Выбрать главу

– Самі пагадзіцеся, Уладзімір, гэта лагічна – праігнараваць працу пра хваробу, якая ўтвараецца ад нішчымнага харчавання, таму што ў Савецкім Саюзе не можа быць голаду.

На сцяне з магутнага сібірскага бярвення мірна цікалі ходзікі. Дзве бронзавыя шышкі на ланцугах, што звісалі пад цыферблатам, нібыта асуджальна пазіралі на мітуслівы маятнік, які так і не навучыўся, як яны, паважна завісаць у прасторы, а ўсё даганяў і даганяў чужы час. Побач, на магутным круку, убітым у мёртвае цела сасны, вісеў на плечыках акуратна распраўлены і выгладжаны медыцынскі халат. Пакой быў дзіўны, падзелены на дзве часткі сіняй паркалёвай занавескай, зараз напалову адсунутай. З аднаго боку ад яе грувасціліся кніжныя шафы з класікай марксізму-ленінізму, аптымістычна шчэрыліся плакаты – «У здаровым целе – здаровы дух», «Фізкультура – лепшы доктар». У куце, як фанерныя крылы пралетарскіх анёлаў, састаўленыя транспаранты… Тыповы «чырвоны куток». Так і мроіцца, як румяныя кабеты, прытупваючы па драўлянай падлозе, выпяваюць:

– Мяне мілы правадзіўДа зялёненькіх рабін.Усіх трацкістаў корні знішчым,Не застанецца ні адзін.

А па другі бок занавескі – сціплае жытло. Стол, тапчан, няхітры посуд на паліцы. Падобна, тутэйшаму доктару вылучылі куток у службовым памяшканні.

– Пра голад лепш не згадвайце, Корвус, – сціснуў зубы суразмоўца. – Я ж з Украіны. Памятаю 1933-ці. Счарнелых людзей з рукамі-трысціначкамі.

– І я памятаю такіх – на Беларусі.

Аўтар страшнага даследавання адкінуўся на спінку пашарпанага венскага крэсла, яшчэ, мусіць, з царскай эпохі.

– Мой бацька быў доктар. Ён прыязджаў з камандзіроўкі па вёсках і не мог ні есці, ні спаць… Плакаў. Лаяўся з мачыхай, якая казала пра кулакоў: так міраедам і трэба. А ён усё паўтараў: дзеці, гэта ж дзеці, Валя! Звычайныя сялянскія дзеткі з распухлымі жыватамі. Яны паміраюць з непражаванай карой у роце… А потым, калі я быў студэнтам… – Люцыян Станіслававіч пацёр пальцам пераносіцу, якая відавочна была калісь зламаная. – Практыка ў калгасе «Святло Ільіча» на Віцебшчыне… І першыя пацыенты – жанчына і хлопчык, заварот кішак. Малодшы сын у сям’і памёр ад голаду. Звар’яцелая кабета для старэйшага, яшчэ жывога, прыгатавала мяса трупа… Не, прабачце, Уладзімір, не хачу ўспамінаць нават цяпер. Што я мог зрабіць? Толькі аддаць усё, што меў. Людзі капаюць карані дзядоўніка. У хаце маіх гаспадароў дзеці на печы гуляюць у гульню, у каго большая ямка ў лобе. Яны апухлі ад голаду і націскалі адзін аднаму пальцам на лоб, каб у тканках утваралася выёміна… А медпункт абклеены плакатамі «Захаваем ураджай для дзяржавы!»

Той, каго звалі Уладзімір, устаў з-за стала і падышоў да этажэркі, над якой вісеў партрэт Правадыра. Пастаяў, счапіўшы рукі за спінаю, узіраючыся ў вочы партрэта. І раптам выгукнуў з тужлівай нянавісцю:

– Паўгода ўжо як гэты вупыр памёр. А партрэт усё вісіць. І мы тут сядзім… Крымінальнікаў паадпускалі. Швэндаюць бандамі. А нам толькі тэрмін напалову скасцілі. Добра хоць вам, Люцыян Станіслававіч, далі вызвольную. Хоць як без вас будзе бальніца – не ведаю.

– Я ж паабяцаў – затрымаюся, пакуль не дашлюць медперсанал, – доктар уздыхнуў. – А перамены ўсё роўна непазбежныя. Дагрызуцца ў Крамлі за ўладу, і ўсё. Лагернае начальства вунь якое ўсё разгубленае – не ведаюць, як ставіцца да зэкаў. А раптам заўтра ўсіх вызваляць, і якісь асабліва важны зноў стане вялікім начальнікам? А яны яму зубы ўласнаручна выбівалі. Паедзеце і вы на радзіму…

– Хто там мяне чакае…

Чорнабароды зноў усеўся за круглы стол, накрыты белым абрусам з вышыванымі валошкамі.

– Вас тут яшчэ не было, а другія спецпасяленцы памятаюць, як мяне халоднай вадой адлівалі. Былая жонка паведаміла, што наша адзіная дачка памерла. Ад менінгіту. На пяці аркушах распісала – як малая захварэла, пакутавала, памірала. Алічка мая. Донечка, рамоначак мой… Я тады і пасівеў.

Скроні Уладзіміра сапраўды былі зусім белыя, быццам хтось мазануў фарбай па чорных яго валасах шырокім пэндзлем.

– А потым высветлілася праз агульных знаёмых, што Надзя мне зманіла. Алічка жывая-здаровая. Любіць новага татку. А каб стары татка, лагернік, не перашкаджаў, не ўздумаў лезці ў наладжанае жыццё, нат калі раптам вызваліцца, былая мая жоначка скляпала ліст…

Мужчына грукнуў па стале, ажно манаграфія пра голад пасунулася, нібы ў спалоху.

– Але перашкаджаць ім сапраўды не варта, – спакойным тонам зазначыў Уладзімір. – Так што вяртацца ў Кіеў не збіраюся. А геолагі трэба паўсюль.