Выбрать главу

Салома пацёр нявыспаны твар. Канцы паласатага шаліка біліся ў паветры. Сёння быў адзін з самых халодных дзён лета, збольшага спякотнага да адурэння. Вецер штурхаўся, як ахоўнік у вельмі дарагім клубе, куды лезе шантрапа.

– У мяне п-пакуль і здагадак няма наконт шыфру. Ніякай сістэмы…

– А ты скарыстай тую праграму, што вы распрацоўваеце. Як яе… «Агата»?

Спадзяюся, мой голас прагучаў дастаткова абыякава. Але Салома напружыўся:

– Ты ж ніколі не цікавілася маёй п-працай… З чаго ўзяла, што «Агата» можа штосьці расшыфраваць?

Я апусціла вочы.

– Ты сам казаў…

Спадзяюся, што і праўда казаў, я ўсе айцішныя размовы прапускала міма вушэй.

Мацей змрочна маўчаў. Ледзь паспеў адхінуцца ад чарговага раварыста – дарожкі для ровараў на новым праспекце парабілі, а пазначыць забыліся. Вось і мяшаюцца пешаходы і ездакі, кожны перакананы, што ў сваім праве.

– «Агата» напэўна дапамагла б. Але я не магу ёй скарыстацца. Я – т-толькі адзін з яе стваральнікаў. Ну, як бы табе пат-тлумачыць… – Мацей паварушыў у паветры пальцамі, нібыта хацеў злавіць нябачную павуцінку. – П-памятаеш свой улюбёны серыял «Грым», пра паляўнічых на пярэваратняў? Сем ключоў, на кожным – частка карты, і т-толькі склаўшы ўсе, можна знайсці скарб. Нас не сем, нас чацвёра. Кожны распрацоўваў сваю ч-частку праграмы. А ўсё ўцале ведае т-толькі кіраўніцтва. Ды каб я і ведаў… Гэта ж яшчэ ў стадыі т-тэставання, карпаратыўная таямніца.

У мяне ажно слёзы навярнуліся на вочы ад крыўды – няўжо ўсё ляснецца! І Корвус змушаны будзе хавацца надалей і, каб уберагчы мяне, адмовіцца ад сустрэч…

– Слухай, не трэба мяне грузіць. Ключы, таямніцы… Проста зрабі мне падарунак. І… я з табой паеду.

– У якасці к-каго?

Салома быў амаль жорсткі. Мне аж сталася няўтульна. Ён ніколі не быў жорсткім са мной.

– Ты зрабі, а пасля вырашым.

Ці было мне сорамна за падман?

А чаму мне мусіла быць сорамна? У Мацея ў любым выпадку застанецца прэстыжная праца, слава, грошы. Урэшце, невядома, наколькі ягоная апантанасць мною праўдзівая. Я ж для яго яшчэ са школы – прыз. Пацвярджэнне статусу. Дзяўчынка, якая насміхалася і грэбавала. А ён яе дабіўся.

– Мне т-трэба яшчэ які рукапіс твайго доктара Люцыяна мець, – змрочна прамовіў Мацей, чамусьці не спяшаючыся радавацца маёй міласці. – На гэты раз – чытэльны.

У маёй душы не проста птушка радасці ажыла – а рознакаляровыя калібры затрапяталі крылцамі над слоікам нектару. Ёсць надзея… Ён зробіць. Ён такі, упарты….

– Паехалі ў пятніцу са мной у Старавежск. Сам падбярэш, што трэба.

Я адчула сябе дасведчанай шпіёнкай. Нікому ў галаву не прыйдзе, што планую сустрэцца з былым мужам, раз еду з актуальным каханкам.

– Гэта ж д-дзеля яго, дзеля К-корвуса?

Шэрыя вочы Мацея былі зусім хворыя. Вочы, якія я так часта бачыла побач, прачынаючыся, і ведаю кожную зморшчынку ля іх.

Але ж узор на шпалерах над сваім ложкам я ведаю яшчэ лепей. Шафа, збор твораў Картасара, Мацей Саламярэцкі з ноўтам на каленях… Фон, на якім цеплілася маё жыццё – нецікавае мне самой… Пакуль не гукнуў маё імя Белы Трактарыст.

Мне належала ўсміхнуцца і супакоіць Салому. Але я маўчала, і калібры патроху бляклі, шарэлі і падалі ў сухую траву. Мой позірк быццам дажджом прыбіла да асфальту, на якім была намаляваная белая тлустая паласа, але незразумела, з якога боку ад яе можна ісці, не баючыся патрапіць пад колы.

– Не п-пераймайся. Ты ўсё роўна маніць не ўмееш. Дык і не т-трэба. Зраблю, што магу. П-паедзем у Старавежск, я машыну сваю ўжо забраў.

Зноў моцна заікаецца… Які горкі голас… Быццам палын, што вырастае на падмурку разбуранага дома.

Усё будзе, як раней… Нічога не будзе, як раней.

Што я раблю? Што я ведаю? У што веру?

Ведаю – Корвус у небяспецы. З-за сваёй клятай спадчыны. Дзед Віталя, той самы Люцыян Станіслававіч, герой арыджынала «Апошні прытулак», здаецца, усё ж зрабіў небяспечнае адкрыццё. Магчыма, псіхатропнае рэчыва. І нейкія магутныя сілы (хто канкрэтна, мне лепш не ведаць) упэўненыя, што дзед перадаў рэцэпт у спадчыну ўнуку разам з усім астатнім.

Віталя ледзь не забілі. Падрабязнасці раскажа пасля.

Мусіў хавацца за мяжой, але ўжо не паспявае замятаць сляды.

Пераследнікі паведамілі: атрымаюць рэцэпт – назаўсёды пакінуць у спакоі. Вось і прыехаў, каб разабрацца. Бо вырашыў, што сакрэт у чорным сшытку, які разам з некаторымі іншымі паперамі яму калісь аддаў дзед на захаванне. Сам Віталь не мог даць рады ў расшыфроўцы і падкінуў сшытак назад. Хай забіраюць, хто захоча… Яны ж там усё ператрасаюць час ад часу.

Не дапамагло… Сшытак не забралі. Пакінулі на самым відочным месцы. Відаць, не змаглі прачытаць і падумалі, як і мы, што гэта проста гульня. А можа і адмысловы здзек. Якая сур’ёзная праца будзе выглядаць, як ілюстрацыя да кампутарнага квэста?