Мы паржалі… А тады я падумала – добрае вызначэнне… Я ж таксама дэпрэсіўная песімістычная дура.
І з усім песімізмам – не веру.
– Можа, мне Яўгена Капытко распытаць? Не ведаеш, як яго знайсці?
Мой Фініст Ясны Крумкач спахмурнеў:
– У бардачок машыны залазіла?
Здагадлівы… Адразу відаць, прафесіянал, хаця і дапускае памылкі.
– Так, пакуль ты на запраўцы ў прыбіральню хадзіў. Знайшла тэхпашпарт на імя Яўгена Хведаравіча Капытко. А ў куртцы правы кіроўцы з тваёй фоткай, на таго ж Капытко.
– Паслухай, я змушаны быў хавацца…
Ільдзінка ў маіх грудзях усё разрасталася, і было балюча…
– Прабач, але ў Старавежску я выпадкова падгледзела, як ты за руку развітваўся з тымі чувакамі, што з Мацеем засталіся. Як з добрымі калегамі.
– Яны мне не калегі.
– А па плячы вы адзін аднаго з радаснымі ўсмешкамі паляпалі ад шчырай нянавісці?
Я адвярнулася, устала і нацягнула чорную майку з белай выявай Кафкі – Мацей прывёз з Прагі сабе і мне. Быццам хацеў, каб нас паяднаў хоць песімістычны лапавухі геній.
Як жа мне было пагана… Ажно калені дробна дрыжэлі. Усё ўнутры крычала, патрабавала – кінуць свае расследаванні і проста жыць далей са сваім каханым.
Але я змусіла сябе выпрастацца і не плакаць… Ні ў якім разе не плакаць.
Корвус першым адвёў вочы.
– Мяне так назвалі. У дзетдоме. Яўген Капытко.
Ільдзінка ўжо ператварылася ў цэлую ільдзіну, і не факт, што яна не патопіць урэшце мой няшчасны «Тытанік».
– Добра, хоць слова праўды… Вырас у дзетдоме. Зваць Яўген. А як ты тады стаў Віталём Корвусам?
Віталь (ніколі не падабалася імя «Яўген», неяк наждаком чамусь па нервах) таксама апрануў майку і майткі. У голым выглядзе няёмка лёсавызначальныя размовы весці.
– Так трэба было. Ты – гарадская дзяўчынка, кватэра ёсць, клапатлівая сям’я апране-накорміць… А я сам з сябе зрабіў чалавека.
– Дакладней, прафесійнага стукача.
У мяне ўсё ўнутры трымцела.
– Ведаеш, Віталь, у нашым коле былі не толькі такія дэпрэсіўныя дурніцы, як я. Той-сёй цябе раскусіў. Маўляў, вызначыць сэксота няцяжка – ён ходзіць на ўсе тусоўкі і мерапрыемствы, і сядзіць да канца, хоць відно, як часам нудзіцца. Задае правакацыйныя пытанні. Сам жа асабліва не вытыркаецца. Умела сыходзіць ад роспытаў.
Я ледзь стрымлівалася, каб голас не сарваўся на істэрычныя ноты, каб захаваць хоць падабенства сарказму.
– Я, вядома, шчыра абуралася такімі гнюснымі плёткамі. Але варта ўспомніць – і ўсё сыходзіцца. Дзе якая беларуская тусня – ты там, быццам кланаваны. Кожны дзянёк. Як на працу. І мяне там паказваеш, як бэйджык. А цяпер што, цябе зноў на заданне паслалі? У тваім бардачку я яшчэ знайшла раздрукоўкі маіх перасоўванняў па станцыях метро.
– Ты нічога не ведаеш! – Корвус ускочыў і стаяў перада мой, такі дужы і прыгожы, як вікінг, са сваёй рудой барадой і паголенай галавой, зялёныя вочы ледзь не іскрыліся. – Я, між іншым, не адзін у вашай кодле назіральнік быў. І думаеш, цяпер нікога няма? Былі і будуць! Таму што так трэба. Я сумленна служыў радзіме. Прайшоў армію, спецназ… Каму я што благога зрабіў? Усе з вашай тусоўкі жывыя-здаровыя…
Так, толькі тусоўка тая неяк незаўважна распалася. Не забілі, але пазвальнялі з працы многіх. Некаторыя ў пастарунках пабывалі, «на сутках». Ніхто больш туды не імкнецца, зухаватых учынкаў не робіць. Бухцяць на кухні пра помнік Каліноўскаму і чытаюць пра раман тыгра і казла. Выгарэла рамантыка.
– Любая дзяржава мусіць клапаціцца пра бяспеку…
У мяне аж сківіцы звяло.
– Вось толькі не трэба мне тут палітінфармацыі!
– А я цябе і не агітую! Я спрабую да цябе данесці, што ў любой дзяржаве ёсць людзі, якія не даюць утварыцца хаосу і тэрактам. Што я Беларусь шчыра любіў і люблю, у чым ніколі не маніў! І я сем год таму адмовіўся ад свайго задання! З-за цябе! Сарваўся, як пацан!
Я падышла да вакна, нібыта інстынктыўна шукала выйсце на крайні выпадак – у мазгах засела яшчэ са школы інструкцыя, маўляў, калі цябе гвалцяць у кватэры, пастарайся разбіць вакно. Гэта прыцягне ўвагу мінакоў ды суседзяў.
– А чаму ты выбраў мяне? Я, як гэта… прыкрыццё? Ці заданне?
Каб умеў, пачырванеў бы. Але пятка сораму не мае.
– Ты была ідэальная для таго, каб стаць маёй сяброўкай у моладзевай групоўцы… Даверлівая, чыстая дзяўчынка, якую ўсе любілі. І я… закахаўся. Вельмі хутка.
– Прыемны бонус, значыць… – я змушала сябе да іроніі. – А ёсць тое, чаго я пра сябе не ведаю?
Віталь-Яўген пацёр твар далонямі… Ну што мне перашкаджае зараз проста прыхінуцца і даць гэтым далоням абняць сябе? А штосьці ж перашкаджае… Сумленне, напрыклад.
– Ёсць. І я скажу, хоць і нельга. Увогуле ўсё, пра што мы зараз гаворым… Спадзяюся, ты ўсведамляеш, якія будуць наступствы ад балбатні… Але хачу, каб ты ведала, што можаш мне давяраць. Вось табе інфармацыя. Люцыян Корвус калісьці склаў запавет на тваё імя.