Выбрать главу

А я цяпер зразумела, чаму яна так хваравіта аднеслася да прозвішча свайго будучага зяця, а пасля пераконвала мяне застацца Нарушэвіч.

У кожнай казцы герой па дарозе наведвае некалькі «пунктаў атрымання інфармацыі»: звар’яцелую яблыньку, старую канібалку, чараўніцу з ружовага саду, ката з залатым пратэзам замест ілба… Хто дарогу падкажа, хто чароўны меч падорыць, хто хаця б піражкамі пачастуе… У маёй казцы цяпер па сюжэце належала знайсці цудоўнага памочніка.

Але ісці па яго было так цяжка і сорамна, што я спынялася на кожным скрыжаванні – набыць асадку ў кіёску, паглядзець у новай крамцы майткі… У знаёмым пад’ездзе затрымлівалася на кожнай пляцоўцы, нібыта след ад раздушанага недапалка – вогненная руна, паўз якую не магу прайсці, не вывучыўшы. Перад чорна-дэрмацінавымі дзвярыма кватэры доўга шукала ключ, колючы пальцы невядома аб што, завалянае ў сумачцы, – ціснуць на кнопку званка было яшчэ страшней.

Пасярод хрушчоўскай аднапакаёўкі – пабеленыя сцены, кампутарныя прыбамбахі, гімалаі кніг на жалезных стэлажах – узрушана распавядала пра нешта прыгожая дзяўчына ў аліўкавым кардыгане, аздобленым лісіным футрам, у залацістых штоніках і батыльёнах на шпільках.

У батыльёнаў былі падэшвы чырвоныя, як лапы ў гусі.

«На лабутэнах, нах, і ў васхіціцельных штанах…» – закруцілася ў галаве хуліганская песенька гурта «Ленінград».

Дзяўчына змоўкла, азірнулася на мяне рэзка, аж чорныя бліскучыя валасы матлянуліся, як у салісткі французскага кабарэ-гурта «Крэйзі хорс». У сініх, акуратна падведзеных вачах раптам запалілася такая нянавісць, што я міжволі адступіла… І тут жа давялося прыціснуцца да сцяны, бо незнаёмка выбегла з пакоя, ледзь не збіўшы мяне з ног. Яе шпількі адчайна працокалі па падлозе, бо гаспадар не прызнаваў дываноў, тады па лесвіцы, і цяпер рэха стукалася ў мазгі, як марзянка з карабля, што тоне.

А гаспадар быў тут жа. Стаяў, прываліўшыся да кампутарнага стала, і моўчкі, без усялякіх эмоцый, пазіраў на мяне шэрымі вачыма. Шырокія плечы абцягвала чорная майка з белай выявай Кафкі, такая ж, як ёсць у мяне. Паўзверх Кафкі звісаў крыжык, сплецены з чорнага шнура – набытак з чарнагорскага горнага манастыра. Рукі скрыжаваныя на грудзях, запясці абвітыя фенечкамі, кончык мезенца абрэзаны…

– Што ты тут забылася?

Прагучала так халодна, што я апусціла вочы… На падлозе бялелі два пакеты з супермаркета, набітыя прадуктамі. Гэта ж дзеўка ў лабутэнах, мусіць, прынесла… З аднаго пакета тырчэў хвост вэнджанай рыбы ў вакуумнай упакоўцы, з другога высоўваўся багет – пах свежай выпечкі быў такі мірны…

Але спакою не было і блізка. Аж у вушах звінела ад напружання. Я адышлася да кніжнай паліцы, правяла пальцам па карэньчыках… Плутарх, Борхес, Урсула ле Гуін…

– Калі ад’язджаеш за мяжу? Рэчы сабраў?

Язык ледзь варочаўся ў перасохлым роце.

– Я нікуды не еду.

Я ўтаропілася ў спакойнае аблічча, зарослае шчэццю, і прамармытала:

– Але ў цябе тады будуць праблемы.

Мацей абыякава паціснуў плячыма – так мог рэагаваць капітан толькі што патанулага карабля на звестку, што яму дзесьці ў далёкім горадзе выпісалі штраф за няправільную паркоўку.

– Я звольніўся з працы.

У мяне перахапіла дыханне.

– Цябе… здалі?

– Я сам здаўся, – Салома хмыкнуў. – Не люблю, разумееш, калі мною маніпулююць… Абрыд-дла.

Я не магла падняць вочы.

– Цябе ж цяпер знішчаць…

– Знішчае мана і баялівасць, – цвёрда заявіў былы аднакласнік. – Гэта я яшчэ ў школе засвоіў. Саслужыўцы т-твайго К-корвуса паставілі мяне перад выбарам – п-працаваць на іх, гэта значыць, шпіёніць у сусветнавядомай карпарацыі, альбо кіраўніцтва д-даведаецца, што я скраў і прадаў новую п-праграму. А я п-паехаў у сваю фірму і прызнаўся, што незаконна вынес «Агату». Узяў усё на сябе, каб не п-падводзіць Марго…

Дык гэта ж Марго зараз і прыходзіла! Прыносіла прадукты апальнаму калегу… І яна ж, закаханая ў яго, дапамагала здабыць часткі «Агаты»… А тая праграма каштуе, мабыць, мільёны! Я ўспомніла галівудскія баевікі пра ўсемагутныя карпарацыі, якія праштрафленых супрацоўнікаў акулам скормлівалі…

– Цябе не засудзяць?

– Д-дзякую за клопат, – гэта прагучала з належнай доляй сарказму. – Але я ведаў, на што іду. Той варыянт «Агаты», якім я карыстаўся, я сапсаваў. Ён з кодам самазнішчэння. Так што сябрукоў Корвуса чакала расчараванне. І, дарэчы, – Мацей выпрастаўся, адышоў ад стала і чамусь асцярожна патыкаў наском скуранога пантофля ў адзін з пакетаў, нібыта баяўся, што там адгукнецца штось жывое, – можаш не п-пераймацца з-за нашай дамовы. Я ведаў ад п-пачатку, што нікуды ты са мной не збіралася ехаць. П-проста бачыў, што не можаш жыць без свайго Корвуса… Ну, ты яго атрымала. І я п-пазбавіўся ад функцыі сурагату. Бывай. Будзь шчаслівая.