Выбрать главу

Адны ахвяры верылі, што і сапраўды вінаватыя, другія – што адбылася памылка.

Даносчыкі верылі, што робяць добрую справу: іншыя б нашкодзілі горш, а яны так, шкадуючы, з асцярогай… Ну і, вядома, не было выйсця, кожны ўчыніў бы на іх месцы гэтак жа…

Не кожны.

Каты і ахвяры сапраўды мяняліся месцамі. І каб не было сярод іх людзей-камертонаў, якія проста не ўмелі здраджваць, не была б такой відочнай гнюснасць большасці.

Вось Віталь… Каханы мой… Сексот, што пісаў такія самыя сакрэтныя «адчоты» пра настроі ў інтэлігенцкім асяродку, як семдзесят гадоў таму некаторыя класікі беларускай літаратуры.

Гэта не перашкодзіла ім стварыць сапраўды цікавыя творы, пра юных рэвалюцыянераў і хцівых вучоных.

І не перашкаджае Корвусу быць прыгожым і ўпэўненым, гэткім рамантычным героем…

– Слухай, Віталь… Ці там Яўген… Сыдзі. Проста пакінь мяне цяпер адну.

Віталь трохі разгубіўся, потым прафесійна хутка ўвайшоў у ролю «ўсё разумею і дам уражлівай дзяўчынцы час звыкнуць да шчаслівых перамен лёсу».

– Памятаеш гісторыю пра Хведара Бельскага і Ганну Кобрынскую? Не? Бельскі ўдзельнічаў у змове супраць караля Казіміра Ягелончыка. Вяселле з юнай князёўнай Кобрынскай скарыстаў, каб завабіць караля ў пастку. Ягелончыка павінны былі забіць на паляванні. Змова правалілася, усіх схапілі, адзін Бельскі ўцёк да маскоўскага цара. А Ганна, жонка адной ночы, засталася ў закладніцах. Сямнаццаць гадоў Бельскі спрабаваў яе вярнуць, але польскі кароль адказваў: «Прыязджай і забірай». Гэта значыла аддаць сябе на верную смерць. Але Хведар усё-ткі не вытрымаў: кінуў усё і паехаў на радзіму… Але за перабежчыкам пільна сачылі… Бельскага арыштавалі маскоўцы і саслалі ў Галіч. Ён так і не з’яднаўся з жонкай. Урэшце ажаніўся. Праз дваццаць адзін год пасля першага вяселля выйшла замуж Ганна. А мы можам з’яднацца, Вірынейка. Нягледзячы ні на што. Ну, да заўтра!

Пяшчотна пацалаваў – я не знайшла сіл ні адказаць на пацалунак, ні адвярнуцца, – і пайшоў.

Белы Трактарыст, які аднойчы кіраваўся да каханай і не заўважыў, як пераехаў яе коламі свайго механічнага дрыганта.

Двойчы.

Толькі брудная стужка з нацыянальным арнаментам на прыдарожным палыне трапеча.

Няма нічога пэўнага ні пад сонцам, ні пад поўняй, што шчыра свяціла ў маё вакно, прабіваючы наскрозь паласатыя ікееўскія шторы. Я дачытала расшыфраваны сшытак… Потым звярала тэкст па сайце… Grjaznyi Ubljudok даслаў туды пакуль не ўсё, папярэджваў чытачоў, што працяг будзе. Што ж, я гэты працяг ужо мела. Каментаў усё большала – Ублюдак відавочна выходзіў у лідары. Колькасць чытачоў хутка дасягне сарака тысяч, для «Урабораса» рэкорд. Арыджынал дадавалі ў выбранае, слалі аўтару прызы – смешныя значкі ў выглядзе спартыўных кубкаў… Лаялі за рэйтынгавыя сцэны, дакладней, іх адсутнасць. Чым доктар Корвус і Яўгенія Равіновіч займаліся ў машыне, якая везла іх у турму, ды яшчэ ў адным кузаве з нясвежымі трупамі? Толькі пацалункамі, ці справа зайшла далей? Уй, як закіпелі жарсці! Свет фанфікшану, наіўны, дурны, субліматыўны, як заўсёды, дапамог не абрынуцца ў бездань рэальнага адчаю.

Пад раніцу я ведала, што мне трэба рабіць.

Але напачатку належала заснуць тады, калі не хацелася, каб устаць тады, калі не хацелася, каб паспець туды, дзе быць не хацелася, карацей, на працу. Мабільнік адключыла. Ілюзорная абарона ад упэўненасці ілжэ-Віталя, што я нікуды ад яго не падзенуся. Працоўны тэлефон не падымала. Туга была такой невыноснай, што я два разы выходзіла ў залу над станцыяй, клалася тварам уніз і глядзела праз шкляныя ячэйкі падлогі, як праплывае пада мной мітуслівае бессэнсоўнае жыццё… Мы ж усе – толькі часткі сістэмы. Бязвольныя шрубчыкі, якіх аднойчы завінцілі ў належнае месца. Мы не ведаем нават, што за дэталі намі прымацавалі, і тым больш – як выглядае ўся канструкцыя і для чаго яна. Можа, танк, можа, міксер, можа, сістэма ўнітазнага зліву. Мы нічога не ў стане змяніць. Толькі зламацца.

Мент Паша павярнуўся да мяне са змоўніцкай усмешкай.

– Ну што, каліся, Ірыша… Калі замуж?

З чаго ён узяў? Паша незадаволена цыкнуў.

– А я думаў, усё ўдалося… Бегала такая закаханая, нетутэйшая… Эх, дарэмныя клопаты… Добра, скажу. Хлопец жа твой праз нашага палкоўніка папрасіў зрабіць табе сюрпрыз – маўляў, пасварыліся, даўно не сустракаліся, дык хоча, каб ты заўважыла яго на нашым маніторы. Ён разоў дзесяць туды-сюды хадзіў, у камеру зазіраў, а ты ўвагі не звяртала, пакуль я бляшанку з-пад фанты на падлогу не скінуў. Бачыла б ты сябе… Нібыта прывід табе з’явіўся.

Паша хмыкнуў і разадраў чарговы пачак чыпсаў.

– Таму я і здзівіўся, калі ты да другога хлапца пабегла. Ну, які на станцыі тры гадзіны сядзеў.