скасавурылася на маніторы, за якімі сядзеў мент Паша і хрумстаў чыпсамі. І зноў у адным з квадрацікаў пабачыла тую самую карцінку, што і тры гадзіны таму.
На адной з лавак платформы сядзеў, прыгорбіўшыся, малады чалавек. Валасы на скронях стрыжаныя, на патыліцы заплеценыя ў танюткую касу. Рукі хаваюцца ў кішэнях чорнай скураной курткі. Вакол горла стыльны шалік у палоску. Побач сіратліва прыхіленая сумка для ноўтбука. У смартфон пальцам не тыцкае, вушы без навушнікаў. Цягнікі сыходзяць і прыходзяць. На лаўку цяжка апускаюцца мажныя кабеты і лёгка прысаджваюцца, выцягнуўшы худыя ногі, птушкападобныя тынэйджаркі. Кожная такая птушка косіць зацікаўленым вокам на смуткуючага маладзёна.