Выбрать главу

– Рыгор… прывітанне.

Яе голас дрыжэў.

Самусь памкнуўся наблізіцца, дакрануцца да сваёй кабеты, але спыніўся, вінавата прыкусіўшы губу. Ягоны твар падаваўся не па ўзросце азызлым, вакол вачэй амаль чорна.

– Гэта мая жонка, таварыш Нашчадны, – неахвотна прамовіў Самусь да зацікаўленага калегі, не адводзячы хворага позірку ад Жэнькі, якая пачала ўжо дрыжэць усім целам. Пакуль не адчула, што за спінай матэрыялізаваўся нехта недарэчна ўпарты, і яна адхінулася назад, працягнула руку, каб на імгненне дакрануцца да цёплай цвёрдай рукі, гатовай падтрымаць. Гэтае дакрананне дазволіла адолець прыкрую слабасць, выпрастацца…

– І вы тут… – хрыпла вымавіў Рыгор, утаропіўшыся ў Корвуса, як у прывіда, але Яўгенія перабіла:

– Гэта мой намеснік.

І дадала ўладна, трохі павярнуўшы галаву да Магістра:

– Прашу вас, ідзіце і падрыхтуйце асабовыя справы для праверкі.

Люцыян моўчкі схіліў галаву і сышоў, зразумеўшы намёк. Самусь прыгнечана маўчаў.

– Ну што, таварыш маёр, пойдзем аглядаць іхні прытон? – перабольшана аптымістычна прамовіў таварыш Нашчадны.

– Можа, варта пачакаць, пакуль развіднее? – буркатнуў Самусь.

– І, магчыма, даць камусь збегчы? – хмыкнуў лейтэнант. – Вы, таварыш маёр, лепш за ўсіх ведаеце: ворага трэба ламаць адразу, пакуль не ачомаўся і не прыдумаў, як абараняцца.

Чамусьці адчувалася, што не малады маёр, а сівы лейтэнант быў тут галоўным.

Далейшае нагадвала фільм жахаў у стылі «Кабінет доктара Калігары».

…Аднапавярховы будынак з паўкруглымі аркамі, у якія ўстаўленыя звычайныя прастакутныя шыбы, абкладзеныя цэглай. Гасцям выдалі марлевыя павязкі, халаты, пальчаткі, бахілы… Але гэтыя вартыя жалю латы не ратавалі ад жаху: праз адчыненыя дзверы невыносна смярдзела саладкаватым пахам гніення. З электрычнасцю ў корпусе былі перабоі. Твар чалавека, выхаплены з цемры промнем ліхтара, мала нагадваў чалавечы. Вочы выцеклі, нос выгніў.

– І ноччу спакою няма… Як басмачоў біць – дык таварыш Ракуць давай… Біў басмачоў, біў клятых… І яны мяне праклялі… Вузкавокія…

Голас гучаў так гугнява, што з цяжкасцю разбіраліся словы.

– Праказа… Гэта невылечна, – шапнула загадчыца шпіталя. – Мы ўсе, што даглядаем пракажоных, да канца не ведаем, ці не заразіліся.

У глыбіні палаты на ложках яшчэ некалькі постацяў, ухутаных у коўдры.

– І тыя таксама? – здушана пытаецца лейтэнант, для чагосьці сціскаючы рукой у пальчатцы рэвальвер.

– Гэта лепразорый, таварыш Нашчадны. Тут не начуюць здаровыя.

Далей ганку спецатрадаўцы не зайшлі. Усё-ткі магчымасць заразіцца смяротнай хваробай абуджае нават у самых смелых ці чэрствых той пракаветны страх, з якім немагчыма зладзіць, які часам змушае да ганебнага.

Іншы будынак. Цьмянае святло электрычнай лямпачкі б’е па вачах – у каго яны ёсць… Бязногія, бязрукія людзі варочаюцца, як вусені, лаюцца, што пабудзілі… Ідыёт са слінявай шырокай усмешкай, з прыплюснутым чэрапам кульгае, як вялізны павук, у якога абарвалі некалькі ног, мармыча:

– Хар-рошыя! Вы хар-рошыя! Яначка вас любіць!

І не разумее, чаму госці не хочуць з ім абдымацца.

Наступны пункт… Чалавек, спрэс пакрыты нарастам колеру гною, нават адно вока цалкам схавалася… Санітарка з юлёвай паловай твару, падобнай да сырога мяса…

Новае кола пекла. Высокі худы медбрат таксама ў марлевай павязцы:

– Тут корпус сухотнікаў, ва ўсіх вострая форма…

І страшны надрывісты кашаль у палаце… Такі, што мімаволі прыслухоўваешся да сябе, ці не пасялілася ў тваіх уласных грудзях лічынка, якая разрасцецца і змусіць выплюнуць згнілыя лёгкія шматок за шматком?

– Прапаную завершыць праверку раніцай… – мармыча ўзмакрэлы лейтэнант. – Паставім варту па перыметры, ніхто не ўцячэ. Як думаеце, таварыш маёр?

Самусь, які пляцецца апошнім і не заходзіць у страшныя палаты далей ганка, нешта згоднае мармыча. Ястрабкі з палёгкай уздыхаюць і бегма кідаюцца на вуліцу, прыгнечана маўклівыя. Адзін, адышоўшыся да светлай плямы пад ліхтаром, дастае біклажку, прагна адсёрбвае, а далей пачынае нязграбна паліваць змесцівам свае рукі.

– Ліні і мне трохі… – здушаным голасам кажа другі, зусім юнак, у акулярах, і падстаўляе далоні пад празрысты струменьчык, ад якога пахне спіртам.

– Ад праказы гэта не дапаможа, і ад ваўчанкі таксама, – абыякавым голасам заўважае загадчыца, застаецца гадаць, ці хаваецца пад гэтай абыякавасцю помслівая насмешка. І Нашчадны, відаць, саромеючыся праяўленай імі слабасці духу, злосна камандуе ісці на начлег. Няхай медперсанал размяркуе вольныя койкі. Апалчэнцы, змрочна азіраючыся, заяўляюць, як адзін, што будуць спаць у грузавіку. Усё роўна камусь трэба быць у нарадзе, так што якраз змесцяцца. Лейтэнанту прапанавалі месца ў ардынатарскай. Але ён таксама прабуркатаў пра грузавік, што камандзір мусіць быць са сваймі байцамі.