Пульманолаг нарэшце ціха прамовіў:
– Усё, што магу параіць, – не чапайце Канкістадора. Яму нездарма такую мянушку далі. Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць. Зрэшты, тыя, што ГУЛАГ прайшлі, рэдка людзі адкрытыя дарэшты. І ўжо зусім не бесхрыбетныя. І самі ведаеце, хто да яго прыязджае лячыцца…
– Шарлатан! – сярдзіта выгукнуў Міценька, і ягоны твар чамусь нагадаў пыску вожыка. – Выйшаў на пенсію – сядзі… Не стварай другім цяжкасцей… Баюся я яго, – раптам жаласна прамовіў загадчык цэнтра.
Пульманолаг тупаў проста па дробных лужынах, што ўтварыліся на чорным, нядаўна пакладзеным асфальце, ягоныя разбітыя чаравікі відавочна не ведалі беражлівых адносін.
– А ўявіце, Дзмітрый Іванавіч, што вы ці хтось з вашых блізкіх цяжка захварэў. Хвароба невядомая, нічога не дапамагае. Да каго б з усіх знаёмых дактароў вы пабеглі? Толькі шчыра… Ці не да пенсіянера-маразматыка Корвуса?
Міценька сярдзіта фыркнуў, яшчэ больш нагадаўшы вожыка, і моўчкі прыспешыў хаду. Пульманолаг таксама змоўк, толькі вусны ніяк не маглі пераадолець усмешку.
Канкістадор, ён жа стары маразматык, ён жа доктар навук Люцыян Станіслававіч Корвус, былы намеснік загадчыка рэспубліканскага тубдыспансера, сядзеў за лабараторным сталом і задумліва круціў у пальцах падвялую разлапістую някідкую кветку. «Чырвоны дракон»… Ніякая не чароўная расліна, ніякая не панацэя… Але падштурхнула думкі ў патрэбным напрамку, дзякуй святой Маргарыце. Толькі… Не ўсякія веды можна аддаваць у агульнае карыстанне. А той, каму патрэбныя адказы, хай прыедзе ў Апошні Прытулак.
Раздзел адзінаццаты
Вірынея ў залюстроўі
Людзі спаконвек баяцца нязвыклага. Калі замест аднаго дзіцяці нараджаюцца два. Калі дзіця нараджаецца з зубамі. Нават калі хтось занадта доўга жыве. Ці не з дапамогай нячыстай сілы? Калі ў 1720 годзе на Валыні была маравая пошасць, мешчукі мястэчка Красілава, шукаючы вінаватага, успомнілі пра стодваццацігадовую Проську Каплунку. Усё вялікае сваяцтва доўгажыхаркі на чале з зяцем Хведарам Млынаром не дало рады… Няшчасную схапілі, закапалі па плечы ды спалілі. Ды яшчэ і зяця змусілі аддаць камень са свайго млына, каб наваліць на месца спалення «вядзьмаркі».
І вось чаму вінаватых звычайна шукаюць не сярод уладных падлюкаў, а пабліжэй ды паслабей? Каб учыніць свайму ж суседу «крышталёвую ноч» альбо «справу ўрачоў».
Я ехала на заднім сядзенні Мацеевага «Форда» ў настроі самым адчайным. Ва ўласную кватэру пабаялася зайсці. Тэлефон так і не ўключыла. Я не ведала, што са мной будзе, калі сустрэнуся з уваскрэслым мужам. Растану, як Снягурка, выскалюся, як Валькірыя, альбо пайду на другі заход «распавядзі мне ўсё-усё-усё, ды так, каб я паверыла».
Свет рассыпаўся на пікселі.
Я не ведаю, хто такі мой муж.
Я не ведаю, хто такая я.
Я не ведаю, куды і нашто еду. Чаму еду з Мацеем. Чаму зараз гляджу ў спіну былога аднакласніка, які кіруе сваё аўто па маршруце, пракладзеным чароўным трусам проста ў нару ў сюррэалістычны свет, а не звіваю гняздзечка з аднойдзеным Корвусам. Ці там ён Капытко?
Як ружу ні назаві, яна пахне ружай, казала непаўналетняя Джульетка падшыванцу Рамэа.
Праўда, наконт шкіпінару альбо дзягцярнага мыла тое ж спраўджваецца – як ні называй, смярдзіць.
– Там каля цябе тэрмас мусіць быць, з гарачай гарбатай, – усё яшчэ халаднавата прамовіў Мацей, углядаючыся ў чорны абрус асфальту, прашыты белымі ніткамі разметкі. – Канапкі ў зялёным пакеце. Шампанскага, прабач, у маёй фрэнд-зоне няма.
Я ледзь здушыла істэрычны смех.
– Што такое? – незадаволена папытаўся Салома з прыхаваным адценнем трывогі – ці не ўчыню зараз сапраўдную істэрыку.
– Ды так… – прамовіла я яму ў спіну. – Нядаўна мае калегі гісторыю распавядалі. Адзін мужык з нашай метроўскай адміністрацыі паехаў у Індыю. Яму параілі: лепей за ўсё везці з сабой наша шампанскае. Добра, ён узяў, ды яшчэ выпендрыўся – самае дарагое, «Князь Галіцын», ці як там, у белай бутэльцы. Прыязджае. Індусы праўда кідаюцца да ўсіх «руса турыста», выкупляюць «Савецкае шампанскае». А ў мужыка не бяруць. Не тое, кажуць. Ён не можа зразумець, у чым схібіў. А пасля сябар, які ў індусаў працаваў, завёз яго на фабрыку па апрацоўцы смарагдаў. І мужык пабачыў, што іх там робяць з зялёных бутэлек з-пад «Савецкага шампанскага». Толькі ў Савецкім Саюзе такія бутэлькі выпускалі, з тоўстым дном… І вось уяві сітуацыю: прыязджае наш турыст і набывае пярсцёнак з сапраўдным індыйскім смарагдам. І гэтая каштоўнасць робіцца сямейным скарбам і пераходзіць з рук у рукі… А гэта проста зялёнае шкельца ад бутэлькі «Савецкага шампанскага» вярнулася на радзіму…