Выбрать главу

– Не трэба засяроджвацца на бедах толькі свайго народа, – мякка заўважыў бібліятэкар. – Што тады казаць пра блуканні майго, якія доўжацца тысячагоддзі? А зараз лінія такая… – стары стоена ўздыхнуў. – Змешваць нацыі, як нашаткаваную гародніну, каб атрымалася аднародная поліўка. Асабліва гэта тычыцца народаў памежжа – украінцаў, беларусаў, прыбалтаў… Літоўцаў дасюль чыгуначнымі саставамі вывозяць. А з другіх краёў, наадварот, завозяць. Наш партызанскі камандзір вунь па разнарадцы ў Кагул паехаў з сям’ёй. Увесь свет мусіць стаць сацыялістычным Бабілёнам. Памятаеце, таварыш Люцыян, фільм «Шукальнікі шчасця», пра габрэйскі калгас у Бірабіджане?

– Ну як жа ж… Мае вучні цытатамі з гэтага фільма на ўроках перакідваліся, – усміхнуўся Люцыян, і ягоны строгі бледны твар пасвятлеў. – Асабліва Піню любілі, адмоўнага гэтага героя, які хоча фабрыку падцяжак адчыніць. «Скажыце, калі ласка, колькі, прыблізна, канечне, можа каштаваць такі параход?»

Мужчына са знешнасцю інквізітара смешна змяніў голас, пераймаючы коміка.

– А Піню, дакладней, артыста Веніяміна Зускіна, арыштавалі, – бібліятэкар перайшоў на шэпт, нібыта калгаснік з плаката мог падслухаць і данесці. – І аўтар сцэнарыя Кобец знік, а пра Міхоэлса, кансультанта фільма, чулі, мабыць…

– Пад грузавік трапіў у Мінску? – нахмурыўся Люцыян, а калгаснік на фоне шчаслівага карэла-фінскага жыцця нібыта павярнуўся правым вухам да крамольнай размовы.

– Пад грузавік… – шэптам пацвердзіў бібліятэкар. – Той жа, што многіх пераехаў… – і загаварыў гучна. – Ну, няма нічога новага пад сонцам, і мудрасць ранейшых вякоў нікога не ратуе. І гора таму, хто адсякае свае карані, бо завяне.

– Значыць, карані… – субяседнік задумліва крануў пальцам шурпатыя старонкі кнігі, што ляжала перад ім. – Дык вы ўпэўненыя, Саламон Барысавіч, што ўладальнікі маёнтка – мае сваякі?

– Ды змірыцеся ўжо з гэтым абуральным для савецкага ўрача фактам, таварыш Корвус! – іранічна азваўся бібліятэкар. – Я не збіраюся гэтымі звесткамі размахваць, як вяхоткай. Але – вось радавод Корвусаў-Дзякловічаў…

Жоўты палец старога вадзіў па старонцы.

– Ваш дзед – Канстанцін? Вось ён запісаны… Штабс-капітан, жанаты на Адэліне з Марашэўскіх. Вось ваш бацька, Станіслаў Канстанцінавіч Корвус-Дзякловіч, 1880 года нараджэння. Пад ім мусілі занатаваць ваша імя.

– Як спадчынніка лепразорыя?

Люцыян скептычна пакрывіў вусны.

– Бацька не хаваў дваранскага паходжання. Але і не даражыў ім. З сям’ёй ніякай сувязі не меў і нічога пра яе не расказваў. Сышоў з дому ў шаснаццаць, далучыўся да народніцкага гуртка. Так і займаліся з маці хаджэннем у народ… Медінстытут, эпідэміі халеры, пасада сельскага доктара… І назвалі мяне Люцыян – святло, а значыць, асветніцтва. Але мяне цікавіць у архівах продкаў іншае…

– Сакрэт вечнага жыцця?

Бібліятэкар з дакорлівым уздыхам павярнуўся да этажэркі, заваленай старадрукамі, пацягнуўся за кнігай. Мыліцы, прыстаўленыя да ягонага фатэля, ледзь не паваліліся на падлогу, іх падтрымаў доктар Корвус.

– Вось інвентар батанічнага саду вашага прадзеда. Якія расліны, калі і адкуль выпісаныя… Вось дзённік Жыгімонта Корвуса. Толькі вы яго не прачытаеце.

– Чаму?

Доктар Люцыян разгублена гартаў старонкі сшытка ў зялёнай скураной вокладцы, спісаныя дробным почыркам.

– Нічога не разумею… На якой гэта мове?

– Ні на якой.

Стары ўсміхаўся, але не насмешнічаў.

– Гэта неіснуючая мова. Паверце, я маю дастатковую лінгвістычную адукацыю, каб гэта сцвярджаць. Я вывучаў не толькі Тору і Талмуд. Я ўвогуле прафесійны лінгвіст, закончыў два ўніверсітэты, выкладаў.

– Але мне казалі, вы рабін… – падняў вочы доктар.

– Проста калі мяне ў трыццаць сёмым у якасці асколка буржуазнай адукацыі «із’ялі» з Харкаўскага ўніверсітэта і я вярнуўся ў наша мястэчка, да мяне пачалі прыходзіць людзі па парады. Больш, відаць, не было да каго. Я звычайны грэшнік.

У голасе старога не чулася горычы.

– А што тычыцца рукапісу, не дзівіцеся. У васямнаццатым стагоддзі вельмі захапляліся рознымі шыфрамі. А што вы спадзеяцеся знайсці?

– Сакрэт лекаў, якімі дапамагалі здымаць боль парадзіхам, – упарта нахмурыўся доктар. – Звесткі, як ужывала траву «чырвоны дракон» жонка Жыгімонта Корвуса пані Люцында. Усё, што дапаможа ратаваць людзей.