– Што? – калі я пабачу прызямленне іншапланетнага карабля на пустыры за ўласным домам, магу не напружвацца. Мацней ужо не здзіўлюся. – Я ж пра гэтага дзеда толькі нядаўна дазналася!
У кішэні чорнай байкі Віталя, якая звісала з крэсла, зайграў смартфон песню «Металікі». «Unforgiven… Непрабачаная… Кладзіся побач… Раскажы, што яны ўтварылі… Раскажы тое, што я хачу пачуць… Прагані маіх бесаў… Дзверы зачыненыя, але твая шчырасць адчыніць іх. Кладзіся побач са мной, пад гэтымі злымі нябёсамі…»
Мы абодва любілі гэтую песню, урачыста-тужлівую. Але Віталь нат не зварухнуўся, як не чуў званка.
– Доктар не тлумачыў натарыусу, чаму. Але адпісаў усю сваю маёмасць Вірынеі Максімаўне Нарушэвіч. Табе было гады два. А праз дзесяць год доктар запавет знішчыў. Зноў нічога не тлумачачы. І новага не пакінуў. Ты дакладна нейкая сваячка ці яго, ці, хутчэй, ягонай жонкі. Хоць гэта так і не высветлілі.
Смартфон змоўк. Корвус усеўся на край ложка, быццам чакаў цягніка.
– Я нічога пра гэта не ведаю… – не магла ачомацца я. – І тады ягоным спадчыннікам зрабілі цябе, каб навуковыя адкрыцці прыўлашчыць?
– Ты ўжо, падобна, нейкага Нікола Фламеля ўявіла, вынаходніка філасофскага каменя… Ну так, вакол навуковых адкрыццяў Корвуса чутак хадзіла шмат, – хмыкнуў былы Віталь. – Ледзь не эліксір маладосці вынайшаў. Але расчарую, ягоныя эскперыменты праваліліся з трэскам, як асістэнтка ілюзіяніста праз дэкарацыі. Эксперты, як адзін, пацвердзілі – несур’ёзна. Затое ў дзеда заставалася шмат падазроных сувязей. Пасля вайны звязаўся з антысавецкімі элементамі. Шпіёны, дыверсанты…
– І ты заявіўся да яго ў якасці пляменніка, каб тыя сувязі выведаць?
Корвус замяўся, відаць, узважваючы, што можна з праўдзівага мне скарміць:
– Ды якая розніца? Дзед усё адно самотны быў. Праўда… Не веру ва ўсялякую эзатэрыку, але калі існуюць ведзьмакі, ён дакладна ім быў. Вочы светлыя, амаль белыя, і глядзяць так, што, здаецца, наскрозь бачыць. І вусцішна робіцца.
– У раманах пра Гары Потэра гэта называецца легіліменцыя… – мімаволі прамармытала я. – Северус Снэйп гэта ўмеў…
– Ну ўжо не ведаю, ці сапраўды дзед думкі мае чытаў, – паморшчыўся Віталь, – але мяне ён вытурыў. Нават не памятаю, як з дому ўцякаў – нібыта нешта вынесла. І паніка – а мяне ж баязліўцам ды панікёрам не назавеш.
Не назавеш… Віталь усё-ткі падышоў, абняў. А я ўсё-ткі заплакала, носам у ягоныя грудзі. А ён усё гаварыў… Намовіў поўную шапку пацераў. Як хацеў мяне ўберагчы. Не выконваць адно асабліва паганае заданне. Як сарваўся, псіхануў. У адчаі адправіў аўто з абрыву… Цудам не загінуў. Як у адной парванай, скрываўленай цішотцы, заміж таго, каб у шпіталь ці амбасаду, пацёгся ў горы. Тады бухаў месяц у нейкай глухамані ці то з лесарубамі, ці то з кантрабандыстамі… Як потым (відаць, прыстроены ўжо да іншага задання) прасіў прыгледзець за мной сяброў (што значыла – з органаў бяспекі). І аднойчы яму паведамілі, што ёсць план «распрацаваць» праграміста-вынаходніка праз мяне. Віталь вар’яцеў ад рэўнасці і трывогі. А потым мар’інагорская цётка (ніякая яму не сваячка, а супрацоўніца) перадала, што я пачала шукаць уваскрэслага нябожчыка. І ён вырашыў умяшацца…
У аповедзе відавочна былі нестыкоўкі. Але я засяродзілася толькі на тым, што цяпер уваскрэслы муж жыве ў Калінінградзе, працуе ў кіраўніцтве вялікага холдынгу. Мы паедзем разам туды, на Куршскую касу. Наноў пажэнімся, і я стану Капытко…
А мой погляд упаў на хлопчыка, што спраўляе малую патрэбу на стаўбурку ля майго ложка. Статуэтка такая бронзавая, прывезеная Саломай з Бруселя. Сімвал горада. Малец, пабачыўшы агеньчык, з якога мог узнікнуць страшны пажар, патушыў яго натуральным спосабам. Каб увайсці ў гісторыю, трэба часам проста насц…ць.
Колькі ж Мацей за апошнія тры гады ў маю хату ўсялякай лухты навалок… Неразумны верабейка, які цягаў ды цягаў па травінцы, па пушынцы ў гняздо, якое звівалася для іншага птаха.
Я столькі чытала пра рэпрэсіі савецкага часу… І неаднойчы ладзілі з сябрамі дыскусіі – калісьці ў іх удзельнічаў і Віталь, – як магло такое адбывацца? Як людзі, яшчэ ўчора шчырыя сябры, што прыносяць малінавае варэнне, калі захварэеш, – раптам пішуць на цябе даносы, адракаюцца, патрабуюць пакарання… А потым, як душу пазычыўшы, аднаўляюць сяброўства з тымі, хто прайшоў катаванні і лагеры…
А вось так.
Чалавек можа пераканаць сябе ў чым заўгодна.