Але атрымала палкі пацалунак. Што не спяшаўся перарывацца.
Было так нязвычна: барада колецца, а пацягнешся да валасоў – пальцы гладзяць паголены чэрап.
Калі б я ўмела апісваць рэйтынгавыя сцэны, мусіць, у маіх фанфікаў было б болей чытачоў. Але варта мне пачаць пра «ён правёў вуснамі па яе шыі» альбо «засунуў даланю за рызінку ейных майткоў», рагатаць цягне, і фальш такі, быццам на дзіцячым ранішніку дарослую цётку змусілі выяўляць Сняжынку ў кардоннай кароне. Дастаткова сказаць, што праз паўгадзіны мы ляжалі ў ложку на змятых прасцінах, а адзенне было раскідана па падлозе, быццам яго спецыяльна пасеялі ў спадзеве вырасціць гай з калгот, джынсаў і швэдараў.
Гай атрымаўся б кітайскага паходжання.
Корвус соп побач, тварам у столь, яго гарачая рука ўладзілася на маіх плячах. На ілбе блішчэлі дробныя кропелькі поту. Я павярнула галаву: цікава, раней не заўважала, што на тыльным баку Віталевай далані россып рабацінак і цёмныя валаскі. А на носе чаму рабаціння няма? Павярнулася, прыгледзелася… А не, ёсць!
А ўвогуле, гэта нармальна, што я па завяршэнні першага сэксу пасля сямі гадоў расстання філасофскі разглядаю плямкі на целе каханага чалавека, а ў галаве стукае «нá табе твой фанцік, кацяня»?
Столькі разоў мы ляжалі на гэтым ложку з Мацеем… І кожны раз – ну вядома, у хвілі, калі мазгі пачыналі працаваць, – я думала, што вось цяпер – гэта проста так, ад самоты. Таму што сапраўднае, лепшае магло быць толькі з Корвусам.
І Мацей, напэўна, адчуваў, што я яму проста дазваляю сябе суцешыць… І, само сабой, ён павінен быў быць шчаслівы гэтым і старацца апраўдаць маю паблажлівасць… І ён стараўся. Я была ў гэтым ложку неверагоднай каштоўнасцю, недасяжным шчасцем…
Цікава, а Корвус таксама лічыць, што ён – маё недасяжнае шчасце, што я павінна быць шчаслівая проста таму, што ён мне зноў дастаўся?
Я разумею, чаму ён адразу пацягнуў мяне ў спальню. Ведаў жа, што жыла з іншым. Захацелася падцвердзіць сваё права. Самец мусіць меціць тэрыторыю. Адысей вярнуўся, жаніхоў трэба перастраляць.
Цяпер я, напэўна, мусіла плаваць у жаночым шчасці, як шарык марозіва ў сіропе, паціху плавячыся побач з моцным мужчынскім плячом.
Алё, камрад, прайшло сем гадоў. Няма той дзяўчыначкі, якая напілася ў парку Горкага нейкага бухла і потым рыдала на чужым лецішчы, страціўшы цнатлівасць.
– Тваім знаёмым і не патрэбны быў сшытак Люцыяна Корвуса. Ім патрэбная была кампутарная праграма Мацея.
Рука на маім плячы ўздрыгнула, але засталася на месцы.
– Прабач, я выконваў тое, што мне гаварылі бандыты.
– Гэта не бандзюкі прыходзілі. А людзі на дзяржслужбе.
Віталь ажно прыўзняўся, каб зазірнуць мне ў твар сумленнымі зялёнымі вачыма.
– З чаго ты вырашыла?
– Я не першы год з такімі працую. Нагледзелася. Тут памыліцца немагчыма.
Я перакацілася на бок і прыўзнялася, каб лепей бачыць аднойдзенага мужа, свайго Корвуса, Фініста Яснага-блін-Сокала. Толькі вось жалезныя прасвіры замест мяне мусіў згрызці дзеля ягонага ўратавання іншы персанаж.
– Мне не вельмі прыемна, што мяне выкарысталі ў якасці кансервавага нажа, каб скрасці далікатэс з чужой бляшанкі.
– Паслухай, ну нічога кепскага з тым Мацеем не будзе, – Корвус пачухаў рудую бараду, мне падалося, сам яшчэ не прывык да такога іміджу. – Калі ты маеш рацыю наконт дзяржслужбаў, прапануюць яму супрацоўніцтва, ён пагодзіцца… Урэшце, што добрага, калі наш грамадзянін аддае сваё вынаходніцтва заакіянскім дзядзькам?
Ну, так, я ж сама крывілася на планы Саломы з’ехаць ды працаваць у амерыканскай карпарацыі…
– А калі Саламярэцкі не пагодзіцца?
– Пагодзіцца! – Віталь упэўнена ўсміхаўся… У паветры завісла непрамоўленае «дзеля цябе». Я ўспомніла шнары, якія Мацей хаваў пад фенечкамі. І як ён машынальна паціраў запясці, калі згадваў пра сваю «дурасць» ад звесткі пра маё замужжа.
– Паслухай, а хто ты такі насамрэч? Толькі не залівай, што сапраўды Корвус, а доктар Люцыян – твой дзед.
Не тое, каб Віталь моцна здзівіўся майму пытанню, – не, пасля ўсіх дзесяці вазоў маны, што вываліў на маё жыццё.
Помню, ішлі мы з Мацеем з выставы, якую прывёз у Мінск піцерскі музей Дастаеўскага. А побач сунуліся тынэйджары, якіх прыгналі на адкрыццё выставы. Адна дзеўка ўсё дапытвалася аднакласнікаў, а што, Дастаеўскі – драматург? Не? А што ён пісаў? Бедныя навуковыя цётачкі, якія толькі што ў музеі захліпаліся «а памятаеце, як Сонечка Мармеладава…» Дык вось, другая школьніца тады гучна і амаль з гонарам сказала сяброўцы: «Мой хлопец гаворыць, што я – дэпрэсіўная пісі… пісі… містычная дура».