Выбрать главу

– Глядзі, Корвус, пры старонніх такое не ляпні, – трывожна прамовіла кабета. – Пайшлі, бульба стыне… Ноч на двары.

Але гэтаму сямейству не суджана было мірна павячэраць. У шыбу хтосьці пастукаў. Па-добраму, папярэднічаць гэтаму мусіў сабачы брэх. Але гаспадары не жадалі трымаць на ланцугу нават сабаку. А зачыненая брама і плот для начнога госця, падобна, не былі перашкодай.

У сенцы ўваліўся чалавек у чорным паліто і картузе з нізка апушчаным казырком, з кульбачкай, на якую моцна прыпадаў.

– Стахевіч! – узрадавана ўскрыкнула жанчына. – Як я рада, што вы жывы. І нават ходзіце…

– Хаджу… – адвёў вочы госць. – Дзякуючы вам. І жывы дзякуючы вам. І вось… Зноў трэба дапамога.

Гарачая бульбачка са скваркамі ўсё-ткі прыдалася. Госць еў прагна, кадык на тонкай шыі так і хадзіў, нібыта з горла хацела вырвацца нейкая маленькая агрэсіўная істота. Худы бледны твар, пад вачыма набраклі мяшкі…

– Я прыйшоў да вас, Люцыян Станіслававіч, таму што ведаю – вы былі знаёмыя са многімі нашымі пакутнікамі, шчырымі беларусамі. Ластоўскім, Ігнатоўскім, Лёсікам… Самі з жонкай пацярпелі… І цяпер у лесе гінуць людзі, якія змагаюцца за волю беларусаў ад бальшавікоў. Якія не хочуць, каб зніклі старажытныя ліцвіны.

Корвус і Яўгенія трывожна перазірнуліся. Неяк не вязалася пачутае з тым, што яны ведалі пра свайго госця. Дый гаварыў ён апусціўшы вочы, нібыта чытаў улётку.

– Мы гатовыя накарміць вас, Стахевіч, даць пераначаваць… Але мы далёка не ўпэўненыя, што тыя, хто вас паслаў, заслугоўваюць даверу, – памаўчаўшы, асцярожна прамовіў Корвус. Госць пачаў зноў нешта мармытаць пра змаганне супраць маскалёў, але падняў галаву і выпадкова сустрэўся з незвычайна светлымі вачыма гаспадара, якія зрабіліся непрыемна пранізлівымі, і ажно скалануўся.

– І шмат нашых агульных знаёмых вы абышлі з такой прапановай, Стахевіч? – павольна і чамусь страшна прагучала спакойнае пытанне. Госць зноў апусціў галаву, схаваў рукі пад стол.

– Люцыян, чалавеку млосна… – з жалем прагаварыла жанчына. – Ён трапіў у бяду. Што ў вас баліць, Стахевіч?

Госць зноў падняў змучанае аблічча з раннімі зморшчынамі на лобе.

– Жыццё маё баліць, Яўгенія Міхайлаўна. Добра, я пайду. Скажу, што вы адмовіліся дапамагаць бандытам.

Эрнест Хэмінгуэй у брутальным швэдары гнеўна прыжмурыў вока з чорна-белай часопіснай выразкі, прышпіленай да шпалераў колеру слановай косткі.

– І як вы да такога дайшлі? – так грэбліва прамовіў Корвус, што Яўгенія з неразуменнем зірнула на яго. Госць з выклікам задраў галаву.

– А што, у мяне было выйсце? Турмы я не вынес бы. А так… карысць прыношу. Віну сваю выкупляю.

– Правакуючы і губячы бязвінных?

Грубай вязкі швэдар і кароткая бародка папы Хэма на рэпрадукцыі дакладна нагадвалі абліччы ссыльных з Затокі. Адзін з тых ссыльных зараз сціснуў рукі ў замок, нібыта баяўся, што не стрымаецца і ўдарыць. Былы пацыент Апошняга Прытулку не адвёў позірку.

– Хто з нас бязвінны, Люцыян Станіслававіч? Няма такіх. А я нікога не агарворваю. Нічога не прыдумваю. Не стараюся кагось пасадзіць. Тым больш вас… – перавёў позірк на жанчыну, якая разгублена маўчала, пачынаючы ўсведамляць падбіўку сцэны.

– Я ж разумею, колькі вы сцярпелі на допытах, каб нас не выдаць… – глуха прагаварыў госць і ўстаў, цяжка абапіраючыся на чорную кульбачку з гумавым наканечнікам, не самаробную, куплёную. – Каб не вы, мяне б адразу арыштавалі, і тады – гамон. А так… Аклямаўся, пабадзяўся, падумаў. Тады здаўся сам… Прапанаваў сваю шчырую дапамогу.

Калі дакульгаў да дзвярэй, спыніўся.

– А дзе наш санітар, Пятро Сымонавіч?

– Памёр на допыце, – спакойна і сурова адказаў Корвус. – Яго вы не выпрабуеце на прадмет дапамогі бандытам.

Яўгенія адвярнулася, захінуўшыся рукамі, як ад холаду.

– Ён і сам быў бандыт, – упэўнена кінуў Стахевіч. – Як і дружкі ягоныя… Што так гледзіцё? Я і пра сябе ўсё ведаю. Варты ганьбы. Гэта пра мяне гавораць – пакуль не нагадуеш сваім хлебам, не будзеш ворага мець. Але ніхто не можа прадказаць, як нізка давядзецца ўпасці. Памятаеце маёра, які прыехаў з праверкай у наш Прытулак? Уваліўся тады ў палату, як звер… Думаў, перастраляе…

– Рыгор Самусь? – перарывіста перапытала жанчына, інстынктыўна ўхапіўшыся за руку Корвуса.

– Не памятаю, як завуць, але гэта дакладна ён…

Доктар абняў Яўгенію за плечы.

– А што з ім?

– Звар’яцеў маёр… – Стахевіч не радаваўся зласліва, але і не спачуваў. – Я нядаўна ў Бабруйскі ваенны шпіталь патрапіў з прыступам, бачыў, як яго ў інвалідскім крэсле вывозілі на двор… Сядзіць, як лялька, галава ківаецца, сліну пускае. А я вось… хаджу.