Я гаварыла як мага больш весела, анекдот жа… Але Мацей не хмыкаў, не смяяўся… Маўчаў, трымаў стырно і кінуў толькі адно:
– Ну, я зразумеў тваю пакаяльную алюзію, п-пра шкельцы, якія пры належнай ап-працоўцы і геройскім флёры ідуць за каштоўнасці. Але ведаеш, Вірынея, калі б людзі кахалі толькі смарагды, чалавецтва вымерла б. Бо ў асноўным тут усе – аскалёп-пкі вялізнай раст-трушчанай бутэлькі. Не знаю толькі, з-пад чаго, але наўрад з-пад добрага шампанскага.
І зноў замоўк.
А мне і не было што запярэчыць. Ну, аказаўся Корвус не тым, за каго выдаваў. Шкельцам, а не каштоўным камянём. Калі маё каханне сапраўднае – гэта не перашкода… Буду далей кахаць спецназаўца ці хто ён там яшчэ… А Мацей – у фрэнд-зоне. Сябар. Верны. Ахвярны.
Што ж мне пагана так?..
Апошні Прытулак паўстаў перад намі высокім бетонным плотам са скруткамі калючага дроту наверсе. Зусім як у фанфіку. Прысада з гонкіх соснаў. Асфальт у трэшчынах. Жалезныя вароты. Шыльдачка «Уваход забаронены. Тэрыторыя ахоўваецца». Сабачы брэх з-за плота… Разбітая цэгла ў траве, старая, чырвоная, як чыесь парэшткі. Злосны сабачы брэх, ад якога адразу няўтульна. А гругання тут… Як на могілках.
Хаця, калі верыць аповеду Бруднага Ублюдка, там, за плотам, будуць і могілкі.
А я ж уяўляла, што тут руіны…
Мы з Мацеем стаялі перад варотамі, быццам у кампутарным квэсце. На што тут націснуць, што пакруціць, каб патрапіць унутр? Урэшце Саламярэцкі вырашыў проста і забарабаніў кулаком па жалезе. На суправаджэнне песні «Ліцвінтроляў» ягонага грукання не хапіла б, хіба што на адзін куплет. Метал агідна зарыпеў, і дзверы ад’ехалі па рэльсах убок. Таксама як у фанфіку.
У сваё Залюстроўе я ўвайшла адразу. Раздражняе, калі ў блакбастарах у такіх выпадках герой доўга марудзіць, слупянее перад уваходам у доўгашуканую скарбніцу, альбо партал у іншае вымярэнне, альбо школу магіі. Саспэнс з паднятай нагой нагнятае, разумееш. Пакуль злодзей не падцягнецца. Якога ўдасца перамагчы толькі ў апошнюю секунду і ўсё-ткі ўвайсці.
Два здаровыя белыя сабакі, хаця толькі што звягалі на ўвесь лес, не кідаліся і не гаўкалі, нібыта хтось аддаў ім загад, толькі насцярожана назіралі за прыхаднямі.
Так, мала што тут засталося ад былой сядзібы Корвус-Дзякловічаў. Мусіць, вунь той будынак з закладзенымі цэглай аркамі і другі, аблезла-белы, з вузкімі вокнамі-байніцамі. Прастаяць яшчэ не адно стагоддзе, як прастаялі ўжо. Магутныя сцены, высокія каменныя падмуркі… Гэта былі пракаветныя лясныя зубры, якія ляжалі на мокрай траве, насмешліва паглядаючы на недакормленых калгасных цялушак. Таму што карпусы, якія ўзводзіліся тут, мабыць, у сямідзясятых-васьмідзясятых і на той час выглядалі пэўна ж шыкоўна, сёння – вартыя жалю аблезлыя бетонныя каробкі. Плітка-кабанчык асыпалася, бетон патрэскаўся, там-сям агаліўся арматурны шкілет… На шэрых слупах аслеплыя ліхтары. У расколінах асфальту – трыпутнік. Пад нагамі хрумсціць шкло. Іржавыя ложкі зваленыя пад вакном, у якім заміж шыбы фанера.
Горад-прывід… Ні жывой душы, толькі вароны незадаволена крумкаюць ды два белыя сабакі ідуць побач, нібыта казачныя праважатыя да мясцовай ведзьмы. Але хтосьці ж нас сюды ўпусціў?
– Гэй, ёсць тут хто-небудзь? – гукнуў Мацей, калі мы параўняліся з галоўным корпусам, самым вялікім, бетонна-шкляным і аблезлым. За нашымі спінамі пад нечымі нагамі захрумсцеў друз… Я ажно падскочыла…
Па разбітым асфальце, праз які прарос палын, да мяне ішоў Люцыян Корвус.
Такі самы, якім быў у час, калі ўпершыню трапіў у Апошні Прытулак. Высокі, хударлявы, а плечы шырэй, чым я ўяўляла. Русявы чуб, светлыя, трохі запалыя вочы – і праўда, пранізлівыя, разумныя… Нос чамусь без прыкмет пералому…
І не пытайцеся, адкуль, але я дакладна ведала, што гэта менавіта той Люцыян Корвус. Доктар, на чыёй магіле мы нядаўна пабывалі. Не падобны чалавек, не нашчадак… Нягледзячы на тое, што апрануты ў пацёртыя джынсы і чорную байку з белым надпісам Level X. Больш за тое, я нібыта памятала, як моцна абдымаюць гэтыя рукі з прыгожымі доўгімі пальцамі, якімі пяшчотнымі могуць быць гэтыя тонкія вусны з цвёрдым прыкусам…
І гэта было так правільна, калі ён абняў мяне, прытуліў, знайшоў вуснамі вусны… А тады прашаптаў узрушанае:
– Вярнулася!
Мацей дзесьці побач разгублена-адчайна тузануўся, штосьці крыкнуў… Забрахалі сабакі… Я нічога не чула. Я глядзела ў светлыя вочы… Адчувала дотык рук… Цені маіх-не-маіх успамінаў праносіліся ў галаве, нібыта апошні танец балю, шалёны кацільён.