Выбрать главу

Арыядна расчулена ўздыхнула.

– А ў дзевяноста чатыры ўвага ўжо не тая, сілы не тыя… А ён усё травы збіраў. Аднойчы пайшоў – і не вярнуўся. Бачылі, як кіраваўся ў саменькую дрыгву… Потым, як палезлі самыя адчайныя шукаць, знайшлі на купінах кульбачку, торбу, шапку…

Не хапала яшчэ знайсці сляды ад лап сабакі Баскервіляў альбо капытоў дзікага палявання караля Стаха. Я адвяла позірк ад злавеснага туманістага пейзажу, што зацягваў позірк, як любое злавеснае бяздонне, ці гэта старая студня, ці бясконцы серыял «Звышнатуральнае».

Можа, доктара загубіла магрэтка, чырвоны дракон? Рэдкая кветка, за якой пацягнуўся ў гіблае месца.

– А што цяпер у тым дыспансеры?

– Ды разваліны, мусіць, – паціснула плячыма Ружовы Берэцік. – Хадзілі чуткі, хтось хацеў выкупіць пад пансіянат адпачынку, тады меркавалі адчыніць у ацалелым корпусе вытворчасць кукурузных палачак… Нібыта нейкія бандыцкія разборкі там адбываліся. Цяпер узялі пад ахову… Гэта ж гістарычная каштоўнасць, маёнтак Дзякловічаў. Хоць ад даўніны нічога не засталося. Гісторыкі прыязджалі, археолагі, пасля ледзь не плакалі ад таго, што ўбачылі. І аднаўляць, кажуць, няма чаго. Я толькі ў маладосці там была: муж да Люцыяна Станіслававіча вазіў, калі ў мяне пнеўманію вылечыць не маглі.

Апошні Прытулак набываў дужа канкрэтныя рысы.

– А вы ніколі не спрабавалі пісаць на гэтую тэму? Скажам, раманы? – вусны мае знямелі ад трывогі. Мартынаўна ахвотна заківала галавой:

– А як жа, пісала! Колькі разоў пісала! І я, і наш вядомы краязнавец Пётр Піліпавіч Калейка, і сам Люцыян Станіслававіч, і ксёндз айцец Станіслаў з суседняга Наўя! Пра тое, што Старавежск памылкова апушчаны да статуса райцэнтра – у яго ж магдэбургскае права раней чым у Мінска з’явілася. Што ратушу трэба ратаваць. Рэстаўраваць, а не аддаваць дзялкам пад гатэль. І пра маёнтак Дзякловічаў пісалі… Раёнка друкавала, «Краязнаўчая газета» друкавала… Карэспандэнты прыязджалі. Вядомая журналістка Ганна Барэцкая нават цэлае расследаванне пра лёс ратушы ўчыніла!

Арыядна Мартынаўна расчырванелася, уся такая натхнёная, ваяўнічая – Мацей нават трохі адсунуўся ўбок. Не любіць ваяўнічых энтузіястаў.

Не, цётачка Ружовы Берэцік не падобная да заўсёднікаў інтэрнэту і аўтара сумна-іранічнага і такога шчымлівага аповеду пра Ордэн Захавальнікаў і ягонага Магістра… І ўжо наўрад назвалася б яна Брудным Ублюдкам. Да гэтага панкаўскага ўзроўню яе самаіронія відавочна не сягае.

– А я чытала, што Дзякловічы мелі падвойнае прозвішча, другая частка – Корвус, – закінула апошнюю зачэпку я.

– Люцыян Станіслававіч казаў, проста цёзкі, – няўважна азвалася Арыядна. Яна ў гэта верыла. А вось я пасля ўсяго – не.

Могілкі я ўвогуле люблю, старыя, дэкадансныя, але адсюль гатовая была проста бегчы. Вусцішна, нібыта над месцам уласнай магілы прайшлася.

Мокры ад дажджу і расы плюшавы мішка ля помніка звар’яцеламу доктару на развітанне падміргнуў мне гузічным вокам.

Нават Корвусаў дом, прапахлы цвіллю і лекамі, падаўся ўтульным пасля мясцовага некропаля. Мы з Мацеем ужо ведалі, што тут зусім адны – Дашу і Любу зноў паклалі ў бальніцу, і сястра Марына адправілася прыглядаць за імі. Таму абед быў на мне – не таму, што месца кабеты на варыўні, а таму, што мужчына, які не ленаваўся гатаваць, заняты. У лядоўні знайшліся яйкі, у шафцы – алей «Мечта козацкая». Старая патэльня са здымнай ручкай была старанна вышмараваная. А хлеб і каўбаса засталіся з ссабойкі. Я смажыла яечню і ўяўляла, што раблю гэта для Віталя… Цікава, дзе ён зараз? Уяўленне намалявала Корвуса, які ляжыць у кустах, ухутаны ў гэткі спецназаўскі плашч-халат, і глядзіць на гэтае вакно з бінокля, і думае пра мяне… Ледзь яешню не спаліла.

Калі я прынесла патэльню ў залу, заціскаючы ў кулаку два відэльцы – а аблом талеркі халоднай вадой мыць, з патэльні з’ямо, – Мацей, прыўзняўшыся, навісаў над кампутарам, як дрэсіроўшчык над насваволіўшым тыграм. На маніторы шалёна беглі радкі… І на гэты раз яны былі кірыліцай. Няўжо атрымалася?

Я паставіла, ледзь не кінула, патэльню на вольны край стала, не заўважыўшы, што брудныя кроплі тлушчу ўпалі на бялюткі абрус.

У той жа момант бег радкоў спыніўся.

Quod nocet, non est poena mortis et sic vita – suus‚ a dolore vero – id est vitaque morsque – mendacii.

«Ісціна – гэта боль, але адсутнасць болю азначае смерць, а значыць, жыццё – гэта боль, а смерць – гэта мана».

Ніфіга сабе заблытаныя дэфініцыі… І, здаецца, гэта надпіс з надмагілля Корвусаў. Значыць, недарэмна схадзілі…