– Пойдзем, Яўгенія Міхайлаўна, – гэтак жа спакойна прамовіў Корвус. – Макараў з другога корпуса на сэрца ўчора скардзіўся, я адмяніў таблеткі… Трэба праверыць, які вынік…
Калі да падазронай спецбальніцы, хітра схаванай у лясных нетрах, пад’ехалі машыны з вайскоўцамі, хмары над пушчай не згушчаліся, вараннё не збіралася ў гатычныя зграі, над магіламі не рыдала прывідная Плачка… Усё было шарагова і звычна.
Забралі ўсіх.
Амаль.
У палаце з пракажоным прагучалі стрэлы. Не трэба савецкаму народу нават ведаць, што побач яшчэ існуе паганая хвароба, ад якой няма лекаў. Мы – народ-пераможца.
Над дзіцячым ложкам прыхадні нейкі час пастаялі, лаючыся і плюючыся ад агіды… Але савецкая навука мае патрэбу ў феноменах. Дзівосы трэба раз’ясняць. І феномен у выглядзе двух зрослых немаўлятаў забралі. Іх матку, з пачварным швом на разрэзаным жываце, што яшчэ сачыўся крывёю, занеслі на насілках у другую машыну, дзе валяліся покатам бязногія-бязрукія.
Загадчыцу бальніцы і яе намесніка адправілі самымі першымі. На жалезным кузаве перавозкі красаваўся надпіс «Хлеб». Акрамя жывых, у машыне былі мёртвыя. Два ўхутаныя ў брызент целы лясных братоў, з якімі ястрабкі прыехалі ў Апошні Прытулак, здавалася, вечнасць таму. Ад цёмных скруткаў яшчэ слаба, але сыходзіў пах распаду плоці, саладкавата-атрутны. Праз шчыліны кузава прабівалася святло, нібыта неба вінавата падглядала за няўдала прыдуманымі лёсамі. Машыну трэсла на карэннях і калюжынах лясной дарогі. Двое, што сядзелі, прыхінуўшыся да борта, за якім была кабіна, матляліся, як лялькі. Мужчына асцярожна накрыў даланёй руку спадарожніцы на дарозе ў чарговае пекла. Нейкі час маўчалі.
– Люцыян Станіслававіч, цяпер вы дакранаецеся да мяне… у тым самым сэнсе? – прашаптала жанчына. Пасля нязграбнай паўзы мужчына выціснуў прызнанне:
– Так.
І таропка дадаў, перарваўшы дотык:
– Можа, вам брыдка…
Але яна ціха засмяялася, павярнулася, закінула руку яму на шыю і адшукала вуснамі ягоныя сухія, няўмелыя вусны…
Праз некалькі імгненняў ён адхінуўся.
– Навошта вы… Вы ж кахаеце Рыгора…
Яўгенія ўздыхнула і мімаволі памацала сваю шчаку, на якой красаваўся пластыр.
– Я не думала, што выйдзе так… А ўчора сустрэліся… І адчула – перагарэла ўсё. Сышло, мабыць, з крывёй. З ненароджаным дзіцем. А вы?
– Што – я? – Корвус насцярожыўся, бы яшчарка, на якую ўпаў цень ад дзіцячай далонькі.
– Наконт сталёвага забрала вашага шлема… Вы яго трохі прыўзнялі?
Люцыян быццам закамянеў.
– Я ніколі не забудуся на…
– Гэтага і не патрэбна! – даланя жанчыны слізнула па ягонай шыі, пагладзіла шорсткія валасы патыліцы, і мужчына міжволі закінуў галаву ад задавальнення. – Мы павінны памятаць дарагіх людзей. Нават калі гэта прыносіць боль.
– Але болю бывае занадта шмат… – глуха прагаварыў Корвус. – Каб мне далі палячыць вашага мужа, паэксперыментаваць… Ведаеце, Саламон Міхайлавіч пачаў перакладаць для мяне сшытак Жыгімонта Корвус-Дзякловіча, уяўляеце сабе – напісаны на прыдуманай мове! Дарэчы, гэта сапраўды мой продак, як вы намякалі. Там пра рэдкія расліны, у тым ліку – магрэтку, «чырвонага дракона». Яе рэчывы працуюць на ўзроўні рэгенерацыі клетак…
– Цікава назіраць за фанатыкамі, – іранічна прагаварыла жанчына. – Вы нават забыліся, куды і навошта нас вязуць. Наўрад нам па прыездзе прадаставяць лабараторыю… Хіба што мы будзем у якасці лабараторных мышак.
– Прабачце… – Корвус сціснуў тонкую руку былой вучаніцы. – Я… пастараюся… хаця б на кроплю палегчыць ваш лёс. Вы нічога не ведалі. Я вас падманваў. Прымушаў.
– Не спрацуе, – горка засмяялася жанчына. – Мне расказвала адна пацыентка… Яна да вайны патрапіла ў НКУС за тое, што муж чытаў студэнтам Гумілёва. Зняволеную змусілі прасядзець на краёчку крэсла трое сутак. Потым яна, інтэлігентная жанчына, ідэалістка, гатовая загінуць за справядлівасць, падпісала ўсё ва ўпэўненасці, што тым ратуе бязвінных людзей, бярэ правіну на сябе. Арыштавалі яшчэ тры дзясяткі чалавек.
– Не вер, не бойся, не прасі… – прамармытаў Корвус. – Так казаў мой сусед па камеры, у трыццаць сёмым.
– Давайце лепш, Магістр… Каб было што светлага памятаць…
Яўгенія зноў пацягнулася да яго, але Корвус затрымаў яе, схапіўшы за тонкія запясці.
– Нават цяпер, ад жудасці, не варта гуляцца ў такія гульні, Жэня. Побач нябожчыкі, я нашмат старэйшы за вас, я ваш былы настаўнік…
– І нядаўна вы ўсю ноч, як верны паладзін, прастаялі ў кустах, гледзячы на маё акно, калі я прывяла да сябе Рыгора.
У голасе была лёгкая насмешка і… падалося, ці не? – пяшчота.
– Я проста… – у прыцемку не было відно, але Яўгенія з задавальненнем паназірала б, як шаноўны неўрапатолаг чырванее.