Ну вось што за… пікет на станцыі. Дурасць нейкая.
Між тым мент Паша нарэшце зацікавіўся падазроным пасажырам. Шаргатлівая ўпакоўка ад чыпсаў адправілася ў сметніцу. Паша пачаў перагаворвацца наконт таго, што варта праверыць мужчыну ў чорнай куртцы, які ўжо тры гадзіны тырчыць на станцыі…
Што ж, трэба ўмешвацца.
– Прабачце, Павел, я гэтага хлопца ведаю. Ён мяне чакае. Зараз я спушчуся і разбяруся, не турбуйцеся.
Калючы пільны позірк ментаўскіх вачэй… Але сусед па кабінеце неахвотна адмяняе трывогу і ківае. Ідзі, маўляў… Ясна, будзе назіраць па маніторах.
На станцыі якраз быў зацішак, можа, чалавек пяць мэнчыліся па кутах платформы, бы лядашчыя рыбкі ў акварыуме гандляра, які толькі што распрадаў лепшы тавар. Жоўтыя сцены і калоны свяціліся спелай антонаўкай. Дзеўка з рэкламнага плаката адціскалася ад падлогі з гантэлямі ў руках і агітавала заходзіць у фітнэс-клуб. Дзеўка з другога плаката трымала пук сцяжкоў і запрашала на моўныя курсы са зніжкамі. На табло над чорнай пашчай тунеля міргалі секунды нашага памірання.
– Што ты тут робіш?
Мацей нават не падняў галавы.
– Думаю…
– Спадзяюся, над разгадкай чорнага сшытка доктара Корвуса?
Пацепнуў цяжка плячыма, нібы на іх нешта звалілася, зірнуў на мяне. Вочы стамлёныя, і пагаліцца не пашкодзіць…
– Ведаеш, я к-калісьці мучыў сябе, перабіраючы ў д-думках, што не так зрабіў, чаму ты не са мной… Ці, наадварот, што мог бы зрабіць, каб ты мяне п-пакахала. Качаўся, цюаньфа займаўся… У акадэмію мастацтваў п-паступіў, каб побач быць. І ўсё, як казала мая бабуля, «на псы».
Мне сталася ніякавата… Вось ужо не прыходзіла ў галаву, што ў акадэмію Салома пайшоў дзеля мяне… Маляваў жа файна. Хвалілі. Можа, сам сабе прыдумаў, каб апраўдаць, што не давучыўся? Хаця… Чаму менавіта ён не давучыўся? Мне раптам стала горача. Ён жа кінуў вучобу на другім курсе, якраз тады, калі я выйшла замуж.
– Што, і сышоў з акадэміі з-за мяне?
У маім голасе не хапала належнай долі іроніі.
– Д-дурань таму што.
У людзей дурні мруць, а ў нас як з вады ідуць.
Мацей пацёр запясце, абматанае вечнымі фенечкамі, і неяк надта злосна пакрывіў рот… Непрывычна злосна.
– А потым я п-проста зразумеў, што гэта ўсё не мае значэння. Што раблю, што не раблю… Хоць са скуры вылузаюся. Гэта як спрабаваць п-прарасціць зерне, у якім няма зародку расліны. Бес-ка-рыс-на…
Жалезны цмок страшэнна загрукатаў, выпаўзаючы з тунэля на святло. З ягонага чэрава вываліўся натоўп. Некаторыя цікаўна на нас азіраліся: нешта такое, адчайнае, было ў застылым твары майго… ну, не зусім майго, айцішніка. Бач, як разьбу сарвала ў чалавека… А проста я ўжо тыдзень не дазваляла яму прыходзіць. І ўвогуле… Так, без дапамогі Мацея нельга выратаваць Віталя… Але ну не магу я зараз быць з іншым. Дазваляць нават датыкацца да сябе. Толькі не цяпер, калі мяне нібы ахутвае так і не забыты за сем гадоў пах мокрай ад дажджу курткі, мроіцца дотык іншых вуснаў… Прабач, Мацейка, але закаханыя – самыя страшныя эгаісты.
Я ўспомніла Юдзіф… Тую, біблейскую, што пайшла ў шацёр да варожага ваяводы Алаферна, каб пасля ночы кахання адсячы яму галаву.
– Давай на вуліцу выйдзем, пагаворым… Ну што ты як маленькі.
І ён пайшоў за мной. Як на вяровачцы. І мне зусім-зусім не было сорамна. І зараз я скажу яму ўсё, як прасіў Віталь…
– Ты здагадаўся, як расшыфроўваць доктараў сшытак?
Мацей недаверліва ўгледзеўся ў мае вочы, можа, думаў, што я жартую. Бог мой. Я яшчэ ніколі не адчувала такой страты пачуцця гумару.
– Ведаеш, неяк настрою ў мяне не было т-той лабудой займацца.
Мы стаялі на праспекце, ля плота з алюмініевых шчытоў, за якімі стукала-грукала будоўля на замежныя грошы. Хутка ў гэтых грувасткіх вуллях усе соты запоўняць грашавітыя па нашых мерках прыхадні. На банеры, прымацаваным да плота, красаваўся праект будучай забудовы, якую наш далёкі продак прыняў бы за загон для цмокаў.
– Калі расшыфруеш, я паеду з табой за мяжу, як ты марыў.
Мацей ускінуў галаву, ягоныя вочы незразумела бліснулі.
– Г-гэта як у казцы, бязглуздае заданне для малодшага царскага сына? Вырасціць к-каменнае дрэва, прынесці грэбень русалкі, узараць п-поле на запрэжаных у плуг медзвядзях… Навошта табе тыя запісы? Фармацыяй занялася?
Корвус сказаў – даць праўдападобнае тлумачэнне.
– Ну, лічы бязглуздым заданнем. Тым больш самому ж цікава яшчэ нядаўна было. Але… Люцыян Корвус – рэпрэсаваны пры Сталіне. Сядзеў, напэўна ж, з іншымі беларускімі навукоўцамі ды творчай інтэлігенцыяй. Памятаеш, я казала наконт праекта сайта пра ахвяр рэпрэсій? Уяўляеш, колькі важнага дзед Віталя мог зашыфраваць! Імёны катаў і ахвяр, падрабязнасці допытаў…