Выбрать главу

Твары нябожчыкаў на патрэсканых, пабляклых медальёнах, здавалася, маюць у рысах штось нечалавечае. Раса ператварала павуцінне, што аплятала хмызы і быльнёг, у знізаныя перлінамі карункі, нібыта злодзеі груба здзіралі срабрысты строй са схопленай князёўны і раскідалі паўсюль ашмёткі.

Доктар Корвус спачываў на ўскрайку могілак, над адхонам. Унізе цякла непрыветная ручаіна, зарослая аерам. Здавалася, гэта ў цёмнае цела цмока паўтыкалі зялёныя стрэлы і дзіды. Гранітная пліта была разлічана на дваіх. Люцыян Станіслававіч Корвус, 1911–2005, Яўгенія Міхайлаўна Корвус, 1925–1989. Ніякіх фотаздымкаў. Затое выгравіраваны надпіс на латыні і тыя незразумелыя загагуліны, што і ў сшытку. І малюнак разлапістай расліны.

Мацей пачаў фоткаць планшэтам, ледзь не наскокваючы на гранітную пліту. Толькі спытаў нашу Арыядну, што з багавейлівасцю папраўляла кветкі, штучныя і жывыя, якіх было багата на магіле:

– А чаму такі малюнак?

– Гэта сам Люцыян Станіслававіч распарадзіўся. Жонка ж раней за яго памерла, дык на двох і падрыхтаваў месца. От бедаваў ён па ёй, ажно счарнеў…

– А хто яна была, Яўгенія Міхайлаўна? – я старанна адганяла падазрэнні, што пагражалі змяшаць рэал і трызненні.

– Таксама дактарыца, родам адсюль. Разам з мужам працавала ў дыспансеры. Дом, у якім яны з Люцыянам Станіслававічам жылі, яшчэ яе прадзед будаваў. Яўгенія Міхайлаўна ад раку памерла. Доктар Корвус да апошняга спадзяваўся выратаваць.

Арыядна Мартынаўна скрушна ўздыхнула.

– Толькі ад смерці яшчэ ніхто не адкупіўся. Яўгенія Міхайлаўна апошнія гады так пакутавала, так пакутавала… Муж яе ўжо і ў бальніцу не аддаваў, сам лячыў. Каб не ягонае лячэнне, яна б гады на тры раней памерла. Марына, суседка, расказвала, што тая ўжо і прасілася ў яго – адпусці, не мучай мяне і не мучайся сам…

Сярод кветак ляжалі самыя дзіўныя рэчы: плюшавы мядзведзік, наскрозь вымаклы, кніжка ў мяккай вокладцы, старонкі пажаўцелі і пайшлі хвалямі… Ззялі два апельсіны… Блішчэў танны спартыўны кубак з дзвюма скурчанымі ў бегу фігуркамі, нават маленькі глобус павярнуўся да нас дзвюма Амерыкамі.

– А гэта пацыенты пакідаюць, якім Люцыян Станіслававіч дапамог! – заўважыла маё здзіўленне Арыядна. – Кубак Генка калісь прынёс. Ягонай матцы ў Мінску, у бальніцы, сказалі – сын ніколі хадзіць не будзе. А Люцыян Станіслававіч на ногі паставіў… Ды так, што Генка ў дзясятым класе раённыя спаборніцтвы па бегу на доўгія дыстанцыі выйграў. А там кніжка Артура Пагранчука. Паэт, у мінскім выдавецтве працуе. Доктару Корвусу нізку вершаў прысвяціў.

– Фетышызм нейкі… – прамармытала я. А Мацей нечакана рэзка азваўся:

– Не варта асуджаць людзей, якія хочуць матэрыялізаваць сваю ўдзячнасць на адрас таго, каму дзячыць запозна.

Скажыце, які спачувальны…

– А… як Яўгенія Міхайлаўна выглядала? Чаму яе партрэта няма? Нават у доме ніякіх яе фотаздымкаў.

Я ніяк не магла пазбавіцца ад здагадкі, падказанай фанфікам «Ордэн захавальнікаў», наконт асобы Корвусавай жонкі.

Бібліятэкарка задумалася:

– Мусіць, Люцыяну Станіслававічу было цяжка глядзець на яе выявы, вось і схаваў. А выглядала Яўгенія Міхайлаўна…

Арыядна кінула зацікаўлены позірк на мяне.

– Ды вось як вы! Кажуць, у маладосці і валасы ў яе былі, як у вас, рудаватыя. Яна зусім рана ссівела. А так – вы вельмі падобныя… Мы думалі, што вы стрыечная ўнучка Яўгеніі Міхайлаўны, пакуль Марына не расказала, што гэта ваш загінулы муж быў унучатым пляменнікам Люцыяна Станіслававіча.

Мацей скончыў фоткаць і выпрастаўся.

– А як сам доктар памёр?

Арыядна паправіла пасму сівых валасоў, што выбілася з-пад берэціка.

– Дакладна невядома.

Мацей здзіўлена хмыкнуў:

– Як гэта – невядома? А што медэксперты ў заключэнні напісалі?

Арыядна разгублена глядзела на нас светлымі блізарукімі вачыма праз тоўстыя акуляры.

– Хіба вы не ведаеце? Гэта, так бы мовіць, сімвалічная магіла…

– Што?

Мне зрабілася вусцішна: няправільныя нябожчыкі працягвалі містычнае шэсце па маіх нервах…

– Люцыян Станіслававіч да апошняга быў рухавы, моцны, хоць і хударлявы. Часта хадзіў вунь туды, збіраць зёлкі…

Арыядна махнула рукой у бок адхону, дзе за рэчкай туманілася поле, парослае хмызамі, а ў далечы сінела крапасная сцяна лесу…

– Тут балаты, далей – Волатава пушча, – патлумачыла Мартынаўна. – Там, у пушчы, і працавалі Корвусы. Далекавата, са Старавежска службовы аўтобус хадзіў да шпіталя. Зачынілі яго яшчэ ў дзевяностых, без працы людзі пазаставаліся. Там жа рэспубліканскі туберкулёзны дыспансер быў, плацілі добра, не тое, што ў раённай бальніцы. А Люцыян Станіслававіч любіў пешкі дабірацца. Кіламетраў пятнаццаць – а ён, нават ужо на пенсіі, з кульбачкай, за пару гадзін даходзіць напрасткі. Ведаў сцежкі ўсе праз балаты, ногі доўгія, не хадзіў – лётаў…