Сусед па пакоі захрумсцеў хімічнай бульбай.
– Ты не пераймайся. Галоўнае, выбраць правільнага мужыка. Які сам усё за цябе вырашыць.
Ага, вырашыць… Адразу ў закалот, тады – ва ўцёкі, а маладая жонка ў закладніцах.
А жонцы і наілгаць можна. Усё – мана, як пластыкавы магніцік у выглядзе канапкі з чырвонай ікрой. У карпарацыю можна дабрацца праз Мацея, да Мацея – праз мяне, да мяне – праз былога мужа. Хуценька яго ўваскрэсілі, актывізавалі цётачку з запаветам. Вывучаючы слабасці Саламярэцкага, даведаліся, што доўга біўся над рукапісам Войніча. Вось і падсунулі сшытак, для прачытання якога спатрэбіцца ўжыць «Агату». А змусіць незалежнага айцішніка да крадзяжу магла толькі я. Што і зрабіла.
Не люблю быць прадказальнай.
А мая мама не любіць сюрпрызаў.
Прынамсі, калі я прыходжу не папярэдзіўшы, злуецца і мітусіцца: не паспела згатаваць есці. Я ж галадаю, я ж сама не магу нічога прыгатаваць…
Вось і цяпер – заміж каб пагаварыць, я чакала, пакуль спякуцца катлеткі і асабліва пышная запяканка з разынкамі, рэцэпт якой мама засвоіла ў адным з дзіцячых садкоў, дзе працавала выхавацелькай.
Тут было царства парцалянавых сабак і пастушак. Бабуля скупляла на сціплую зарплату медсястры статуэткі, якіх пасля вайны багата навезлі з Германіі. Дзяўчынка ў белым фартушку на лавачцы корміць галубоў. Хлопчык у кароткіх штоніках пасвіць гусей. Два ласі ідуць, як… два ласі. Мама са студэнцкіх гадоў пачала папаўняць хатнюю калекцыю ўвогуле жахлівымі белымі савецкімі істуканчыкамі. Прыгажуня ў какошніку, рукі ў бокі, какетліва адставіла магутную нагу ў боце. Калгасніца са снапом і блазенскай чырвонай усмешкай. Белавокі матрос з гэткай жа ўсмешкай прысядае ў скоках. Бэ-э… Я люта ненавідзела тую парцалянавую мяшчанскую безгустоўнасць і пасля смерці бабулі, успадчыніўшы кватэру, не захацела пакідаць сабе нават маленькай вазачкі ў форме сэрцайка. А Корвус захапляўся ды тлумачыў, як гэты кіч цяпер цэніцца на антыкварным рынку. Меў рацыю Джэром К. Джэром: археолагі будучага, адкапаўшы блакітнавокага парцалянавага сабачку з камоды кансьержкі, панапісваюць кніг пра Эпоху Стваральнікаў Парцалянавых Сабачак.
Праўда, статуэткі ў матчынай кватэры былі ўсе пакоцаныя. Я і малой іх ненавідзела і цішком разбівала, таму гусіныя шыі і ласіныя рогі былі ў брунатных «каўнерыках» клею.
Нарэшцэ, ужо за гарбатай з аўсяным печывам, я задала пытанне, дзеля якога прыйшла і выцерпела запяканку з разынкамі:
– Мама, ты калі-небудзь чула такое імя – Люцыян Станіслававіч Корвус?
Не быць маёй маме ў адным ведамстве з маім мужам. Не ўмее хаваць узрушанасці. У яе нават лыжачка ўпала на стол, накрыты абрусам у бела-чырвоную клетку.
– Чаму ты пытаешся?
– Мне сказалі, гэта мой сваяк.
Мама нават устала, каб нервова патупаць туды-сюды па пакоі. Яе выбеленыя валасы, начасаныя ў самавітую прычоску, здавалася, свяціліся ад гневу.
– Сволачы! Колькі гадоў прайшло, а яны ўсё брудныя плёткі пускаюць! Вось, да цябе дабраліся!
Я не магла ўцяміць, што адбываецца.
– Пра каго ты гаворыш? Якія плёткі? Скажы ўрэшце, хто нам доктар Корвус?
Маці спынілася і ваяўніча выгукнула:
– Ніхто!
Нарэшце села, адсёрбнула гарбаты.
– Ты дарослая, зразумееш… Я ніяк не магла зацяжарыць. За дзесяць год мы з тваім бацькам усё пераспрабавалі. Нават да знахарак ездзілі.
Калі я была маленькая, у сям’і бацьку зусім не згадвалі. А як падрасла, зразумела, што менавіта яго персону мама і бабуля маскіруюць словам «ідыёт». «Памятаеш, ідыёт гэтыя дзверы рамантаваў».
І алюзія на князя Мышкіна тут была ніякім бокам.
Між тым таямніца майго нараджэння разгортвалася ў меладраматычны серыял, якія я таксама шчыра ненавіджу. Аднойчы маці параілі звярнуцца да доктара Корвуса, які працуе ў абласным дыспансеры дзесьці ў глыбінцы, спецыяліста па нервах. А ўсё ж ад іх, ад нерваў! Цудадзейны доктар сапраўды дапамог майму з’яўленню.
І калі ўспомніць пра запавет…
– Доктар Корвус… мой бацька? – вырвалася ў мяне.
Маці зноў раз’ятрылася. Запэўніла, што доктар у гэтым сэнсе ні пры чым. Прыстойны, інтэлігентны і грошай не браў. Была аперацыя. Сеансы псіхатэрапіі. Курс лекаў.
А вось мой рэальны бацька не быў упэўнены, што доктар ці нейкі іншы мужык ні пры чым. Я ж расла зусім ні да кога з сям’і не падобная. Крычаў, што я ці «падменыш», ці вынік здрады. І сышоў.
– Не слухай ніякіх плётак. Ты мая дачка. Я цябе вынасіла, нарадзіла, вырасціла, ты мая радасць. Я ўдзячная Люцыяну Станіслававічу. Але пра дапамогу доктара Корвуса і я нікому не расказваю, і табе раю забыцца. Злыя языкі, як восы.
Мама пацалавала мяне ў макаўку…