Выбрать главу

Пантофлі багіні памяці Мнемазіны пратупалі свінцовымі абцасамі дзесьці побач, і Саламярэцкі ўздыхнуў.

– Добра, заўтра паедзем. Я разумею, з мужам пасля ўсяго, што высветлілася, у такую вандроўку табе ехаць… няёмка. А ты ўсё адно пацягнешся, сама, у лес… Усё, прабач, мне трэба адну халтурку закончыць. Заўтра а дзявятай выедзем.

Мацей зноў адвярнуўся да кампа, змеі на маніторы зніклі, але я адчувала па ягонай спіне – напружаны, трывожны… У ягоных словах я вычула, што ён нібыта шукаў апраўданняў, каб не выглядаць смешным, што пасля ўсяго па адным маім кіўку зноў гатовы служыць…

А мне зараз вяртацца ў сваю кватэру… Куды ў любы момант можа прыйсці мой каханы муж.

– Мацей, можна я ў цябе пераначую?

Сказала і сама спалохалася. А што, калі мой верны паладын няправільна зразумее, падумае, што я гатовая выкупіць віну больш, чым кубкам гарбаты…

Саламярэцкі павольна павярнуўся і ўтаропіўся ў мяне, як у праграмны глюк.

– Мне проста занадта складана зараз… – мармытала я, паціху адступаючы да дзвярэй.

– Рэчы твае ў п-пакеце, у белай шафе, – прамарудзіўшы, прамовіў роўным тонам Мацей. – Зубная шчотка і начнушка таксама там. Бялізну ведаеш дзе браць. Мне п-пасцялі на крэсле. Але п-папярэджваю, што буду сядзець яшчэ доўга, заказчык чакае.

Ясна, грошы ж трэба зарабляць…

Я ляжала тварам да сцяны, на якую скрозь жалюзі прасявалася святло вулічных ліхтароў. Побач ціха стукаў па клавіятуры Мацей, нібыта адбівалі няроўны рытм кроплі, што падаюць з даху пасля дажджу. А Белы Трактарыст выехаў на туманісты поплаў, каб паклікаць сваю каханую, ды забыўся яе імя, нат апошнюю літару. Закінуў раз’еты на беларускай бульбачцы твар да поўні і замычэў, застагнаў… А раптам усё-ткі пачуе ды прыдзе тая каханая, бязмоўная, безыменная, тутэйшая.

Раздзел дзясяты

Пра асаблівасці беларускіх тусовак

Сайт: «Пад знакам Урабораса».

Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.

Фандом: арыджынал.

Жанр: агнст.

Памер: максі.

Статус: закончаны.

Рэйтынг: NC-17.

Катэгорыя: гет.

Аўтар: Grjaznyj ubljudok.

Бета: Kobaabba.

Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.

Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.

КАМЕНТАРЫ

Fljor Delakur: О, нарэшце гетная сцэна. Толькі незразумела, якога рэйтынгу. Дык доктар і дактарыца пераспалі ў машыне ля трупаў ці толькі пацалаваліся? Хачу графічны сэкс!

Racional. Fljor Delakur, гэты арыджынал не для тваіх мазгоў. PWP шукай у іншых фанфах. Тут агнст.

DoktorHaus: Аўтар такі схітрыўся паказаць у адным раздзеле ўсіх святароў з гэтага Ноева каўчэга. Толькі дужа схематычна. Аўтар, пракансультуйся наконт рабіна. Хто можа быць рабінам, якія ў іх правілы жыцця.

Racionaclass="underline" Дурацкая магрэтка так і засталася нявысветленай. Уражанне, што аўтар сам не ведае, як яе прыстасаваць да сюжэта.

Проста Локі: У мяне пытанне: чаму ўсе героі не ўцяклі з Апошняга Прытулку? Чаго вярнуліся, сядзелі і чакалі, пакуль іх арыштуюць? Што за мазахізм?

DoktorHaus: Локі, я б таксама не кінуў сваіх цяжкіх пацыентаў. Нават пад пагрозай смерці.

Трандуіл: хня фанф адмін выдалі фанф Grjaznyj ubljudok.

Малюнкі былі адзін страшней за другі: старанна расфарбаваныя каляровымі алоўкамі лёгкія, пячонка, вантробы… І не знаўцу зразумела, што ўсё хворае, пачварна змененае, у чорных плямах і зялёных прожылках…

На вокладцы альбома, які ніяк не спалучаўся з утульным абрусам, вышытымі валошкамі, змрочна выштукоўваліся словы «Дэфармацыя ўнутраных органаў у выніку працяглага галадання. З дадаткам малюнкаў і схем. На падставе практычных даследаванняў. Доктар медыцынскіх навук, загадчык 3-га аддзялення сангарадка Затока Люцыян Станіслававіч Корвус».

– Уражвае! – чалавек з кароткай чорнай барадой, у шэрым швэдары з тоўстых ваўняных нітак на два памеры больш, чым належала, з павагай пагладзіў па вокладцы страшнаватую манаграфію. – Але вы ўпэўненыя, Люцыян Станіслававіч, што вашу працу не спасцігне тое ж, што даследаванне пра пелагру? Таксама было выдатнае, з малюнкамі. Як вы здорава тады назвалі сутнасць пелагры: «тры Д». Так у народ і пайшло. Дызентэрыя, дыстрафія, дэменцыя. А ў Маскве паклалі ў архіў. Нат падзякі не даслалі.

– Добра яшчэ, тэрмін высылкі не павялічылі, – спакойна адказаў хударлявы чалавек, што сядзеў па той бок стала. У яго таксама была кароткая барада, толькі светлая, трохі запалыя светлыя пранізлівыя вочы і швэдар – чорны.