Вочы дзяўчыны напоўніліся слязьмі.
– Няхай будзе вам шчасце, Люцыян Станіслававіч.
…Перад жалезнай брамай тоўпілася няшмат народу. Пару дзясяткаў. Хтось апрануты папрасцей, у ватоўках ды валёнках. А вунь нейкая цётка ў капялюшыку, паўзверх якога наматаная шэрая пуховая хустка, і ў пацёртым лісіным футры. Гнілая інцілігенцыя. Былі і дзеткі. Дзяўчынка ў завялікай для яе чорнай цыгейцы, крысо па зямлі валакаецца, тузала за руку немаладую кабету: «Бабуля, а дзе мама? Мама хутка прыйдзе?» З шэрага нізкага неба паляцелі цяжкія снегавыя згусткі, нібыта хтось наверсе вычэсваў белага лінючага сабаку. Высокі хударлявы мужчына ў ватоўцы і шапцы-аблавушцы, з чыста паголеным разумным засяроджаным тварам падняў каўнер. На мужчыну касавурыліся, бо ён трымаў букет. Галінкі арабіны з чырвонымі гронкамі і піхтавыя лапкі. Таксама інцілігент. Хоць і ў ватоўцы.
Дзверы натужліва зарыпелі. Людзі змоўклі ў напружаным чаканні, пасунуліся наперад… Ахоўнік з вінтоўкай за спінай адпусціў жалезную створку і пахмура агледзеў купку сустракаючых, перасунуў рэмень вінтоўкі, нібыта карцела сарваць яе з плеч і прыцэліцца з крыкам: «Разысціся, сукі, а то страляю!»
Але толькі павярнуўся назад і махнуў рукою… Першая нерашучая фігура, у ватоўцы з нашытым нумарам, здранцвела пратупала за лінію варотаў, нібыта нацягвалася гумка, што вось-вось тузане назад…
За першай постаццю пачалі выходзіць іншыя. Падобныя між сабою, як мерцвякі. Гэта мусілі быць жанчыны. Шэрыя твары, апухлыя ад марозу, недасыпання і голаду… Шэрыя хусткі… Нязграбныя рухі… Ніхто не азіраўся радасна па баках, ці не сустракаюць яго. Не ўсміхаўся. Страх гучна гаварыць, усміхацца, ісці без канвою і ўвогуле рабіць шмат якія простыя чалавечыя дзеянні для многіх зрабіўся такім звыклым станам, што проста не асэнсоўваўся.
Зрэшты, сустракалі мала каго.
«Гэта не мая мама! Мая мама не такая!» – плакала побач дзяўчо.
Толькі адна постаць не была прыгорбленай. Высока паднятая галава, з-пад пачварнай шэрай хусткі паказваюцца зусім сівыя валасы.
– Жэнька!
Мужчына з букетам кінуўся да вызваленай зэчкі. Яго рукі дрыжэлі, калі ён прытуліў бясформную постаць у ватоўцы. Вусны цалавалі лоб, белую пасму, худую шчаку, абсівералыя вусны…
– Гэта табе… – успомніў, працягнуў рабінавы букет. Жанчына павольна, нібыта ўспамінаючы, як гэта робіцца, прыняла падарунак… У нязграбнай тоўстай рукавіцы гэта было нязручна, зубамі яе сцягнула, узяла так, голай рукой, усё яшчэ прыгожай, хоць і з абламанымі пазногцямі.
– Дзякуй… – варухнуліся вусны. – Як толькі пазнаў…
Ён шчасліва засмяяўся і зноў прытуліў да сябе.
– Глупства гаворыш.
Яна падняла галаву і нарэшце сустрэлася з ягонымі светлымі вачыма сваімі, зялёна-брунатнымі, не выцвілымі на сібірскіх маразах. І, відаць, штось такое пабачыла ў позірку мужчыны… Таму што яе вусны задрыжэлі, з грудзей вырваўся глыбокі ўздых, які перайшоў ва ўсхліп.
– Мой верны паладзін…
Рыданні рваліся з грудзей, скаланалі жанчыну, і было зразумела – гэта першы раз за гады. І ён прыціснуў да сябе былую вучаніцу, і ведаў, што ягоны дотык больш не палохае, а дорыць спакой. А шэрыя постаці ўсё ішлі і ішлі з-за жалезнай брамы. Многія паглядалі на абдымкі парачкі з зайздрасцю, самі патроху ажываючы, адтайваючы ад гэтага відовішча. Наставала эпоха Вялікага Рэабілітансу.
…У пакойчыку са сценамі з бярвення, з ходзікамі, што ўсё гэтак жа абыякава даганялі чужы час, пры цьмяным святле настольнай лямпы з жоўтым абажурам, крэсла ля крэсла, сядзелі двое. На стале ў слоіку адаграваліся галінкі рабіны і піхтавыя лапкі. Чырвоныя ягады моршчыліся і пацелі ад цяпла.
У грубцы ўтульна трашчалі дровы. Самыя лепшыя, бярозавыя – прыпасеныя на выпадак важных гасцей. Чырвоны куток хаваўся за заторгнутымі занавескамі, праз якія не сягаў пагляд вусатага партрэта. Гарбата з мясцовых зёлак была выпітая, вараная бульба даедзеная… Многае перагаворана… А засталося яшчэ распавесці – цэлае жыццё.
– Я зусім пасівела… Гэта пасля карцару, – ціха прагаварыла жанчына, апусціўшы вочы. Мужчына асцярожна крануў яе за падбароддзе.
– Ты гожая, як гаёўка. Памятаеш, распавядала мне легенду пра лясное бажаство-ацаляльніцу? За цябе трэба скрыжоўваць мячы і шаблі. А паглядзі на мяне… Ну! Стары, сівы, ламаны дзядзька з цяжкім характарам. Скажы праўду, я табе патрэбны?
Яна задумліва правяла пальцам па яго высокім ілбе, на якім намячаліся зморшчыны, па перабітым носе, па двух птушкападобных шнарах – адзін на шчацэ, другі ля скроні… Мужчына толькі прыжмурыўся ад задавальнення.