Выбрать главу

– Вы проста хацелі ўпэўніцца, што са мной усё ў парадку, – падказваючы нейтральны адказ, прагаварыла яна, як да малога дзіцяці. Але мужчына не мог прыняць гульню.

– Ты разумееш, што ў хуткім часе мы будзем бачыцца хіба што на допытах, дзе нас змусяць тапіць адно аднога? Будуць збіваць нас на вачах адно аднаго? А потым – потым… у лепшым выпадку лагер. Для прыгожай жанчыны гэта…

Грузавік моцна падскочыў на чарговай карчажыне, мерцвякі заварушыліся, а жывыя, каб не паваліцца, ухапіліся адно за аднаго.

– Паабяцай, што, калі выжывеш, знойдзеш мяне! – прашаптала яна ціха.

– Абяцаю… – прашаптаў у адказ ён і сам крануў яе вусны сваімі… А праз незлічоныя імгненні вымавіў, задыхаючыся, з сумным гумарам: – Спраўджваем анекдоты наконт прафесійнага цынізму дактароў, якія снедаюць у моргу і прызначаюць спатканні ў празектарскай?

Пальцы Яўгеніі заблыталіся ў валасах Магістра.

– Мы ў адным крузе пекла з нашымі нерухомымі спадарожнікамі. Цынізм тут не выжывае. І калі нам застаецца толькі гэтая лапінка прасторы і гэтыя хвіліны для апошняга чалавечага шчасця – хто нас асудзіць?

Машына з надпісам «Хлеб» на кузаве вырульвала на асфальтавы бальшак. Дрэвы паабапал, таўшчэзныя ліпы, пасаджаныя калісь у гонар прыезду расейскай імператрыцы Кацярыны, былі нядаўна спілаваныя.

…Дзве дзяўчынкі, якім Гасподзь даў адно цела, адчайна крычалі ў кабіне «газіка». Салдат, якога змусілі везці пачварнае стварэнне, баяўся лішні раз апусціць вочы, яго кожны раз скаланала ад агіды, калі захутанае ў бальнічную коўдру «яно» варушылася асабліва моцна на ягоных каленях.

У машыне ніхто не думаў пра «гэта» як пра дзве душы Божыя, ахрышчаныя як Любоў і Дар’я.

Малады ксёндз айцец Станіслаў, праваслаўны святар айцец Серафім і прызнаны ў мястэчку за рабіна Саламон Барысавіч знаходзіліся зусім у розных месцах і абставінах, але ў гэты час узносілі малітвы за адно і тое ж…

Раздзел дзявяты

Пра спраўджванне мар і наступствы

Калі Ной выпусціў з каўчэга, які атабарыўся ля Арарата, першую жывую істоту – крумкача, той і не падумаў вяртацца, каб паведаміць прароку-выратаваўцу, ці скончыўся патоп. Паляцеў сабе дый паляцеў.

Давялося Ною слаць голуба, які сумленна вярнуўся з галінкай алівы. Выходзьце, маўляў, усё разрулілася!

А я часам раздумвала над лёсам таго няўдзячнага крумкача-мізантропа. Вось ён ляціць у невядомае месца. Дзе ніводнай жывой істоты. І не думае вяртацца да кампаніі тых, з кім прыплыў. Чаму? Абрыдлі? Перасварыўся? А як усе вывалілі на сушу, хаваўся, каб не спаткалі ды не пакаралі? Хіба не заставалася ягонай пары на каўчэгу, і чаму ён яе кінуў? Сказана ж, Ной выпусціў менавіта аднаго самотнага крумкача. Значыць, яго сяброўка пасля знайшла яго, ці ён яе? Іначай крумкачы вымерлі б, як птэрадактылі.

Таямнічая птушка Крумкач…

Я глядзела на спіну Віталя Корвуса, які сядзеў за рулём новенькага «Сітраена», падрульваючы да майго пад’езда, і спрабавала супакоіцца. Шчокі мае былі залітыя слязьмі пасля прачытання чарговага раздзела арыджынала «Ордэн Захавальнікаў». Тэкст гэты я прачытала не на сваім сайце. А ў расшыфроўцы чорнага сшытка прафесара Люцыяна Станіслававіча Корвуса. Хіба што стыль быў прымітыўнейшы – а што хацець, калі пісалася на прыдуманай продкам доктара мове, гэткім эсперанта. Калі групе знаўцаў далі перакласці ўрывак з Гогаля, фраза пра тое, як гераіня пляткарыла і ела вараныя буракі, прапушчаная праз два дзясяткі моў, ператварылася ў «выпіўшы кампот, яна выкінула з будана старызну».

Значыць, гэта не сучасны фанф… Гэта ўспаміны рэальнага чалавека. Хтосьці дасылае мне іх па частках… Хто? Калі тэкст зараз вось толькі расшыфраваны…

Усю дарогу да Мінска мы з Корвусам прамаўчалі. Пытанняў было занадта шмат. Яны прыціскалі, як у рамане Гюго кампрачыкоса, гандляра скалечанымі дзецьмі, катавалі, паклаўшы на грудзі камяні, адзін за другім, ламаючы рэбры.

Мне той цяжар падаваўся ўжо невыносным.

Мы падымаліся па лесвіцы – я глядзела на спіну ўваскрэслага мужа, і ў галаве круцілася: вось твой фанцік, кацяня дурное, на вяровачцы перад табой трымаюць. У кватэру зайшлі так будзённа, звычна, як быццам Корвус проста вярнуўся з камандзіроўкі. У сувенірную шпакоўню на сцяне вітальні, на дзюбку ружовай драўлянай птушачкі адправіўся ключ. Скураныя пантофлі, прывезеныя з Вільні, зноў запаўзлі пад шафку – я падазравала, што там, у цемры і пыле, даўно зладжаны падпольны клуб пантофляў.

Віталь павесіў куртку на чорнага металёвага лася, прывезенага калісь Мацеем са Стакгольма, і я ўжо набрала паветра, каб задаць першае пытанне і нарэшце атрымаць адказы…