Медбрат, такі худы, што ягоныя шчокі здаваліся ямінамі, ускінуў рукі, нібыта заклікаў у сведкі неба.
– Што вы гаворыце, людзі? – цёмныя разумныя вочы глядзелі з жахам. – Не бярыце грэх на душу! Бачыць Бог, на гэтай зямлі і так залішне пралілося крыві!
– Не хвалюйцеся, Станіслаў, мы гэтага не дапусцім, – цвёрда прамовіў Корвус. – Байцы не вінаватыя. Яны ж і сапраўды фашыстаў ловяць, жыццём рызыкуюць.
– Тады яны заб’юць нас! – сівагаловы з сілай усадзіў нож у падлогу, ля галавы аднаго з ястрабкоў.
Санітарка ля вакна, узяўшыся за галаву, пагойдвалася і вохкала, як на пахаванні.
– І як цяпер? Аблогу трымаць? Утварыць бандфарміраванне? Нас усё роўна знішчаць. Што дасць наш супраціў? – непаслухмянымі вуснамі прамовіла Жэнька.
– Дасць нам час. Можам вывезці адсюль усіх, каго неабходна, – прамовіў Пятро Сымонавіч. – Грузавік на хаду.
Корвус заклапочана пацёр падбароддзе.
– Слушна… А я паспрабую прывесці да розуму таварыша маёра. Наколькі ведаю, паміж прыступамі ён цалкам адэкватны. Можа, яму ўдасца хоць трохі стрымаць сваіх калег.
Яўгенія сунула рукі ў кішэні кофты, панура зірнула на Рыгора, які спаў пад яе нагамі.
– Так, пакуль пад раніцу з ім гэта не сталася, мы добра гаварылі.
Калі Гасподзь адпускаў у свет гэтую раніцу, не заўважыў, як яна спатыкнулася і пабіла палец аб нябёсны парог. Вось і пайшла па свеце злючая-падлючая, шукаючы, на кім спагнаць крыўду. Задыханы Сымон Пятровіч падкульгаў да загадчыцы, якая спехам кідала ў печку кабінета нейкія тэчкі:
– Бяда, панёс нас чорт на дзіравы мост. Упусцілі аднаго… Разам з машынай.
Санітар выцер спацелы лоб.
– Хто б падумаць мог – здыхлік у акулярах, але адчайны. Пабачыў, як скручваем ягоных таварышаў, і газануў… Вароты пратараніў. Усё, цяпер лік на гадзіны…
Загадчыца аддала богу Жыжалю яшчэ адзін стос папер. Яе лясныя вочы – бурштын і лістота – былі яркімі, як у сапраўднай гаёўкі, ляснога ацаляльнага духа, у зрэнках трымцеў чырвоны водбліск полымя.
– Ясна… Што ж, трэба дапамагчы сысці тым, каму неабходна.
– У нашу эмку больш чатырох не ўлезе… А калі ляжачыя… – змрочна зазначыў Пятровіч.
– Бярыце тых найперш, каго хавалі ў лепразорыі. Прафесара Візенталя абавязкова. І паведаміце ўсім, што здарылася… Хай хто хоча і можа, сыходзіць сам. Кагосьці можна вынесці на насілках, вывезці ў вазках… Скажыце доктару Корвусу, хай ушпіліць яшчэ дозу апалчэнцам. Няхай размесцяць іх у якой палаце, на койкі, якія вызваляцца. А тады таксама хай не марудзіць.
Паперы курчыліся ў печцы, нібыта іх мучыла не полымя, а занатаваныя на іх крамольныя таямніцы.
– Найперш вам трэба сысці, Яўгенія Міхайлаўна, – цвёрда заявіў Сымон Пятровіч.
Жанчына зноў адвярнулася да зыркай пашчы печкі, у якой ператвараліся ў попел і бязмоўе нечыя імёны.
– Я загадчыца Апошняга Прытулка. Я не буду ўцякаць. Хворых усіх мы ўсё адно не вывезем, а я іх не кіну. Давайце, часу мала…
Наступныя гадзіны прайшлі ў мітусні, якая, прынамсі, мае ўласцівасць адганяць адчай.
– Пятро Сымонавіч, а вы чаму вярнуліся? – разгублена пыталася Жэнька.
– Трэба ж было машыну назад прыгнаць, – роўным тонам адказаў санітар. – Яшчэ чатырох паспелі адправіць. І я не для таго сваіх скалечаных аднапалчан выратаваў, каб зараз збегчы. Буду з імі да канца. Можа, пакінуць хоць бязногіх франтавікоў у спакоі?
І раптам дадаў сурова:
– Мой бацька быў афіцэр. Палкоўнік. Так, царскай арміі. Ён герой – ваяваў пад Гумбіненам, на Балканах. І мяне вучыў, яшчэ калі я быў кадэтам: армія гіне не тады, калі яе разбіваюць, а тады, калі яна пакідае сваіх параненых жаўнераў. А ты, доктар, чаму застаўся? – Пятро Сымонавіч зацікаўлена зірнуў на Корвуса. – Чэкіст не забудзе, як ты яму па пысе заехаў.
– А ёй што, адной усё разграбаць? – Корвус кіўнуў у бок жанчыны. – Я таксама клятву Гіпакрата даваў і хворых кінуць не магу. У нас жа ёсць такія цяжкія, што без догляду і на гадзіну нельга. Вунь, толькі што прыступ у аднаго здымаў… Ледзь паспеў.
Раптам усміхнуўся амаль весела.
– Я ж Магістр Ордэна Захавальнікаў. Не расказвала Яўгенія Міхайлаўна? Не? Калі я быў у іх настаўнікам і вёў археалагічны гурток, яны вось такое прыдумалі… Суполка захавальнікаў гістарычнай справядлівасці. Я сам іх гэтаму вучыў. Мушу адпавядаць. І што рабіць, уцёкшы? У лесе хавацца, як лясныя браты?
Людзі маўчалі, і было ў гэтым маўчанні дужа шмат… І горыч, і безнадзейнасць, і сіла.
У кустах заценькала птушка.
– Што ж, час абходу… – неяк па-будзённаму прамовіла Яўгенія. – Пойдземце, Люцыян Станіслававіч, да пацыентаў. Зоймемся сваёй справай.