У апошніх словах Стахевіча была горыч.
Азірнуўся на ганку, ціха параіў:
– Вы б, Люцыян Станіслававіч, можа, пазванілі б у міліцыю, прызналіся, што бандыт прыходзіў. Перакажыце мае словы… Паабурайцеся… Там жа ў курсе, што я мушу наведаць вас. І з вашай пратэжэ ў медінстытуце, Лізаветай Губаравай, менш сустракайцеся. Калі не хочаце, каб дзяўчыну адлічылі. І наконт перапіскі з духоўнымі асобамі, тым больш візітаў у царкву і касцёл… А яшчэ нібыта вам перадалі ліст з Амерыкі, ад аднаго беларускага нацыяналіста… Вы асцярожней, Люцыян Станіслававіч. За вамі пільна сочаць.
Горыч засталася пасля сыходу нечаканага госця.
– Шкада яго… – прагаварыла Яўгенія. – Пераламала добрага хлапца… І што цяпер будзе?
Корвус задумліва азірнуўся на мікраскоп і стосы скрэмзаных папер.
– Здаць ён нас не здасць. Але на Ленінград, думаю, можна забыцца. Ты ж не будзеш зараз тэлефанаваць у міліцыю?
У голасе чулася горкая насмешка.
– Не буду.
…Вакно ў палаце было невялікім, пад самай столлю. Толькі падскочыўшы, вызірнеш. Забранае густымі кратамі. І лямпачка ў кратах, быццам самое святло злавілі і пасадзілі ў клетку. Ад турэмнага карцара невялікае памяшканне адрознівала светлая афарбоўка столі і сцен, чыстая, накрухмаленая бялізна на ложку, жалезныя ногі якога прыкручаныя да падлогі. Стос кніг на тумбачцы… Ну і людзі, на чые плечы, падобна плашчам крыжаносцаў, былі накінутыя белыя халаты. У каротка стрыжанай жанчыны з уладным абліччам, што прысела на зэдлік, у руках ззялі кветкі. Пунсовыя астры. Іх вострыя пялёсткі варожа цэліліся вакол. Мажны мужчына з палыселай галавой з рэшткамі рудых валасоў разгублена касавурыўся вакол, выкладаючы на тумбачку яблыкі і печыва…
Толькі на двух прысутных доктарскія халаты былі зашпіленыя як належыць. Гожая жанчына ў кароне каштанавых кос, хударлявы мужчына з пранізлівым поглядам занадта светлых, трохі запалых вачэй.
Пяты чалавек у пакоі відавочна быў сталым насельнікам. У бальнічнай фланелевай піжаме колеру варанай капусты, пасівелы, худы, хаця косць шырокая. Галава паголеная, у шнарах. Вочы разгубленыя і нібыта выцвілыя, і ўсё аблічча нагадвае чамусь прамакатку.
– Вось і сабраўся Ордэн захавальнікаў… – прамовіў светлавокі доктар. – Не думаў, што дажыву да такога…
– Шмат хто з нас не спадзяваўся дажыць, Магістр.
Па нізкаватым голасе адчувалася, што стрыжаная жанчына шмат курыць.
– Ну як ты, Рыгорка?
Простае пытанне наведніцы змусіла пацыента асобнай палаты скалануцца, па белым азызлым твары нібыта прайшлі хвалі.
– Як вы можаце са мной… па-добраму… Пасля ўсяго… Я так вінаваты… Я няварты…
Па бледных шчоках каціліся слёзы.
– Ціха, ціха, Рыгор… – прыгожая доктарка хуценька падала хвораму пластыкавы кубак і змусіла адсёрбнуць. – Мы ўсе ведаем, што гэта не ты… Гэта твая хвароба.
– Люцыян Станіслававіч… Жэнечка… Я так…
– Ціха, ціха! – паўтарала доктарка, нібыта да немаўляці, і хворы паступова супакоіўся, твар пасвятлеў. Мусіць, і лекі падзейнічалі. Нават папытаўся:
– А вы як, Ромка, Малгося?
Лысавата-рудаваты ўсміхнуўся, намагаючыся ні з кім не сустрэцца вачыма.
– Жанаты. Двое дзетак. Хлопец і дзяўчынка. Працую намеснікам загадчыка склада. Кватэру ў Мінску атрымалі, у новым мікрараёне. Дачка ў музычную школу ходзіць.
Стрыжаная кабета таксама намагалася на рудога не глядзець.
– Я ў Харкаве, загадваю рэанімацыйным аддзяленнем абласнога шпіталя. У высылцы пазнаёмілася з людзьмі адтуль, вось і… Хацелася ўсё пачаць наноў.
– Ты не замужам? – вырвалася ў Рамана.
– Не, – цвёрда адказала жанчына. – Не хочацца разменьвацца. Дарэчы, Раман, ты ж быў галоўным сведкам па нашай справе, калі мяне і Паўла арыштавалі, ведаеш, што ў мяне ўжо было вялікае каханне, якому замены няма.
Пастарэлы Ромка Цвічок пачырванеў – але хутчэй ад гневу, чым ад сораму.
– Ну ўжо выбачай, я чалавек просты. Інтрыг не разумею. Як ёсць – так заўсёды і гавару… Я ж не падазраваў, што ты з начальствам раман круціла, пакуль я тваёй ласкі чакаў.
– Пра Апошні Прытулак Раман таксама, відаць, следчым усё распавёў… – занудным голасам прамовіў Корвус, нібыта паведамляў прагноз надвор’я.
– А-ха-а… Што ж з намі сталася… – раптам заблагаў Рыгор, яго твар пачаў тузацца. Пасля патрэбнай на супакой пацыента паўзы ўсе загаварылі зусім іншым тонам, пра нейкія жыццёвыя, прыемныя дробязі. Пачалі ўспамінаць школьныя гады, раскопкі, здабытыя чарапкі і наканечнікі стрэлаў… Ад удаванай весялосці зводзіла сківіцы, як ад няспелага агрэсту. Хворы атрымаў яшчэ лекаў і пачаў засынаць. Паспеў прамармытаць словы ўдзячнасці за тое, што сабраліся, наведалі…