Выбрать главу

І ўсеўся за комп, дэманстратыўна заварушыў мышкай, стылізаванай пад бэтмабіль. На загрыўку Мацея шыльдачкай «не турбаваць» пад чорным шнурком крыжыка шчэрыла лацінскія літары татуха. І на маніторы па чорным фоне апантана беглі белыя лічбачкі і літаркі, быццам уцякалі ад кампутарнага Гадзілы.

Я моўчкі стаяла і глытала слёзы, выдатна разумеючы, што заслужыла гэтую абыякавасць. Яшчэ і далей працягваю чалавеку гадзіць… Зараз вось прыгожую дзяўчыну сагнала, з якой ён быў бы шчаслівы… Без мяне ён увогуле даўно б з’ехаў.

Мацей засяроджана працаваў, надпіс на патыліцы «Аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных» сведчыў, што лавіць няма чаго. А я ўсё не магла скрануцца з месца. Чагосьці ўспомнілася, як валяліся на гэтай бела-чорнай канапе, елі крабавыя палачкі і глядзелі фільм «Сны Акіры Курасавы». Там ёсць класная сцэна пра вясёлае пахаванне ў вёсцы. Людзі жывуць пастаральным жыццём, і, калі паміраюць, гэта свята – бо добры чалавек адправіўся ў добрае месца. Магу бясконца пераглядаць, як рухаецца пад нейкі магічны рытм яркая працэсія, час ад часу выдыхаючы «Хэ»…

Нарэшце Мацей не вытрымаў майго маўклівага нахабства і развярнуўся ў крэсле.

– Ну? Расказвай. Ч-чым яшчэ трэба памагчы?

Ён зноў пачаў часта заікацца… Я праглынула даўкі камяк у горле і нясмела працягнула чырвоную пластыкавую тэчку.

– Можаш гэта зараз прачытаць? Ты ж хутка чытаеш… Тут тэкст са сшытка Люцыяна Корвуса і фанфік, які мне два месяцы дасылаюць па частках на сайт. І… яны аднолькавага зместу.

Уздыхнуў, пацёр даланёй няголены твар.

– «Хадзі т-тудой, хадзі сюдой. Мо святло ты і заслужыш, ды ніяк жа не спакой…» Давай.

Я ледзь утрымалася ад нервовага смяшка: Салома працытаваў нашу ўлюбёную песеньку з рэфрэнам «Е…тым нет покоя».

– Чайнік па-ранейшаму на кухні. Заварку мусіла п-прынесці Марго.

Гэта Салома прагаварыў, паглыбіўшыся ў тэкст. Я падхапіла два пакеты, прынесеныя не мной, і пайшла на кухню чалавека, якога пазбавіла ўсяго, чаго ён цяжка дабіваўся ўсё жыццё.

На гарбату, якую я яму прынесла, Мацей зыркнуў паўзверх папер, як на зелле са скалапендраў. Дасюль гэта ж ён заўсёды падносіў мне кубкі з гарбатай, кавай, какавай і свежавыціснутым сокам. Мае шчокі запалалі. Кубак сапраўды выглядаў вартым жалю выбачэннем за зламаны лёс.

Наступныя дзве гадзіны я ціха прасядзела ў фатэлі, складваючы на смартфоне пасьянсы. Ну проста нічым больш плённым ды разумным не ў стане была заняцца. Маю няўклюдную спробу штось падрыхтаваць на вячэру – гаспадыня, сем гародаў, адна дыня – Мацей пасля першага бразгання рондалем перапыніў злоснай рэплікай «Мне кампенсацыі не трэба. Не мітусіся».

Калі неба між салатавых палосак жалюзі зрабілася цёмна-шэрым з кропляй юлёвага, Саламярэцкі сунуў аркушы назад у тэчку.

– Дык ты паедзеш са мной у Апошні Прытулак? – напружана задала я пытанне, дзеля якога, уласна кажучы, і прыехала. Салома задумліва пашкроб пазногцем чырвоны пластык тэчкі.

– Чаму ты раней мне не гаварыла, што табе гэты аповед дасылаюць?

Я замармытала пра нелюбоў Мацея да майго хобі і фанацкай творчасці…

– Ты захавала ў сваёй скрыні лісты Бруднага Ублюдка? Адчыні… Паспрабую вылічыць, адкуль яны дасланыя.

Я зноў пачувалася ідыёткай. Магла ж звярнуцца раней, але старанна ахоўвала таямніцу зніклага мужа, як курыца – яйка-баўтун. Пальцы Мацея лёталі па клавіятуры, нават падкарочаны мезенец не дазваляў, каб яго шкадавалі, і быў такім жа спрытным, як іншыя.

– Спадзяюся, адрас не абаронены якой спецслужбай… – бурчэў Мацей. – Калі пра Корвуса твайго шукаў – увесь час напорваўся на такую абарону, быццам прадзіраешся праз мільён паўсталых зомбі з адным пагнутым відэльцам у якасці зброі… Нат калі прарвешся – уся інфармацыя зачышчана. А, не, твой фікрайтар, здаецца, не гуру. Але і не ламер. Чакай…

Твар Саломы стаўся натхнёным, як у хармайстра, калі ягоны саліст нарэшце ўзяў до дыез. На экране высвеціўся кавалачак геаграфічнай карты з маркерам. Яшчэ адно набліжэнне… Яшчэ… Чырвоная кропля вострым канцом уніз падала на саменькі цэнтр Волатавай пушчы непадалёк ад Старавежска.

– Вядома, запраста можа быць пагрэшнасць… – мармытаў Мацей, спрабуючы зрабіць карцінку больш яснай. – Ведаеш, нават у Гугле няма дакладнага здымка гэтага месца, нібыта спадарожнікі над ім не лётаюць. Паказвае лес… Непадалёк піянерскі лагер… Але штосьці мне падказвае, што менавіта тут мусіць знаходзіцца зачынены туберкулёзны дыспансер. Падобна, твой Брудны Ублюдак ці сядзіць тут, ці схітрыўся, каб сігнал праходзіў праз тое месца. Сімвалічна, так сказаць.