Выбрать главу

А тут цётка мар’інагорская, адзіная сувязь з мінулым, паведаміла, што я еду па спадчыну… Што не веру ў яго смерць, бо пабачыла і пазнала. І Корвус не мог утрымацца, прыехаў… Прыдумаў трук з рэкламнымі абвесткамі…

Вядома, калі я пачула пра кляты сшытак, адразу ўспомніла пра Мацея. Тым больш сам сшыткам зацікавіўся, і досвед мае ў такіх квэстах. І, аказваецца, ягоная айцішная кампанія настолькі крутая, што Корвус і пра яе чуў, і пра цуд-праграму.

– Павер, ты мне жыццё перавярнула… – шаптаў Віталь голасам, якім не маняць. – Я б з’ехаў назусім, схаваўся – але не магу без цябе. У мяне за гэтыя сем гадоў нікога іншага не было. А каб застацца з табой – трэба пазбавіцца пагрозы.

Нашае спатканне ў Старавежску, пад наглядам гіпсавых гномаў з вампірскімі ўсмешкамі, было абрывістым, быццам сонечным днём едзеш па прысадах, і сонца выглядае між чорных сілуэтаў дрэў, і слепіць цябе да млосці чаргаванне святла і ценяў…

А, так, па пысе я яму заехала. І не адзін раз. За сем гадоў гора. Ён толькі жаласна ўздыхаў, не спрабуючы адсунуцца ці прыкрыцца. А я заўважала ягоныя шнары – адзін забягаў па запясці ў рукаў, другі паказваўся з-пад барады… Ён праўда патрапіў у аварыю… Мог загінуць…

Тая кабета ў метро, цыганка, мусіць, нагадала правільна, што лёс мне цалавацца з нябожчыкам.

Дарэчы, Віталь запэўніў, што ніякіх фанфікаў пра дзеда не піша. Ён увогуле мала пра яго ведае. І лепш бы не ведаў ніколі…

У фанфіках пра патраплянцаў часта сустракаецца няўмелы прыём: сяджу я, фікрайтарша, нікога не чапаю, раптам бац – цямнее ў вачах, я падаю, стукаюся галавою і прачынаюся ў целе Гары Потэра. Альбо Герміёны Грэйнджэр. І панеслася… Бо патраплянка, вядома, усё пераробіць на свой капыл, каго трэба, пакарае, каго хоча, спакусіць.

Можа, і Корвус – ужо не той Віталь, які вучыў мяне спяваць калядкі, а нейкі падсяленец? Альбо я, калі пастараюся, успомню сябе сапраўдную, якую закінулі ў гэты нязграбны фанфік, у якога нават беты няма…

Усю дарогу да Старавежска мы з Мацеем прамаўчалі. Шыкоўны «Форд» колеру шампанскага падскокваў на шнарах прасёлкавых дарог, што мусілі скараціць нам шлях. Бавіць час дапамагала чытанне на планшэце каментаў да арыджынала «Апошні прытулак». Бруднага Ублюдка лаялі за сцэну з апошняга раздзела, дзе герой праводзіць тыпу сэанс псіхатэрапіі для Яўгеніі Равіновіч, загадчыцы шпіталя. Дазваляе сябе пабіць. Ха-ха, фемдом на такім ханжаскім сайце! Тлумачылі грубыя памылкі, раілі аўтару, якія падручнікі пачытаць па псіхалогіі… Парады былі відавочна прафесійныя. Мяне заўсёды здзіўляла, колькі сярод маіх пацыентаў, пардон, фікрайтэраў людзей з медыцынскай адукацыяй. Вось ужо дзе патрэба ў эскапізме… Затое як рэалістычна апісваюцца забойствы, смяротныя хваробы і катаванні! На месцы Ублюдка я б выдаліла пасля такіх здзекаў свой фанфік, але гэты аўтар не выдаліць. Дарэчы, пасля маіх патрабаванняў ён удакладніў, што таксама медык. Можа, працаваў разам з Люцыянам Корвусам і слухаў ягоныя расповеды?

Дом на Энгельса сустрэў цішай. Стары будынак нікога не вычэкваў, не спаў, ён быў мёртвы, нібыта апошняга дамавіка накармілі перасоленай яечняй, і той перабег да больш рупных гаспадароў. Ні блізнючак, ні іх сястры. У пакоі, дзе Люба і Даша вышывалі сакральны радзінны рушнік, прыбрана ўсё, пакрывала на ложку нацягнутае раўнютка. Хіба што на падваконні самотна зелянее забыты скрутак нітак мулінэ.

Пах старой паперы і зёлак…

Мацей моўчкі прыцягнуў у залу ноўт і кампактную штуку, якая магла сканаваць, друкаваць і, магчыма, выконваць бальныя танцы. Расклаў на белым карункавым абрусе па падлеткаваму яркія рознакаляровыя флэшкі… Я гэтак жа моўчкі – хоць маўчанне ўжо канкрэтна напружвала – дастала з шуфляд рукапісы і лісты Люцыяна Корвуса. Доктар з фотаздымка зноў працяў мяне чамусьці знаёмым позіркам, ад якога замірала сэрца… Цікава, а ён сам хацеў, каб ягоныя паперы расшыфравалі? Вунь Тэсла спаліў свой архіў, сцвярджаючы, што чалавецтва не гатовае да ягоных вынаходніцтваў. Чытала гіпотэзу, што не Тунгускі метэарыт паклаў тайгу, а эксперымент Тэслы з электрамагнітнымі хвалямі. Віталь калісь, у часе сумесных вандровак, сцвярджаў, што наш Наркевіч-Ёдка па мянушцы «лоўчы маланак» быў не менш магутны за Тэслу і ў сваіх маёнтках на менскай Цнянцы і ў Наднёмане цэлыя палі займаў металічнымі штуковінамі для гульняў з электрычнасцю.

Мацей між тым пачаў штосьці сканаваць, загружаць. А я ціхенька выйшла з дому ў вецер, дождж і шчасце. Таму што на мой мабільнік прыйшла кароткая эсэмэска. Тры літары і клічнік. «Але!»