– Homines quod volunt credunt… (Людзі вераць у тое, у што жадаюць. – лац.) Ратаваць людзей трэба не лекамі, малады чалавек, – стары крануў скурчанымі пальцамі сшытак. – Вечна адцягваць смерць? Навошта? Калі пагналі немцаў і я нарэшце выпаўз на свет Божы з падвала, дзе мяне хавалі, даведаўся, што, акрамя мяне, у мястэчку не засталося габрэяў. Усіх закапалі ў яры. Каго прыстрэлілі, каго і… жыўцом. Як вылечыць – такое?
Корвус апусціў галаву.
– Мы можам мала. Але ўсё-ткі – каб хоць трохі ў свеце стала менш болю, варта працаваць.
У пакоі, прапахлым вечнасцю і пакутай, запанавала маўчанне.
– Добра, малады чалавек. Мне ўсё адно асабліва няма чым заняцца – нават усё ваша майстэрства не верне маім нагам былую рухавасць… Я займуся гэтым рукапісам. Некалі ж клінапіс разбіраў…
Над Апошнім Прытулкам ззяла сляпучае летняе сонца, але лета ўжо адолела сваю вяршыню, за якой пачынаўся непазбежны шлях уніз, да звядання, змярзання і буцвення.
А потым прыйшла ноч, абвешаная такімі буйнымі зорамі, што яны здаваліся падробнымі дыяментамі на даме паўсвету, якая збіраецца ў госці да фанабэрыстых знаёмых.
І зноў лілася кроў… Але ў ёй былі выкупленне і надзея.
Да двух стамлёных людзей у белых халатах, што стаялі на асветленым самотным ліхтаром бетонным ганку, наблізіўся малады чалавек у светлай кашулі, зашпіленай пад горла, з цёмнай палоскай барады на бледным разумным твары.
– Я чую крыкі немаўлятаў… Усё прайшло добра?
Прыгожая жанчына з укладзенымі каронай валасамі азірнулася на асветленае вакно, за якім таненькія, але такія моцныя і патрабавальныя галасы зліваліся ў спрадвечнай песні жыцця.
– Так, Ганна нарадзіла… Двойню.
Голас жанчыны прагучаў няўпэўнена, праз паўзу.
– Я магу туды зайсці? – настойліва спытаў малады чалавек, і зоры за ягонымі плячыма раптам бліснулі, як сапраўдныя дыяменты.
– Вядома, не! – кабета ў белым халаце строга падціснула вусны. – Роды былі вельмі цяжкія. Давялося рабіць кесарава. І дзеці… не вельмі ў добрым стане.
– Тым больш!
Малады чалавек падняўся на адну прыступку.
– Яўгенія Міхайлаўна, я ведаю, вы выхаваныя ў непрыняцці рэлігіі. Але вы добры чалавек і разумееце, што нельга пазбаўляць чалавека таго, у што ён верыць. Ганна прасіла мяне ахрысціць дзяцей. Тым больш калі ёсць пагроза іх жыццю – нельга адкладаць…
Мужчына ў белым халаце, што стаяў ля загадчыцы, адмоўна пахітаў галавой:
– Дзяцей аглядае наш калега, знакаміты хірург. Яму нельга перашкаджаць.
– Я пачакаю.
У бледным твары маладзёна было столькі ўпартасці, што стала зразумела – не адступіцца. Доктар уздыхнуў, кінуў запытальны позірк на жанчыну.
– У дзяцей паталогія. Непадрыхтаванага гэта… спалохае.
– Мяне не палохае звыродства цела! – рашуча прамовіў маладзён. – Звыродствы душы куды страшней.
– Серафім Мікалаевіч, я… не маю права… У нас савецкая ўстанова. Калі даведаюцца, што з майго ведама тут адбыўся абрад хрышчэння – гэта катастрофа, – глуха прагаварыла жанчына, але яе перарваў калега.
– Мы пра гэта і не будзем ведаць, – азірнуўся на вакно, за якім галасілі немаўляты. – Мы з Яўгеніяй Міхайлаўнай пойдзем адпачываць. І калі хтось самавольна, дачакаўшыся, пакуль медперсанал пакіне палату, зойдзе адведаць дзяцей… Вядома, у халаце, які я выпадкова пакінуў…
Корвус нетаропка зняў халат і павесіў на ручку дзвярэй.
– …і скарыстаўшыся тым, што я забыўся зачыніць чорны ход на ключ…
– Дзякую, Люцыян Станіслававіч, беражы вас Гасподзь.
Магістр і ягоная былая вучаніца павольна брылі па цёмных прысадах. У густых шатах час ад часу штось шаргатала, нібыта нейкая істота сачыла за людзьмі, пераскокваючы з галінкі на галінку.
– Мне страшна, бо я не ведаю, ці радавацца, што няшчасныя дзеці засталіся жывыя, – глуха прамовіла Яўгенія. – Якое жыццё іх чакае? І іх бедную маці?
– Жыццё – дарунак, які нельга вяртаць, – цвёрда прагаварыў Магістр. – Упэўнены, што дзяўчынкам дастанецца свая доля любові.
– Але раздзяліць іх немагчыма… – сцвердзіла-спытала Яўгенія.
– Немагчыма, – пацвердзіў Люцыян. – Нават прафесар Візенталь не бярэцца. Без рэнтгену цяжка сказаць, але, падобна, некаторыя важныя ўнутраныя органы ў іх адны на дваіх.
Жанчына пацепнула плячыма.
– Як паказаць дзяцей іх і без таго запалоханай маці? Яна ж сябе абвінаваціць… Не ўберагла… Пакаранне звыш…
– Давайце падумаем пра гэта заўтра… А пакуль што паглядзім на зоры, – нечакана дадаў Корвус. Яўгенія неўразумела азірнулася. Былы настаўнік задраў галаву, прывіднае нябёснае святло залівала ягоны твар, падкрэсліваючы рэзкія цені.
– Памятаеце, Яўгенія, як пасля таго, як мы знайшлі бразготку пракажонага ў раскопе і я спыніў даследаванні, Ордэн захавальнікаў сядзеў ля вогнішча. І мы да раніцы глядзелі на неба і гаварылі пра сузор’і…