Выбрать главу

– Ну а вы, таварыш Самусь, напэўна, з жонкай пераначуеце? – неяк знарочыста абыякава папытаўся Нашчадны. Пасля некаторай паўзы Яўгенія кіўнула:

– Так, пайшлі, Рыгор. У мяне ёсць яшчэ адна кушэтка.

Сабакі ўсё яшчэ зрэдку брахалі, а адзін нават завыў. Людзі, што ляжалі на ложках у будынках, дзе калісь таньчылі кадрыль паненкі ў дэкальтэ альбо дзе трымалі панскіх коней і сцябалі панскіх слуг, перасталі стагнаць, лаяцца, маліцца… Нават высокі светлавалосы чалавек, што вось ужо каторы час пад сховамі адцвілага бэзу насцярожана глядзеў на вакно, за якім свяціўся зялёны абажур і чулася ціхая гаворка, пасля таго як святло згасла, таксама сышоў… Ноч сцвердзіла права на цішу.

Ненадоўга.

Калі неба пашарэла, яшчэ толькі ў прадчуванні блакітнага колеру, у двухпавярховым шэрым будынку, так званым адміністратыўным корпусе, за вакном, дзе нядаўна ўтульна свяцілася зялёная лямпа, штосьці разбілася, загрукатала. Ускрыкнула жанчына. І страшны мужчынскі голас:

– Сука! Здрадніца! Заб’ю! Заб’ю!

Так мог бы крычаць звер, пазычыўшы чалавечы голас.

І зноў ускрык жанчыны.

Яўгенія з растрапанымі валасамі, у кофтачцы, спехам накінутай на ніжнюю кашулю, прыхінулася да сцяны, абдымаючы сябе рукамі. На шчацэ чырванела свежая драпіна. Сымонавіч і Корвус спрабавалі ўтрымаць Рыгора Самуся на падлозе. Ім няўмела дапамагалі санітарка з юлёвым нарастам і медбрат з корпуса сухотнікаў, але Самусь скідваў з сябе ўтаймавальнікаў, як мядзведзь сабак, і лаяўся.

– Яўгенія, укол! – крыкнуў Корвус, і Жэнька скінула здранцвенне. Якраз калі яна выцягнула голку з вены Рыгора і той абмяк, закаціўшы вочы, у пакой уварваліся ястрабкі з таварышам Нашчадным на чале, а таксама два штрафбатаўцы, сівы ды лысы.

– А ну адпусціць маёра дзяржбяспекі, гады!

Нашчадны гатовы быў націснуць на курок рэвальвера.

– У маёра быў нервовы прыступ! – патлумачыў задыханы намеснік загадчыцы, выпростваючыся. – Мы яго купіравалі, цяпер трэба пачакаць некалькі гадзін…

– Гэта антысавецкая змова! – зароў энкавэдыст. – Мы пра ваша кубло ўсё ведаем.

І кінуў цераз плячо сваім байцам:

– Арыштаваць загадчыцу і намесніка. А тады пачысцім гэты прытон…

– Пачакайце, вы памыляецеся! – уладна выпрасталася Яўгенія. – Праз тры гадзіны скончыцца дзеянне ўколу, і мой муж вам пацвердзіць – мы не жадалі яму кепскага. Ён жа ваш камандзір, вы павінны выконваць ягоныя загады…

– Ваш муж, маёр Рыгор Самусь, зараз на выпрабавальным заданні! – у цьмяным святле раніцы аблічча Нашчаднага падавалася шэрым, як у паўсталага наўца. – Ён праходзіць пакуль сведкам па справе вашай агульнай сяброўкі, Маргарыты Ракуцкай, злоўленай на сувязі з японскім шпіёнам з Міністэрства аховы здароўя. А вы што думалі, Самусь выпадкова сюды трапіў, на гарачае спатканне з вамі?

Малгося арыштаваная… І яе апякун таксама… Яўгенія бездапаможна зірнула на Корвуса.

– Вы ж пераканаліся, тут інваліды і невылечна хворыя, – цвёрда заявіў Люцыян. – Майце сумленне. Пакіньце ахову, але дайце нам рабіць сваю справу – лячыць людзей…

– Настрашыў ката скваркаю… Ведаем мы пра ўрачоў-забойцаў! Ты, сучка, свайго мужа падманвала, пацыентаў трула…

Куля з рэвальвера патрапіла ў столь, рэвальвер адправіўся на падлогу, а сам лейтэнант паціраў шчаку, па якой угневаны доктар Корвус яму толькі што адвесіў ляшча.

– Яўгенія Міхайлаўна людзей выратавала болей, чым вы загубілі! Хаця хто вас ведае…

Ніхто ачомацца не паспеў.

Яўгенія ўспомніла, што Корвус, інтэлігентны, засяроджаны і хударлявы, у моманты небяспекі мог раптам рабіцца вось такім – па-звярынаму імклівым, нібыта ў ім прачыналася іншая кроў.

Твар Нашчаднага пацямнеў ад злосці:

– Ну, запяеш ты ў мяне, дактарышка! Страляйце ў гада! Супраціўленне пры затрыманні!

Але выстраліць ніхто не паспеў. Пятро Сымонавіч дзейнічаў рашуча і прафесійна. Ягоныя сябрукі таксама. Не прайшло і пяці хвілін – ястрабкі на чале з лейтэнантам ляжалі роўненька на падлозе, як і Самусь, атрымаўшы ін’екцыі снатворнага.

– Што вы нарабілі! – голас Яўгеніі зрываўся. – Цяпер забяруць усіх…

– Хай паспрабуюць! – страшна выскаліўся лысы штрафбатавец. – Там на пасту яшчэ пяцёра іхніх, скруцім лапушкоў за тры секундачкі.

– А далей? – загадчыца нервова зашпільвала гузікі кофты.

– Перарэзаць глоткі ды закапаць у лесе, – прагуў сівы ахоўнік, гуляючыся з нажом, зазубранае лязо якога гарэла халодным белым агнём. – Астатнім скажам – праверка з’ехала.